Пачасціліся залёты ў Беларусь расійскіх ударных дронаў
На працягу 21 верасня былі зафіксаваныя шматлікія выпадкі лакальнага парушэння паветранай прасторы Беларусі расійскімі ўдарнымі беспілотнікамі падчас атакі тэрыторыі Украіны, піша выданне «Флагшток».
Здымак ілюстрацыйны. Фота: Anton Petrus / Getty Images
Паводле даных украінскага маніторынгавага канала «еРадар», раніцай каля 9:00 адразу чатыры беспілотнікі прайшлі звыклым маршрутам, скараціўшы шлях праз выступ Брагінскага раёна падчас палёту праз Чарнобыльскую зону адчужэння.
Прыкладна ў 9:30 яшчэ два дроны былі заўважаныя на тэрыторыі Беларусі ў Чарнобыльскай зоне. Мяркуецца, што яны працягнулі рух углыб Беларусі. Ужо каля 9:55 іх зафіксавалі ў раёне Ельска і Хойнікаў.
Каля 12:10 адзін з гэтых беспілотнікаў вылецеў з Беларусі ва Украіну ў напрамку Оўруча. Другі пасля гэтага больш не фіксаваўся. Прыкладна ў гэты ж час у гэтым раёне Гомельскай вобласці назіраўся пралёт вайсковай авіяцыі.
Увечары, каля 19:55, яшчэ адзін расійскі беспілотнік рухаўся па тэрыторыі Беларусі ўздоўж мяжы з Жытомірскай вобласцю, пасля чаго таксама вылецеў ва Украіну.
Прыклад аператыўнай схемы канала «еРадар»
Такім чынам, на працягу сутак 21 верасня ў Гомельскай вобласці было зафіксавана як мінімум сем залётаў расійскіх ударных дронаў. Раней, 12—13 верасня, было зафіксавана не менш за дзесяць выпадкаў парушэння паветранай прасторы Беларусі беспілотнікамі.
Інфаграфіка «Флагштока»
Такім чынам, пасля некалькіх месяцаў адноснага зацішша, калі фіксаваліся толькі адзінкавыя выпадкі, колькасць залётаў расійскіх беспілотнікаў зноў павялічылася.
Адзначаецца, што гаворка ідзе не пра рэактыўныя беспілотнікі, а пра дроны тыпу «Шахед» і «Герань».
Чытайце таксама:
Упершыню за год зафіксаваныя масавыя залёты расійскіх дронаў на Гомельшчыну
Спікер МЗС Украіны — пра рэтранслятары на тэрыторыі Беларусі і каліноўцаў у расійскім палоне
На тэрыторыі Беларусі выявілі чатыры рэтранслятары для расійскіх дронаў
Ва Украіне звязалі расійскія атакі на свае заходнія вобласці з рэтранслятарамі на тэрыторыі Беларусі