Мерц заявіў пра вырашальныя тыдні і месяцы ў супрацьстаянні з Расіяй
Федэральны канцлер Германіі Фрыдрых Мерц заявіў, што Берлін будзе рабіць усё магчымае для працягу падтрымкі Украіны ў вайне супраць расійскага ўварвання. Ён таксама папярэдзіў пра вельмі сур’ёзныя наступствы для Еўропы ў выпадку перамогі Расіі. Пра гэта палітык сказаў 14 верасня на Еўрапейскім арктычным саміце ў Фінляндыі.
Фрыдрых Мерц. Фота: AP Photo/Matthias Schrader
Па словах нямецкага канцлера, Еўропа цяпер перажывае адзін з ключавых этапаў вайны. Ён падкрэсліў, што не хоча пакідаць ніякіх сумненняў у тым, што нямецкі ўрад мае намер і надалей падтрымліваць Украіну.
«Я не хачу пакідаць ніякіх сумненняў у тым, што мой урад робіць усё магчымае, каб падтрымаць Украіну ў барацьбе супраць гэтай агрэсіі. Я зраблю ўсё магчымае, каб захаваць нашу падтрымку і пераканаць людзей, што гэта адпавядае нашым інтарэсам», — заявіў Мерц.
Ён дадаў, што, верагодна, цяпер наступаюць вырашальныя моманты, тыдні або месяцы ў справе абароны свабоды і міру ў Еўропе.
Пры гэтым канцлер прызнаў, што ў Германіі і іншых краінах Еўрасаюза працягваюцца спрэчкі наконт далейшай падтрымкі Украіны. У часткі насельніцтва існуюць сумневы адносна такой палітыкі. Аднак, паводле Мерца, падчас кожнага абмеркавання еўрапейскія краіны зноў прыходзяць да высновы, што ім неабходна дзейнічаць разам дзеля завяршэння вайны.
«Мы гэта абмяркоўваем. Мы зноў і зноў прыходзім да адных і тых жа высноў: цяпер мы павінны трымацца, пакуль гэтая жахлівая вайна не скончыцца. Калі Расія дасягне поспеху, гэта будзе мець непрадказальныя і беспрэцэдэнтныя наступствы для ўсіх нас, у тым ліку для Германіі. І менавіта таму я цвёрда і выразна стаю на сваёй пазіцыі і не жадаю адступаць ні на сантыметр. Цяпер наш гістарычны абавязак — зрабіць усё магчымае, каб дапамагчы гэтай краіне захаваць мір і свабоду ў Еўропе», — сказаў нямецкі канцлер.
Чытайце таксама:
Дональд Трамп заявіў, што Расія і Украіна пагадзіліся на энергетычнае перамір’е
Трамп заявіў пра далучанасць дырэктара ЦРУ да вырашэння канфлікту ва Украіне
Дональд Туск дапускае прамыя расійскія ўдары па тэрыторыі Польшчы ў найбліжэйшы час