Улады збіраюцца зменшыць колькасць аўкцыёнаў пры продажы арэнднага жылля
У Беларусі разглядаюць магчымасць адмяніць аўкцыёны пры продажы некаторых відаў арэнднага жылля, якое пустуе. Пра гэта ў эфіры «Беларусь-1» паведаміў намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Андрэй Рамашка.
Здымак ілюстрацыйны. Фота з сацыяльных сетак
У залежнасці ад стану жылля, попыту на яго і месцазнаходжання прадугледжаны тры варыянты выкарыстання: рамонт з наступнай здачай у арэнду, продаж або знос.
У Беларусі налічваецца каля 165 тысяч арэндных жылых памяшканняў агульнай плошчай больш за 9 мільёнаў квадратных метраў. Каля 75% гэтага фонду — прыкладна 125 тысяч памяшканняў — складае жыллё, якое жыхары не прыватызавалі. Пры гэтым больш за 15 тысяч жылых памяшканняў камунальнай уласнасці пустуюць больш за паўгода.
Як адзначыў Рамашка, знос такога жылля патрабуе значных выдаткаў і не заўсёды эканамічна мэтазгодны.
Каб спрасціць продаж памяшканняў, якія пустуюць, Міністэрства ЖКГ прапануе змяніць адпаведныя працэдуры. У прыватнасці, выканкамы маглі б вызначаць зоны, дзе жыллё карыстаецца большым попытам або знаходзіцца на тэрыторыі прыродных запаведнікаў. У такіх месцах продаж прапануюць праводзіць праз аўкцыёны, а ў іншых выпадках, калі жыллё можна рэалізаваць па базавай цане, — прадаваць без аўкцыёну.
Чытайце таксама:
Шляхецкую сядзібу сярэдзіны XIX стагоддзя з Валожынскага раёна прадалі на аўкцыёне