БЕЛ Ł РУС

Лукашэнка задаволены вынікамі ўнясення на палі салігорскіх калійных адкідаў

12.10.2026 / 16:41

Nashaniva.com

Аляксандр Лукашэнка вясной даручыў знайсці спосаб выкарыстання адходаў калійнай вытворчасці, якія назапасіліся вакол Салігорска. Адзін з магчымых варыянтаў — прымяняць іх для павышэння ўрадлівасці глебы, найперш у паўднёвых рэгіёнах Беларусі, дзе шмат пясчаных зямель.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Планета Беларусь»

Магчымасць такога выкарыстання вывучаюць у межах эксперыменту на доследным участку плошчай 20 гектараў у Мінскім раёне. Перад пасевам кукурузы глебу апрацавалі рознымі спосабамі. На адных участках выкарыстоўвалі звычайныя ўгнаенні, на іншых — эксперыментальныя сумесі з торфам і глініста-солевымі шламамі. Гэтыя шламы ўтвараюцца пры здабычы калійных угнаенняў і ўтрымліваюць частку карысных рэчываў.

Паводле папярэдніх вынікаў, найбольш прыкметны рост зялёнай масы назіраўся на ўчастках, дзе выкарыстоўвалі звычайны кампост і кампост са шламамі. Станоўчы эфект адзначылі і паводле сярэдняй колькасці катахоў на адну расліну.

Лукашэнка заявіў, што на ўчастках, дзе ўносілі адходы калійнай вытворчасці разам з арганічнымі рэчывамі і нават торфам, вынікі аказаліся лепшымі, чым там, дзе такіх сумесяў не выкарыстоўвалі.

Канчатковыя высновы зробяць пасля ўборкі кукурузы на зерне і падліку ўраджаю. Эксперымент плануюць працягнуць і на іншых культурах, у тым ліку збожжавых, каб параўнаць вынікі за некалькі сезонаў.

«Мне патрэбны адказ на пытанне, што будзем рабіць з гэтымі адходамі вакол Салігорска. Мы павінны правесці эксперымент, каб дакладна адказаць, што рабіць з гэтымі шламамі», — падкрэсліў Лукашэнка.

Чытайце таксама:

«Напэўна, горш не будзе». Лукашэнка вынайшаў спосаб, як збіраць вялікія ўраджаі на пяску

«За гэта ў турму трэба садзіць». Лукашэнку абурыла, як цярэбяць лён на роднай Шклоўшчыне

«Некаторыя так — хі-хі, ха-ха — успрынялі». Лукашэнка расказаў пра нечаканыя вынікі накіравання нядбайных сельгасработнікаў у армію

Хрэнін расказаў, як будзе выконвацца загад Лукашэнкі аб адпраўцы аграрыяў-недарэк у войска

Каментары да артыкула