БЕЛ Ł РУС

Расійскі «Афрыканскі корпус» дапамог мясцовай хунце задушыць спробу вайсковага перавароту ў Нігеры

31.08.2026 / 21:43

Nashaniva.com

Армія Нігера пры падтрымцы расійскага «Афрыканскага корпуса» задушыла спробу вайсковага мяцяжу і вярнула кантроль над важнай авіябазай №101 у сталіцы краіны Ніямеі, паведамляе The Moscow News.

У ноч на 29 жніўня ў сталіцы некалькі гадзін чуліся стрэлы і выбухі каля міжнароднага аэрапорта. Каля сотні мяцежнікаў захапілі ў закладнікі вайскоўцаў на базе і адкрылі агонь па стратэгічных аб'ектах. На некалькі гадзін таксама спынілася дзяржаўнае тэлевізійнае і радыёвяшчанне.

Прэзідэнцкая гвардыя, якая падтрымлівае кіраўніка вайсковай хунты Абдурахмана Тыяні, пры дапамозе расійскага «Афрыканскага корпуса» здолела адбіць атаку і аднавіць кантроль над базай.

Паводле слоў трох крыніц Reuters, расійскія вайскоўцы адыгралі ключавую ролю ў аперацыі. Адна з крыніц сцвярджае, што яны выкарыстоўвалі ўдарныя беспілотнікі, у выніку чаго загінулі некалькі мяцежнікаў. Іншая паведаміла, што пасля ўдараў дронаў паўстанцы здаліся.

Расійскае МЗС пацвердзіла ўдзел сваіх вайскоўцаў у задушэнні мяцяжу і заявіла пра «салідарнасць з народам Нігера». Дапамогу ўраду краіны таксама аказаў Алжыр, які накіраваў чатыры знішчальнікі.

Спроба перавароту стала сур'ёзным выпрабаваннем для Тыяні, які сам прыйшоў да ўлады ў выніку вайсковага перавароту ў ліпені 2023 года. Пасля гэтага Нігер паступова адмовіўся ад вайсковага супрацоўніцтва з заходнімі краінамі і зрабіў стаўку на Расію. Французскія вайскоўцы пакінулі краіну ў канцы 2023 года, амерыканскія — восенню 2024-га, а ў 2025 годзе Нігер закрыў нямецкую вайсковую базу.

Цяпер на авіябазе №101 у Ніямеі размяшчаецца штаб расійскага «Афрыканскага корпуса», а таксама штаб аб'яднаных сіл Альянсу дзяржаў Сахеля, куды ўваходзяць Нігер, Малі і Буркіна-Фасо — усюды цяпер кіруюць прарасійскія хунты.

Нігер мае значныя запасы прыродных рэсурсаў: краіна ўваходзіць у лік найбуйнейшых вытворцаў урану ў свеце, а таксама экспартуе нафту і золата. У 2025 годзе мясцовыя ўлады нацыяналізавалі сумеснае з французскай кампаніяй Orano прадпрыемства SOMAÏR.

Чытайце таксама:

У сталіцы прарасійскага Нігера адбыліся ўзброеныя сутыкненні

Трамп можа пачаць ваенную аперацыю ў Малі, дзе знаходзіцца «Афрыканскі корпус» Пуціна

У Малі заявілі, што Расія ім здрадзіла. Падзеі развіваюцца па сірыйскім сцэнары

У афрыканскай дзяржаве Нігер знікла вялікая партыя ўрану. За гэтым могуць стаяць Іран ці Расія

Каментары да артыкула