Свет на вайне. Летась зафіксавалі рэкордную колькасць канфліктаў з часоў Другой сусветнай
Штогадовы агляд узброеных сутыкненняў ад нарвежскага Інстытута даследаванняў праблем міру (PRIO) прыходзіць да высновы, што ў 2025 годзе колькасць канфліктаў дзяржаўнага ўзроўню паднялася на самы высокі ўзровень з 1946 года. Па сукупнай колькасці загінулых мінулы год саступае толькі 1994 году, калі ў разгары быў генацыд у Руандзе, і 2021 году — на піку грамадзянскай вайны ў Эфіопіі. Вайна ва Украіне застаецца зараз самым смертаносным канфліктам, піша Бі-бі-сі.

У дакладзе «Тэндэнцыі канфлікту» пералічваюцца 65 узброеных сутыкненняў, у якія сёння ўцягнутая хаця б адна дзяржава. Сярод іх — восем міждзяржаўных канфліктаў.
Такімі, акрамя расійскага ўварвання ва Украіну, даследчыкі называюць памежныя сутыкненні паміж Індыяй і Пакістанам, Пакістанам і Афганістанам, Камбоджай і Тайландам, а таксама ізраільскія авіяналёты на Сірыю.
Бягучы ваенны канфлікт вакол Ірана застаўся за рамкамі даследавання тэндэнцый 2025-га, хоць бамбардзіроўкі Лівана Ізраілем згаданыя.
«На жаль, пазітыву няшмат, — заявіла складальніца агляду Сіры Аас Рустад, якую цытуе агенцтва AFP. — Звычайна мне ўдаецца выціснуць з даных хоць нешта пазітыўнае, але сёлета лічбы проста шакуюць».
Колькасць тых, чыя смерць напрамую звязана з ваенным ці палітычным гвалтам, даклад ацэньвае ў 245 тысяч. Загінулыя вайскоўцы — як, напрыклад, расійскія салдаты на перадавой ва Украіне — займаюць у гэтай статыстыцы большае месца, але больш за 25% ад сукупнай колькасці загінулых — 76 з паловай тысяч — гэта ахвяры сярод цывільнага насельніцтва. Рост у гэтай катэгорыі ў параўнанні з 2024 годам пяціразовы.
Даследчыкі тлумачаць рэзкі скачок у гэтай змрочнай статыстыцы сутыкненнямі паміж арміяй і паўстанцамі ў Судане — аблога горада Эль-Фашэр, забойствы і гібель ад знясілення прывялі там у мінулым годзе да смерці каля 60 тысяч чалавек.
«Апошнія пяць ці шэсць гадоў паралельна ідуць некалькі буйных канфліктаў, альбо калі заканчваецца адзін, тут жа пачынаецца іншы. Ніякай перадышкі свету не даюць, — кажа Рустад. — У гэтым сітуацыя адрозніваецца ад папярэдніх гадоў — інтэнсіўнасць канфліктаў па ўсім свеце высокая і пастаянная».
У сваіх аглядах нарвежскі інстытут вылучае тры асноўныя тыпы канфліктаў: з удзелам па меншай меры адной дзяржавы, недзяржаўныя канфлікты і сітуацыі, калі гвалт супраць цывільнага насельніцтва носіць аднабаковы характар.
У тым, што тычыцца сітуацый першага тыпу, лідзіруе Афрыка з 29 канфліктамі, далей ідуць Азія і Блізкі Усход. У Еўропе такі канфлікт усяго адзін, але такога маштабу, якога кантынент не бачыў за ўвесь час пасля Другой сусветнай вайны.
Усяго канфліктаў, якія можна вызначыць словам «вайна», нарвежцы налічылі ў мінулым годзе 13. Пасля адносна спакойных нулявых і пяцігодкі 2017—2022 гадоў колькасць войнаў таксама расце.
Рустад падкрэслівае, што адной з самых ваяўнічых дзяржаў з'яўляецца Ізраіль, уцягнуты ў пяць канфліктаў рознага тыпу: у сектары Газа, у Сірыі, Ліване, супраць Ірана і хусітаў у Емене. У Азіі такое «лідарства» — у М'янмы (Бірмы). У чатыры канфлікты адразу ўцягнутыя Сірыя, Пакістан і Індыя.
Складальніца даклада згадала таксама ЗША, сказаўшы, што вяртанне Дональда Трампа на прэзідэнцкую пасаду прынесла «не толькі напады і павышаны ўзровень гвалту, але і ўзвядзенне гандлёвых бар'ераў».
«Пра супрацоўніцтва пакуль можна забыцца. Рада бяспекі ААН пакуль што не працуе, і свет становіцца ўсё больш палярызаваным», — сказала яна.
Цяпер чытаюць
«Спасибо, Лена! Продолжайте вести наблюдение». Афіцэр, які пісаў Харысавай, пасвіўся ў чатах палітэміграцыі, а некаторым дзяўчатам нават прапаноўваў абмяняцца нюдсамі
Каментары