У Эстоніі судзяць беларускага мянялу — за тры месяцы праз яго пракруцілі 861 тысячу еўра
Пракуратура Эстоніі перадала ў суд справу 47‑гадовага грамадзяніна Беларусі, якога абвінавачваюць у неаднаразовым адмыванні грошай у асабліва буйным памеры ў складзе групы. За тры месяцы ён правёў аперацыі з наяўнымі грашыма і крыптавалютай на суму больш як 861 тысяча еўра, піша выданне err.ee.
Сталіца Эстоніі Талін. Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»
Паводле абвінавачання, мужчына ўваходзіў у групу, якая з сакавіка да чэрвеня 2026 года дзейнічала ў Эстоніі і выконвала паслугі адмывання грошай. Яе ўдзельнікі пераводзілі гатоўку ў крыптавалюту і наадварот, каб схаваць сапраўднае паходжанне сродкаў і асобу іх уладальніка. Падчас дасудовага расследавання высветлілася, што такімі паслугамі карыстаўся чалавек, асуджаны за злачынства, звязанае з наркотыкамі.
Для арганізацыі аперацый выкарыстоўвалі зашыфраваныя праграмы для размоў і розныя ўліковыя запісы. Удзельнікі здзелак карысталіся псеўданімамі і пры перадачы гатоўкі не называлі адзін аднаму сваіх імёнаў і не правяралі дакументы. Каб пазнаваць адзін аднаго, яны выкарыстоўвалі так званую сістэму токенаў: загадзя праз месенджар перадавалі нумар банкноты, па якім потым вызначалі ўдзельніка сустрэчы.
Паводле матэрыялаў следства, абвінавачаны не толькі арганізоўваў здзелкі, але і сам удзельнічаў у іх правядзенні. Ён дамаўляўся з кліентамі пра час і месца перадачы або атрымання грошай, а таксама арганізоўваў аперацыі, якія выконвалі іншыя кур’еры. Пасля пацвярджэння перадачы гатоўкі адпаведную суму ў крыптавалюце пераводзілі на крыптакашалёк кліента або, наадварот, прымалі ад яго крыптавалюту.
Мужчыну затрымалі 13 чэрвеня 2026 года. У той жа дзень суд па хадайніцтве пракуратуры ўзяў яго пад варту. У панядзелак, 12 кастрычніка, суд пастанавіў падоўжыць тэрмін утрымання пад вартай.
Чытайце таксама:
У Францыі затрымалі фуру з буйным грузам «вясёлага газу». За рулём быў беларус
У Ізраілі пры дапамозе сакрэтнай агенткі выкрылі сетку, якая ўцягвала беларусак у прастытуцыю
Беларусы з дыпламатычнымі пашпартамі фігуруюць у гучнай крымінальнай справе ў Турцыі
Экс-міністр унутраных спраў Турцыі прызнаў, што даваў аўтамабіль сыну Лукашэнкі