Сталі вядомыя жахлівыя абставіны смерці былога вучонага сакратара Інстытута гісторыі. Яму было 45 гадоў
Як даведалася «Наша Ніва», суседзі пакінулі непрытомнага гісторыка Андрэя Салаўянава паміраць у ліфце, бо вырашылі, што той п‘яны.
Андрэй Салаўянаў. Скрыншот з СТБ, палепшаны з дапамогай штучнага інтэлекту
Учора каля 9 вечара Андрэй Салаўянаў — гісторык, вядучы навуковы супрацоўнік Акадэміі кіравання пры прэзідэнце і былы шматгадовы вучоны сакратар Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі — вяртаўся дамоў.
Ён жыў у Мінску ў доме 101А на вуліцы Адоеўскага, на 16 паверсе, падымаўся ў сваю кватэру на ліфце — і там яму стала дрэнна. На відэа з камер назірання бачна, як Андрэй упаў на падлогу. Выйсці на сваім паверсе мужчына не змог — так і застаўся ляжаць.
Той самы дом 101А на вуліцы Адоеўскага. Фота: kvartiranasutki.by
Іншыя жыхары дома выклікалі ліфт — але калі пабачылі ў ім суседа без прытомнасці, то замест дапамогі пачалі абурацца. Яны вырашылі, што мужчына моцна п'яны. Ехаць з ім разам не захацелі, таму вырашылі выклікаць іншы ліфт. А тэхнічна каб гэта зрабіць, неабходна было адправіць ліфт з Салаўянавым на іншы паверх. Таму яны проста націснулі выпадковую кнопку.
У гэты момант у пад'ездзе з'явілася жанчына з маленькім дзіцём. Яна пачула, як абураныя суседзі абмяркоўваюць «п'янага, які заснуў у ліфце». Маўляў, такім людзям дапамагаць — толькі атрымаць сабе праблемы, бо нецвярозы чалавек можа быць даволі агрэсіўным.
У выніку жанчына з дзіцём і яшчэ адной суседкай дачакаліся ліфта з чалавекам на падлозе і выклікалі хуткую дапамогу.
Калі прыехалі медыкі, Салаўянаў быў яшчэ жывы — калі яго дасталі з ліфта, мужчына быў фіялетавага колеру. Гісторыка спрабавалі рэанімаваць у пад'ездзе, але ён памёр. Імаверна, прычына была ў сардэчным прыступе. Як высветлілася, Андрэй быў цвярозым.
Вучонаму было ўсяго 45 гадоў. У 2003‑м ён скончыў гістарычны факультэт Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава, пасля вучыўся ў аспірантуры БДУ. Пасля яе заканчэння прыйшоў на працу ў Інстытут гісторыі НАНБ, з 2012 па 2022 гады быў вучоным сакратаром гэтай установы.
У 2022 годзе перайшоў на працу ў Акадэмію кіравання пры прэзідэнце, рэктарам якой тады быў былы дырэктар Інстытута гісторыі НАНБ Вячаслаў Даніловіч. Займаў там пасаду спачатку старшага, а пасля вядучага навуковага супрацоўніка Навукова-даследчага інстытута тэорыі і практыкі дзяржаўнага кіравання.