Гінулі ад паводкі, але выратаваліся пераездам. Як цяпер жывецца ў Беларусі турападобным быкам
Вясной 2023 года падчас разводдзя на Палессі пад пагрозай апынуліся турападобныя быкі, якіх вада адрэзала ад вялікай зямлі. Жывёл збіраліся перавезці ў больш бяспечнае месца. Падобна на тое, што для іх знайшлі самую адпаведную лакацыю, піша Tochka.by.

Тры гады таму трывогу забіў жыхар вёскі Пагост Жыткавіцкага раёна, які наткнуўся на тушы дзікіх быкоў. Высветлілася, што з-за разводдзя жывёлы апынуліся на маленькіх астраўках і не маглі дабрацца да пойменных лугоў. Яны паміралі ад голаду або танулі ў спробах пераадолець водную перашкоду. Пад пагрозай у першую чаргу апынуліся цяляты.
Журналісты Tochka.by тады дазваніліся да мясцовых улад. Тыя расказалі пра планы даставіць жывёл на тэрыторыю, якая менш падтопліваецца вясной. І, трэба адзначыць, абяцанне выканалі. Турападобных быкоў перавезлі ў заказнік «Спораўскі».
Чытач Tochka.by, які любіць падарожнічаць па прыродных мясцінах Беларусі, праз тры гады пераканаўся ў гэтым асабіста і падзяліўся цікавымі падрабязнасцямі з жыцця жывёл.
Як турападобныя быкі дапамагаюць прыродзе
Сваякі тураў з'явіліся на Палессі ў сакавіку 2020 года ў межах міжнароднага праекта ПРААН/ГЭФ «Ветландс» для аднаўлення біяразнастайнасці пойменных лугоў Прыпяці. З латвійскага Нацыянальнага парку «Кемеры» тады перавезлі 15 асобін турападобнай жывёлы. На новым месцы іх колькасць вырасла, але небывалая паводка 2023 года прымусіла шукаць звярам новы дом.

Як цяпер расказалі суразмоўцу Tochka.by, быкі сапраўды былі знясіленыя разводдзем: у «Спораўскі» яны прыехалі добра такі схуднелымі. Цяпер жа ў іх распараджэнні шмат расліннасці. А зімой для жывёл падвозяць сена.
«Кажуць, што мясцовага трактарыста яны выдатна ведаюць, выходзяць на гук яго тэхнікі, разумеючы, што прывезлі ласункі. Пры гэтым з наведвальнікамі, якіх водзяць на экскурсіі работнікі заказніка, быкі «камунікаваць» не любяць», — дзеліцца ўнікальнымі дэталямі падарожнік.
На яго думку, быкам тут самае месца. Акрамя непасрэдна размнажэння, яны вырашаюць важныя прыродныя задачы. Напрыклад, ядуць нязручную высокую траву ў месцах гнездавання птушак і фармуюць мазаічнасць тэрыторыі, прыцягваючы іншыя віды фаўны.
Заказнік «Спораўскі» першым у краіне атрымаў міжнародныя статусы аховы Рамсарскага ўгоддзя (прызнанне высокай экалагічнай каштоўнасці водна-балотных угоддзяў) і IBA (Important Bird and Biodiversity Areas, тэрыторыя, важная для птушак). Мала хто ведае, што ў Беларусі гняздуецца больш за палову ўсёй папуляцыі вяртлявых чаротавак. Прыбалотныя землі, якія зарастаюць, перашкаджаюць іх размнажэнню і прыводзяць да зніжэння колькасці.

Мясцовыя гаспадаркі як могуць ратуюць сітуацыю: там, куды можа дабрацца чалавек, ладзяць конкурсы па ручным кашэнні. Але гэтага мала. Якраз у цяжкадаступных месцах функцыю прыродных газонакасілак выконваюць быкі.
У «Спораўскі» перавезлі не толькі быкоў
Турападобных быкоў прывезлі ў «Спораўскі» прыкладна ў адзін час з тарпанападобнымі коньмі (іх — з заказніка «Налібоцкі»). Перыяд каранціну жывёлы даволі дружна правялі ў адным вальеры.

Цяпер яны разышліся па мясцовых лясах і лугах. І разам «косяць» траву ў непраходных месцах. Навасёлы ўпісаліся ў харчовы ланцужок па «законе джунгляў». Маладняк не застрахаваны ад нападу драпежнікаў. Так, работнікі запаведніка па парэштках даведаліся, што адно цяля з'елі ваўкі — відаць, яно засталося без увагі дарослых. Але гэта, як заўважае суразмоўца, частка таго самага дзікага жыцця і натуральнага асяроддзя пасялення.
Яшчэ відаць, што некаторыя быкі атрымліваюць сур'ёзныя траўмы ў баях з суродзічамі — за права лічыцца важаком або гаспадаром пэўнай тэрыторыі.
Па ацэнках супрацоўнікаў заказніка, зараз быкоў каля 30. Дакладную лічбу па зразумелых прычынах назваць складана. Але, мяркуючы па ўсім, статак павялічыўся як мінімум удвая з моманту перавозкі з Латвіі. Больш за тое, апошнім часам работнікі рэдка заўважаюць самак і мяркуюць, што «дамы» пайшлі нараджаць у зацішныя месцы. А значыць, перспектыва развіцця тутэйшага прыроднага асяроддзя ўзмацняецца.
Тураўскіх быкоў зноў пераселяць. Палескі серыял, здаецца, скончаны
«Ніколі не бачыў іх такімі худымі». Рэдкіх быкоў з адрэзаных паводкай астраўкоў пад Туравам так пакуль і не вывезлі
З-за паводкі пад Туравам гінуць турападобныя быкі, завезеныя з-за мяжы
У Беларусі можа з'явіцца турападобная карова. Хто гэта? ФОТА
Каментары