БЕЛ Ł РУС

Невядомую публіцы карціну Манэ ўпершыню выставяць на аўкцыён. Чакаецца рэкордная цана

19.09.2026 / 22:05

Nashaniva.com

Карціну французскага мастака Клода Манэ «Ірысы» плануюць прадаць на аўкцыёне Sotheby’s у Францыі 22 кастрычніка. Яе папярэдне ацэньваюць на 22—30 мільёнаў еўра, піша Bloomberg.

Фота: sothebys.com

Манэ напісаў гэтую работу ў 1924—1925 гадах у сваім доме ў Жыверні пад Парыжам. Там жа ён стварыў знакамітую серыю карцін «Вадзяныя лілеі». «Ірысы» лічацца адным з шэдэўраў позняга перыяду творчасці мастака.

У Sotheby’s адзначылі, што карціна ніколі раней не выстаўлялася на публіцы. Яе ўладальніца Жанна Шлюмбержэ адмаўлялася перадаваць твор для выстаў і захоўвала яго ў сваёй прыватнай парыжскай рэзідэнцыі.

Дзякуючы гэтаму карціна захавалася ў выдатным стане. На палатне няма лаку, а рэстаўрацыю ніколі не праводзілі, што з'яўляецца рэдкасцю для твора такога ўзроўню.

Кошт продажу можа дасягнуць 30 мільёнаў еўра і стаць рэкордным для Францыі. Дагэтуль самая дарагая карціна Манэ з серыі «Ірысы» была прададзеная на лонданскім аўкцыёне ў 2015 годзе прыкладна за 13 мільёнаў еўра.

Агульны рэкорд цаны карціны Манэ складае каля 96 мільёнаў еўра. Менавіта за такую суму ў 2019 годзе на аўкцыёне Sotheby’s у Нью-Ёрку прадалі ягоную працу «Стагі сена».

Чытайце таксама:

Мінскі гадзіннікавы завод прадставіў новую калекцыю ў стылі Клода Манэ

Манэ і не снілася. У дэндрасадзе каля Нарачы можна пабачыць сажалку з гарлачыкамі і больш за 500 раслін

У Нацыянальным мастацкім музеі закрываюць выставу Шагала

У Францыі зноў абвастрылася спрэчка вакол карціны Марка Шагала пад столлю Парыжскай оперы

Каментары да артыкула