«Ведаеце, Лукашэнка не прэзідэнт». Яны так усміхнуліся, кіўнулі». Дэпартаваны з Грузіі Леў Міхееў расказаў, як з ім абыходзіліся ў Арменіі
Беларуса Льва Міхеева, які 5 гадоў да таго жыў у Грузіі, 25 верасня мясцовыя ўлады затрымалі і выслалі ў Арменію. На армянскай мяжы яго таксама затрымалі праз міждзяржаўны вышук па запыце беларускіх уладаў, але ўжо на другі дзень вызвалілі. Пасля выхаду з армянскай паліцыі (гэта адбылося пасля абеду 26 верасня) Леў расказаў выданню «Позірк», як гэта адбывалася.
Леў Міхееў каля будынка парламента Грузіі. Фота з асабістага архіва
— Калі вас затрымалі паўторна?
— Бліжэй да 11‑й вечара ( 10‑й па мінскім часе. — «Позірк»). Мы там дастаткова доўга рабілі вопіс рэчаў, бумаг. А ў мяне там дзве сумкі, якія я забраў. Але ніякіх прэтэнзій у мяне няма, было вельмі ветлівае, карэктнае, уважлівае стаўленне. І не без гумару.
Дзесьці а 3‑й ночы мы скончылі, я пайшоў спаць у камеру. У 14.20 прыблізна мяне адпусцілі. Падпісаў паперы, мне вярнулі пашпарт, усе рэчы. Бумагу пра вызваленне далі, на армянскай мове.
— Вам патлумачылі, чаму адпускаюць?
— Да мяне ніякіх прэтэнзій няма. Я магу па тэрыторыі Арменіі спакойна перамяшчацца. Адзінае, што не магу выязджаць, для выезду патрэбная нейкая іншая працэдура.
— То-бок атрымліваецца, што гісторыя яшчэ не завяршылася.
— Не да канца, так. Ну, гэта, відаць, стандартная працэдура. Усё ж быў запыт [з Мінска] на маю экстрадыцыю. Гэта аддзяленне паліцыі не вырашае, не яго паўнамоцтвы. Мяне проста вызвалілі без усялякіх прэтэнзій, а ўжо па выездзе з краіны больш высокая інстанцыя вырашае.
— Як плануеце дзейнічаць?
— Зараз ачомаюся пасля гэтага ўсяго. У гатэлі нумар зняў. Трэба проста агледзецца, наколькі Арменія падыходзіць: ці тут запытваць прытулак, ці ўсё ж такі ўжо ў Еўропу перабірацца. Пакуль мне складана даць канкрэтны адказ.
У паліцыі бачылі, што гэта палітычны пераслед. Мне паказалі артыкулы [Крымінальнага кодэкса], па якіх мяне пераследуюць. Убачыў, што за «абразу Лукашэнкі». Я кажу: «Ведаеце, Лукашэнка не прэзідэнт». Яны так усміхнуліся, кіўнулі. То-бок яны таксама гэтую сітуацыю разумеюць.
Калі складалі дакументы, палісмен асабліва падкрэсліў, што я без крымінальнага мінулага. Я ім паказаў даведку з Беларусі пра несудзімасць. Карнікі ўмудрыліся мне яе выдаць за 3 дні да ператрусу і за 10 дзён да майго вылету ў Грузію.
— Пра што вас распытвалі?
— У агульных рысах: «А што ж ты там такое натварыў?» Я кажу: «Пішу, гавару». Пра тое, што ёсць гэты рэжым, што вайна — гэта дрэнна. Што вайна — гэта не мір. То-бок яны з цяжкасцю разумеюць, за што мяне пераследуюць. Я вельмі рады, што так хутка вызвалілі. Ужо думаў, што прыйдзецца сядзець і сёння, і заўтра.
— Дзе вы зараз знаходзіцеся?
— За 200 км ад Ерэвана. На прапускным пункце мяне адразу пасадзілі ў бус і прывезлі ў аддзяленне. Заўтра на маршрутку ў Ерэван, яна раз на дзень ходзіць.
