Сям’я Сахашчыкаў рэарганізуе свой бізнэс у Польшчы
Частку кампаній і актываў яны перадалі сямейнаму фонду. Што гэта за форма ўласнасці і што яна дае, патлумачыў у сваім канале журналіст Вадзім Сяховіч.
Валерый Сахашчык. Фота: Наша Ніва
Будаўнічы бізнэс Сахашчыкаў працуе ў Польшчы і Германіі. Адна з яго асноўных кампаній Sahaty выступае падрадчыкам і генпадрадчыкам. Дэвелаперскім кірункам займаецца CUD Development, якая будуе ўласныя жылыя комплексы. Цяпер у яе партфелі два праекты: Osiedle Racławicka ў Мшчонаве і Zakątek Chmielna ў Жырардаве.
У ліпені ў гэтым бізнэсе пачаліся прыкметныя змены. Як піша Вадзім Сяховіч, Сахашчыкі зарэгістравалі дзве новыя кампаніі — CUD Budownictwo і CH. Першая таксама будзе займацца падраднымі працамі і разам з Sahaty і CUD Development увайшла ў Grupa CUD. Паводле самой групы, цяпер у ёй каля 300 супрацоўнікаў.
Адначасова змянілася і структура ўласнасці. Мажарытарным уладальнікам новай CUD Budownictwo стаў сямейны фонд (Fundacja rodzinna) Fundacja S. На яго ж перааформілі CUD Development, якая раней у роўных долях належала Валеру і Алегу Сахашчыкам.
Навошта Сахашчыкам сямейны фонд
Fundacja rodzinna з'явілася ў польскім заканадаўстве ў 2023 годзе. Яе галоўнае прызначэнне заключаецца ў стварэнні магчымасці захаваць сямейны бізнэс пры пераходзе ад аднаго пакалення да наступнага. Заснавальнік загадзя вызначае правілы кіравання маёмасцю і выплат членам сям'і, што дазваляе блізкім атрымліваць даход без абавязковага ўдзелу ў кіраванні кампаніяй.
Эксперты Анатоль і Лідзія Ражковы з ALG Legal тлумачаць і іншыя перавагі гэтай формы бізнэсу.
Калі дывідэнды атрымлівае непасрэдна фізічная асоба, пасля падатку на прыбытак кампаніі ўзнікае яшчэ і падатак пры выплаце грошай уласніку. Сямейны фонд дазваляе адкласці гэты другі этап і атрыманыя ім сродкі пакідаць унутры структуры і рэінвеставаць.
Напрыклад, фонд можа ўкладваць іх у нерухомасць, каштоўныя паперы або долі іншых кампаній. Падатак на ўзроўні фонду ўзнікае пры выплаце сродкаў бенефіцыярам. Для заснавальніка і яго найбліжэйшых сваякоў пры гэтым дзейнічаюць асобныя льготы.
Яшчэ адна асаблівасць заключаецца ў тым, што перададзеная фонду маёмасць больш не ёсць асабістай маёмасцю яго заснавальніка. Гэта ў пэўнай ступені абараняе яе ад асабістых крэдытораў. Але, як падкрэсліваюць эксперты, абарона не абсалютная. Фонд можа адказваць па некаторых абавязацельствах, якія ўзніклі да яго стварэння, а таксама па выплаце аліментаў.
Па словах экспертаў, хоць змены ў структуры кампаній сталі бачныя гэтым летам, рыхтаваць стварэнне сямейнага фонду Сахашчыкі мусілі значна раней. У Польшчы такія фонды рэгіструе толькі адзін Акруговы суд. Праз вялікую колькасць заявак працэс займае каля 12—14 месяцаў. Таму цяперашнія змены, хутчэй за ўсё, вынік рэарганізацыі, распачатай яшчэ летась.
Чытайце таксама:
Сахашчык купіў даччыную кампанію вялікага расійскага анлайн-рытэйлера ў Бельгіі
Як ідзе бізнэс у Валерыя Сахашчыка ў Польшчы
У Польшчы скарацілася колькасць кампаній з беларускімі каранямі