БЕЛ Ł РУС

Натоўп школьнікаў сабраўся пад крамай Mark Formelle — брэнд выпусціў лімітаваную калекцыю з шалёна папулярным спеваком з Баранавічаў

19.09.2026 / 20:23

Ганна Стафановіч

На сустрэчу з рэперам Nkeeei у Першы нацыянальны гандлёвы дом прыбегла неймаверная колькасць школьнікаў. 

Nkeeei. Тут і далей скрыншоты інстаграма Mark Formelle

Раней Mark Formelle часта крытыкавалі за тое, што беларускі брэнд робіць свае лімітаваныя калекцыі разам з расійскімі зоркамі. Так, летась кампанія выпусціла калабарацыю са спявачкай Вольгай Бузавай. А ў 2023 годзе — з экс-гімнасткай і вядучай Ляйсан Уцяшавай. 

Гэтым жа разам Mark Formelle выбраў для сумеснага праекта рэпера Nkeeei. Сапраўднае імя артыста Мікіта Карабыка, сам ён з Баранавічаў. Вучыўся на праграміста, але ў выніку абраў творчасць.

І, як ужо бачна, не памыліўся — бо стаў вельмі папулярным як у Беларусі, так і ў Расіі. Самая вядомая песня — «Гламур». Сёлета Nkeeei стаў адным з настаўнікаў на дзіцячым «Фактар.бай». 

Посмотреть публикацию в Threads

Mark Formelle жа кажа, што малады спявак натхніў брэнд на стварэнне смелай і яркай капсулы, якая вяртае дзёрзкасць і характар ​​на вуліцы горада: «У калекцыі спалучыліся гламур, вайб нулявых і ўнікальны стыль самога Nkeeei. Леапард, стразы, якія крычаць, надпісы — кожная дэталь адлюстроўвае настрой і характар. Гэтае адзенне для тых, хто звык быць у цэнтры ўвагі, не шукае кампрамісаў і не баіцца быць заўважаным».

Сам жа артыст расказвае, што яго адзенне не для таго, каб кагосьці ўразіць, а каб адчуваць сябе свабодным. 

Дызайнеры тым часам прапаноўваюць надзяваць піжамныя штаны з леапардавым прынтам, калі ідзеш па ранішнюю каву. Кажуць, стыльна і камфортна. 

Сёння брэнд праводзіў сустрэчу з Nkeeei ля сваёй крамы ў Першым нацыянальным гандлёвым доме. І хоць мэтавай аўдыторыяй калекцыі кампанія бачыла тых, хто нарадзіўся напачатку нулявых, на мерапрыемства прыйшло шмат школьнікаў. Памер чаргі на аўтограф-сесію ўражвае.

Бацькі тым часам абураюцца, што ў гандлёвым цэнтры не змаглі нармальна арганізаваць чаргу.

Арганізатары апраўдваліся тым, што ніхто не чакаў такой колькасці ўдзельнікаў: «Лол. Артыст збірае тысячы людзей на канцэртах за грошы і з абмежаваннем 16+. А БЯСПЛАТНА, канешне, прыйдзе шмат людзей (ДЗЯЦЕЙ). Чаму нельга было перастрахавацца, прыдумаць нешта на такія выпадкі? Была жудасная цісканіна (таму што штурхалі супрацоўнікі)!».

Чытайце таксама:

Mark Formelle выпусціў калекцыю з культавымі будынкамі Беларусі

Беларуска набыла дзіцяці джынсы Mark Formelle — а ў кішэні знайшла загадкавую запіску з кітайскімі іерогліфамі

Панчохі разладу: Mark Formelle зноў апынуўся ў цэнтры скандалу. Што на гэты раз здарылася?

Каментары да артыкула