БЕЛ Ł РУС

Жонка прапагандыста Тура тэрмінова шукае рэпетытара па матэматыцы для дачкі

11.09.2026 / 10:41

Арына Жураўская

Зусім нядаўна міністр адукацыі Андрэй Іванец рэзка раскрытыкаваў бацькоў, якія наймаюць рэпетытараў, асабліва ў пачатковай школе.

Прапагандыст Ігар Тур з жонкай Ксеніяй. Фота з яе інстаграма

Учора Ксенія Тур, жонка прапагандыста Ігара Тура, распавяла ў інстаграме, што рабіла з дачкой урокі да позняй ночы. Дзяўчынка вучыцца ў 4 класе ў школе ў Астрашыцкім Гарадку. Сярод яе аднакласнікаў і сын прыдворнага кампазітара Яўгена Алейніка.

Яшчэ з рускай мовай Ксенія змагла дапамагчы — хоць і пакутавала ад некаторых склонаў. А вось, здаецца, матэматыцы не здолела даць рады. 

Таму цяпер тэрмінова шукае рэпетытара. Пра гэта Ксенія паведаміла ў сторыс: «Сітуацыя… Шукаем рэпетытара па матэматыцы ў анлайн-фармаце! Бацькі адэкватныя, дачка яшчэ лепей». І дадала пазнаку SOS.

Нядаўна міністр адукацыі Андрэй Іванец раскрытыкаваў рэпетытараў — маўляў, тыя зусім не патрэбныя беларускім школьнікам. А калі бацькі наймаюць рэпетытара, значыць, хочуць адкупіцца ад дзіцяці, заявіў ён.

Асабліва дасталася бацькам малодшакласнікаў: «Я ўпэўнены: наша сучасная школьная праграма настолькі простая, што, у прынцыпе, любы бацька павінен сесці, успомніць і здолець растлумачыць свайму дзіцяці. Калі тата ці мама не ў стане рашыць задачу па матэматыцы чацвёртага класа, значыць, у бацькоў нешта пайшло не так». 

Чытайце таксама:

Міністр адукацыі: Рэпетытараў не ўспрымаю ад слова «зусім»

Прапагандыст Ігар Тур вырашыў перасяліцца бліжэй да Астрашыцкага Гарадка

Дырэктара студыі, якая ўстанаўлівала Ігару Туру кухню за 23 тысячы рублёў, арыштавалі за махлярства

Каментары да артыкула