Калі вярнуцца ва ўчарашні дзень… Гэта быў канкрэтны момант ціску, выбар без выбару. Мяне напалохаў варыянт, пры якім краіну прызначэння выбіралі б яны. Напрыклад, Казахстан ці Азербайджан. Таму пагадзіўся на Арменію.
Тут самае непрыемнае — вось гэта бяспраўе і прыніжэнне чалавека, які нічога не здзейсніў супрацьзаконнага. У мяне ўсе грузінскія сябры плачуць літаральна, усе ў шоку. Як гэта так? Я там пяць гадоў пражыў, сувязі вельмі глыбокія, трывалыя, асабістыя.
Тым часам МУС Грузіі адрэагавала на шырокі рэзананс, які атрымала выдварэнне з краіны Льва Міхеева, і дало сваё тлумачэнне па сітуацыі, піша «Позірк». Апублікаваную інфармацыю па справе Міхеева ведамства назвала «скажонай і няправільна вытлумачанай».
«Па-першае, мы хацелі б удакладніць, што ў Дэпартаменце міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў стасункі з замежным грамадзянінам, які не размаўляе па-грузінску, ажыццяўляецца з удзелам перакладчыка. У прыватнасці, у працэсе азнаямлення асобы з дакументамі і іх падпісання адпаведная інфармацыя перакладаецца і тлумачыцца на зразумелай яму мове. Адпаведна, распаўсюджаная інфармацыя аб тым, што Льва Міхеева прымушалі падпісваць дакументы, складзеныя на грузінскай мове, якія былі яму незразумелыя, без надання яму якой-небудзь інфармацыі пра іх змест, не адпавядае рэчаіснасці», — гаворыцца ў заяве ведамства (раней у каментары «Позірку» Міхееў заявіў, што перакладчык быў, але сэнс папер на грузінскай мове, прадстаўленых для падпісання, застаўся незразумелым).
Паводле сцвярджэння МУС, перад падпісаннем дакументаў Міхееву «была нададзеная адпаведная інфармацыя праз перакладчыка, і яму быў растлумачаны іх змест».
«Мы таксама хацелі б удакладніць, што перавозка замежных грамадзян да адпаведнага пагранічнага пункта ажыццяўляецца спецыяльна выдзеленымі транспартнымі сродкамі суправаджэння. Льва Міхеева перавозілі непасрэдна на аўтамабілі маркі «Івека» 2025 года выпуску», — адзначаецца ў рэлізе (беларус назваў аўтамабіль аўтазакам).
МУС паведамляе, што Міхееў звярнуўся ў Дэпартамент міграцыі з просьбай даць міжнародную абарону ў 2021 годзе, звязаў гэта з «палітычнай дзейнасцю ў Рэспубліцы Беларусь».
Дэпартамент міграцыі «разгледзеў справу ў адпаведнасці са стандартамі, устаноўленымі законам Грузіі аб міжнароднай абароне, і 27 верасня 2024 года адмовіў Льву Міхееву ў наданні міжнароднай абароны, паколькі, згодна з рашэннем дэпартамента, не было законных падстаў для надання прадугледжанага законам статусу».
Міхееў «абскардзіў гэтае рашэнне ў тбіліскім гарадскім і апеляцыйным судах». «Абодва суды пакінулі ў моцы рашэнне Дэпартамента міграцыі. Адпаведна, з 29 чэрвеня 2026 года Леў Міхееў больш не лічыўся просьбітам прытулку ў Грузіі», — аргументавала МУС статус Міхеева як нелегала.
Чытайце таксама:
Беларуса Льва Міхеева вызвалілі ў Арменіі пасля затрымання
Затрыманага ў Грузіі беларуса выслалі ў Арменію, дзе яго таксама затрымалі
У Грузіі затрымалі беларуса, які пяць гадоў чакае на палітычны прытулак