БЕЛ Ł РУС

У Беларусі пачалі шыць зімовую вопратку для цялят

8.09.2026 / 17:58

Nashaniva.com

На Антопальскай ватна-прадзільнай фабрыцы ў Драгічынскім раёне пачалі выпускаць уцепленыя зімовыя папоны для цялят. Ідэя з'явілася пасля мінулай зімы, калі моцныя маразы прымусілі гаспадаркі шукаць дадатковыя спосабы абараніць маладняк ад пераахаладжэння, піша БелТА.

Фота: БелТА

Для папон выкарыстоўваюць беларускія матэрыялы ўласнай вытворчасці. Таўшчыню ўцяпляльніка падбіраюць у залежнасці ад тэмпературы: для ўмоў да —5 градусаў падыходзіць больш тонкі пласт, а для моцных маразоў вырабляюць больш цёплыя варыянты. У якасці ўцяпляльніка выкарыстоўваюць іголкапрабіўны матэрыял або сінтэпон рознай таўшчыні.

Верхні пласт робяць з воданепранікальнай тканіны, якая абараняе жывёліну ад вільгаці, а ўнутраны — з баваўнянага матэрыялу. Важна, каб папона была мяккай і не раздражняла скуру цяляці. Матэрыялы, якія могуць ствараць «парніковы эфект», выклікаць перагрэў і моцнае потааддзяленне, выкарыстоўваць не будуць. Для зручнасці папоны маюць зашчэпкі-фіксатары і рэгуляваныя рамяні.

Асабліва патрэбная такая абарона нованароджаным цялятам. У першы месяц жыцця іх сістэма тэрмарэгуляцыі яшчэ недастаткова развітая, таму яны хутчэй пераахалоджваюцца або пераграваюцца. Уцепленая папона дапамагае паменшыць страты энергіі на падтрыманне тэмпературы цела і захаваць больш рэсурсаў для росту.

Адначасова ў Брэсцкай вобласці рыхтуюцца да новага халоднага сезона і паляпшаюць умовы ўтрымання маладняку. У 2026 годзе тут плануюць пабудаваць 36 і рэканструяваць яшчэ 17 прафілакторыяў для цялят. Мяркуецца, што да 2027 года ўсё пагалоўе цялят у рэгіёне будзе ўтрымлівацца ў сучасных умовах.

Чытайце таксама:

Беларускія зубры, якіх узімку прывезлі ў Башкартастан, за тыдзень абраслі доўгай поўсцю

Дэпутаты выпадкова злілі дакумент пра катастрафічны падзеж жывёлы ў сельскіх гаспадарках

«Ужо ў СІЗА». За жахлівы падзеж цялят на Гомельшчыне арыштавалі кіраўніка гаспадаркі

Гінулі ад паводкі, але выратаваліся пераездам. Як цяпер жывецца ў Беларусі турападобным быкам

Каментары да артыкула