Інжынер OpenAI ставіў жучкі ў офісе кампаніі. Яго затрымала ФБР, але пакуль няясна, на каго ён працаваў
У ЗША затрымалі 35‑гадовага інжынера OpenAI — кампаніі-лідаркі ў сферы штучнага інтэлекту. З падрабязнасцямі знаёміць The Wall Street Journal.
Здымак ілюстрацыйны. Удзельнікі канферэнцыі OpenAI DevDay 2026 у Сан-Францыска, 29 верасня 2026 года. Фота: Jeff Chiu / AP
Грамадзянін Саудаўскай Аравіі Абдулрахман Альфазан працаваў у OpenAI з ліпеня 2025 года. Паводле амерыканскай пракуратуры, ён зацікавіўся перагаворкай у офісе кампаніі ў Сан-Францыска, якую маглі браніраваць толькі кіраўнікі і іх памочнікі. Там праводзілі закрытыя нарады, сустрэчы з прадстаўнікамі ўладаў і партнёрамі, а таксама абмяркоўвалі канфідэнцыйныя даследаванні і будучыя прадукты. Сам Альфазан не меў дазволу наведваць гэты пакой. Аднак у верасні камеры назірання зафіксавалі яго паблізу не менш за дзесяць разоў.
Паводле следства, перад гэтым інжынер выкарыстоўваў унутраны інструмент штучнага інтэлекту, каб даведацца пра размяшчэнне офісаў, перагаворных пакояў і графікі сустрэч кіраўніцтва OpenAI.
Злева — схаваная за тэлевізарам у офісе OpenAI гуказапісвальная прылада, загорнутая ў туалетную паперу. Справа — тая ж прылада буйным планам. Фота: матэрыялы федэральнага суда ЗША
Акрамя таго, следчыя выявілі, што з акаўнта чат-бота, звязанага з жонкай падазраванага, рабіліся запыты пра стварэнне прылад для бесперапыннага аўдыязапісу, іх шыфраванне і дыстанцыйнае праслухоўванне.
Прыкладна 28 верасня, як мяркуе следства, Альфазан паставіў у перамоўным пакоі невялікую электронную прыладу з мікрафонам. Ён загарнуў яе ў туалетную паперу і падключыў да USB-порта на задняй панэлі насценнага тэлевізара.
Аднак ужо 30 верасня супрацоўнікі службы бяспекі OpenAI знайшлі прыладу. Кампанія звярнулася ў ФБР, а ў пакоі паставілі камеру назірання.
5 кастрычніка яна зафіксавала, як Альфазан зайшоў у памяшканне і зазірнуў за тэлевізар, дзе раней стаяў мікрафон.
Кадр з камеры назірання ў офісе OpenAI. Паводле следства, на ім Абдулрахман Альфазан зазірае за тэлевізар, дзе раней знайшлі схаваную запісвальную прыладу. Фота: матэрыялы федэральнага суда ЗША
У той жа дзень у іншым памяшканні офіса ён пакінуў без нагляду сумку. У ёй супрацоўнікі бяспекі знайшлі яшчэ адзін жучок. Паводле следства, ён быў мадыфікаваны так, каб ускладніць доступ да захаванай інфармацыі. Саму сумку перадалі ў бюро знаходак.
На наступны дзень інжынер прыйшоў па сумку. Ён заявіў, што з яе зніклі банкаўская картка, каля 500 долараў і сонцаахоўныя акуляры. Пры гэтым пра запісвальную прыладу нічога не спытаў.
9 кастрычніка інжынера затрымалі. Яму выставілі абвінавачанне ў выкарыстанні або спробе выкарыстання прылады для незаконнага перахопу вусных размоў. У выпадку прызнання вінаватым яму пагражае да пяці гадоў зняволення.
OpenAI звольніла супрацоўніка і заявіла, што пакуль не выявіла прыкмет неправамернага доступу да зыходнага кода, параметраў мадэляў штучнага інтэлекту або даных кліентаў.
Каму маглі прызначацца запісы і ці паспеў Альфазан атрымаць нейкую канфідэнцыйную інфармацыю, пакуль невядома.