БЕЛ Ł РУС

У Пакістане ў выніку тэракту загінулі больш за 10 чалавек

26.09.2026 / 16:55

Nashaniva.com

У пакістанскім горадзе Дэра-Ісмаіл-Хан у выніку магутнага выбуху загінулі 11 чалавек, яшчэ 30 атрымалі раненні, паведамляе Reuters.

Фота: AP Photo/Kashif Naveed

Пацярпелых даставілі ў бальніцы, дзе ім аказваюць медыцынскую дапамогу. Прычына выбуху і іншыя падрабязнасці здарэння пакуль не паведамляюцца.

Адказнасць за напад узяла на сябе ісламісцкая групоўка «Тэхрык-е Талібан Пакістан», таксама вядомая як «Пакістанскі Талібан».

Дэра-Ісмаіл-Хан знаходзіцца на паўночным захадзе Пакістана, у правінцыі Хайбер-Пахтунхва, прыкладна за 350 кіламетраў на паўднёвы захад ад Ісламабада. За апошнія гады ў гэтым горадзе адбылося некалькі выбухаў.

У студзені 2026 года тэрарыст-смяротнік узарваў сябе на вяселлі ў доме кіраўніка мясцовага камітэта міру Нура Алама Махсуда. Тады загінулі як мінімум сем чалавек, яшчэ 25 былі параненыя. Незадоўга да гэтага пры падрыве паліцэйскай машыны ў горадзе загінулі трое паліцэйскіх. У лістападзе 2023 года бомба, закладзеная ў матацыкл, выбухнула каля паліцэйскага патруля на аўтобусным прыпынку, забіўшы пяць чалавек.

Цяперашні выбух адбыўся на фоне абвастрэння адносін паміж Пакістанам і Афганістанам. 23 верасня пакістанскія ўлады заявілі, што супрацьпаветраная абарона збіла восем беспілотнікаў, якія заляцелі ў краіну з афганскай тэрыторыі.

На наступны дзень міністр інфармацыі Пакістана Атаула Тарар паведаміў пра ўдары па дзесяці аб'ектах у Афганістане. Паводле яго слоў, на гэтых аб'ектах запускалі і захоўвалі беспілотнікі. Тарар абвінаваціў у эскалацыі ўрад талібаў і заявіў, што Ісламабад дасць «неадкладны і рашучы адказ» на любое парушэнне суверэнітэту Пакістана. Пры гэтым міністр падкрэсліў, што Пакістан не імкнецца да далейшай эскалацыі.

Чытайце таксама:

У Пакістане смяротнік узарваў бомбу. Загінулі мінімум 17 чалавек

Падчас тэракту на вайсковым посце ў Пакістане загінулі не менш за 15 чалавек

Пакістан нанёс авіяўдары па тэрыторыі Афганістана

Свет на вайне. Летась зафіксавалі рэкордную колькасць канфліктаў з часоў Другой сусветнай

Каментары да артыкула