БЕЛ Ł РУС

У Дрыбінскі раён перададуць 27 населеных пунктаў

9.10.2026 / 18:35

Nashaniva.com

Магілёўскі абласны Савет дэпутатаў падтрымаў прапанову аб пашырэнні межаў Дрыбінскага раёна. Для гэтага да яго плануюць далучыць часткі тэрыторый Горацкага, Магілёўскага і Чавускага раёнаў. Пытанне абмяркоўвалася на пазачарговай 27‑й сесіі абласнога савета, піша БелТА.

Дрыбін. Фота: БелТА

Па словах начальніцы галоўнага ўпраўлення землеўпарадкавання аблвыканкама Ірыны Петручэні, пасля змены межаў плошча Дрыбінскага раёна павялічыцца больш чым на 20 тысяч гектараў. З іх больш за 8,5 тысячы гектараў будуць займаць сельскагаспадарчыя землі.

Да раёна далучаць 27 населеных пунктаў: два з Горацкага раёна, сем з Магілёўскага і 18 з Чавускага.

Перад абмеркаваннем прапановы працоўная група, як сцвярджаецца, вывучала меркаванні мясцовых жыхароў. Найбольш людзей хвалявалі пытанні гандлю, транспартных зносін, працы школ, дзіцячых садкоў і ўстаноў аховы здароўя, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, а таксама перарэгістрацыі.

Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка заявіў, што для паляпшэння эканамічнай сітуацыі ў Дрыбінскім раёне прадугледжаны шэраг мер. Сярод іх — фінансаванне з абласнога бюджэту, стварэнне спрыяльных умоў для інвестараў, развіццё сацыяльнай сферы і сельскай гаспадаркі, а таксама стварэнне новых працоўных месцаў. Пасля пашырэння раёна на яго будуць распаўсюджвацца льготы і прэферэнцыі, якія дзейнічаюць у паўднёва-ўсходніх раёнах Магілёўскай вобласці.

Па выніках пасяджэння дэпутаты вырашылі накіраваць у Савет Міністраў праект прапановы аб змяненні адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкавання і ўзбуйненні Дрыбінскага раёна. 

Чытайце таксама:

Лукашэнка падтрымаў прапанову аб узбуйненні Дрыбінскага раёна

Лукашэнка сёння займаецца праблемай узбуйнення Дрыбінскага раёна

Дрыбінскі раён — самы маленькі ў Беларусі — прырасце на 100 квадратных кіламетраў

Каментары да артыкула