Як «разумныя тэлевізары» сочаць за гледачамі — вынікі новага расследавання
Пакуль вы гледзіце тэлевізар, ён можа назіраць за вамі. Паводле новага расследавання, разумныя тэлевізары LG могуць праслухоўваць і запісваць размовы, а затым загружаць сабраныя файлы ў інтэрнэт. Даследчыкі сцвярджаюць, што збор аўдыя можа працягвацца нават у рэжыме чакання або пры выключаным экране, а адключэнне ад інтэрнэту толькі адкладае адпраўку даных да наступнага падключэння.

У цэнтры расследавання, якое правялі аўтары YouTube-канала Gamers Nexus супольна з Level1Techs і двума спецыялістамі па бяспецы, апынуліся разумныя тэлевізары LG. На яго вынікі звяртае ўвагу The Times.
Як піша выданне, даследчыкі выявілі, што тэлевізары LG могуць запісваць гук у пакоі нават у рэжыме чакання або калі экран выключаны.
Адключэнне тэлевізара ад інтэрнэту, паводле расследавання, таксама не спыняе збору аўдыя. Файлы могуць захоўвацца ў памяці прылады, а пасля аднаўлення злучэння адпраўляцца.
Падчас тэстаў даследчыкі выявілі яшчэ адну асаблівасць. Пасля галасавой каманды «акно» распазнавання голасу заставалася адкрытым яшчэ прыкладна 10‑15 секунд. У гэты час тэлевізар працягваў распазнаваць гаворку ў пакоі, а яе транскрыпцыя магла захоўвацца ў памяці прылады.
LG гэтыя высновы адмаўляе. У кампаніі заявілі, што тэлевізары апрацоўваюць галасавыя звесткі толькі тады, калі карыстальнік націскае і ўтрымлівае кнопку галасавога кіравання на пульце або калі пасля актывацыі адпаведнай функцыі прылада распазнае фразу «Вітаю, LG» («Hi LG»). Па-за гэтымі выпадкамі, сцвярджае вытворца, тэлевізары не збіраюць і не запісваюць фонавых размоў.
Тэлевізар ведае, што менавіта вы гледзіце
Аўдыя — толькі частка інфармацыі, якую здольны збіраць сучасны Smart TV. У аснове экасістэмы разумных тэлевізараў LG ляжыць тэхналогія аўтаматычнага распазнавання кантэнту — Automatic Content Recognition (ACR). Падобныя сістэмы выкарыстоўвае большасць буйных вытворцаў Smart TV.
ACR фіксуе невялікія фрагменты аўдыя і відэа і параўноўвае іх з вялікімі базамі медыякантэнту. Так сістэма можа вызначыць, што менавіта паказваецца на экране або гучыць праз дынамікі, — ад стрымінгавых сэрвісаў і эфірнага тэлебачання да кантэнту з падключаных прылад.
Гэта дазваляе адсочваць звычкі гледача і выкарыстоўваць атрыманыя звесткі для персаналізацыі кантэнту і рэкламы.
Смартфоны, гадзіннікі і Wi-Fi
Аднак даследчыкі сцвярджаюць, што збор інфармацыі не абмяжоўваецца тым, што адбываецца на экране тэлевізара. Падчас тэстаў прылады сканавалі лакальную сетку і выяўлялі іншае абсталяванне. Напрыклад, смартфоны і разумныя гадзіннікі. Таксама збіраліся звесткі пра Wi-Fi-сеткі паблізу.
Такія даныя патэнцыйна дазваляюць атрымаць больш падрабязнае ўяўленне не толькі пра тое, што глядзяць па тэлевізары, але і пра тое, якія прылады знаходзяцца побач.
LG не адмаўляе, што яе тэлевізары могуць сканаваць лакальную сетку, аднак тлумачыць гэта стандартнымі функцыямі Smart TV, неабходнымі для пошуку, падключэння і ўзаемадзеяння з іншымі прыладамі.
Маштаб такой экасістэмы вялікі. Паводле звестак з вэб-сайта LG, тэхналогія ACR выкарыстоўваецца на 49 мільёнах разумных тэлевізараў у ЗША і амаль на 216 мільёнах ва ўсім свеце. Яна таксама дае LG доступ да прыкладна 363 мільёнаў другасных прылад, такіх як смартфоны, падлучаныя да той жа сеткі Wi-Fi.
Праблема не толькі ў LG
Тэхналогія ACR не з'яўляецца вынаходствам або асаблівасцю LG. Яе выкарыстоўваюць і іншыя вытворцы разумных тэлевізараў для распазнавання кантэнту і збору інфармацыі пра прагляды.
Таму эксперты папярэджваюць, што пытанні, якія ўзніклі пасля расследавання, могуць датычыць усёй індустрыі Smart TV.
Сёння купіць сучасны тэлевізар без падключэння да інтэрнэту і «разумных» функцый становіцца ўсё складаней. А гэта азначае, што разам з экранам чалавек фактычна прыносіць дадому яшчэ адзін падключаны да сеткі камп'ютар з доступам да лакальнай сеткі, а ў некаторых мадэлях таксама з мікрафонам і камерай.
LG: карыстальнікі самі даюць згоду
У LG падкрэсліваюць, што функцыя ACR працуе на аснове згоды карыстальніка і прызначана для персаналізаваных рэкамендацый, сэрвісаў і рэкламы. Калі ўладальнік тэлевізара не прымае адпаведнага дадатковага пагаднення, сцвярджае кампанія, даныя ACR не выкарыстоўваюцца ў рэкламных мэтах.
Аднак пагадненні, з якімі прапануюць азнаёміцца ўладальнікам тэлевізараў LG, даволі аб'ёмныя. Паводле The Times, разам яны налічваюць каля 50 тысяч слоў. Сярэдняму даросламу чалавеку спатрэбілася б прыкладна тры-чатыры гадзіны, каб прачытаць іх цалкам.
У выніку карыстальнік можа фармальна пагадзіцца на апрацоўку даных, не абавязкова разумеючы ўвесь аб'ём інфармацыі, якую дазваляе збіраць тэлевізару.
Як абмежаваць збор даных у смарт-тэлевізарах
Адну з асноўных сістэм збору інфармацыі пра прагляды, ACR, на тэлевізарах LG можна адключыць. Адпаведная функцыя называецца Live Plus.
Яе можна знайсці ў меню:
Settings → General → System → Advanced Settings → Live Plus.
Аднак адключэнне Live Plus абмяжоўвае толькі аўтаматычнае распазнаванне і збор даных пра кантэнт. Іншыя сеткавыя і галасавыя функцыі тэлевізара пры гэтым застаюцца актыўныя.
Каментары
Дзякуй богу ў Еўропе гэтага няма