Кіраўнік МЗС Францыі: Дзве траціны разведвальнай інфармацыі Украіна атрымлівае ад еўрапейцаў
Міністр замежных спраў Францыі Жан-Наэль Баро заявіў, што дзве траціны разведвальных звестак, якія цяпер перадаюць Украіне, паступаюць з еўрапейскіх краін, у тым ліку з Францыі. Пра гэта ён сказаў у эфіры радыёстанцыі France Inter, паведамляе «Еўрапейская праўда».
Жан-Наэль Баро. Фота: AP Photo / Aurelien Morissard
Па словах Баро, з пачатку вайны ва Украіне ўжо каля дваццаці разоў гучалі прагнозы, што Украіна пацерпіць паразу, а ЗША адмовяцца ад яе падтрымкі. Аднак, як сцвярджае французскі міністр, Еўропа ўжо даўно забяспечвае Кіеву асноўную частку дапамогі.
Баро таксама абвінаваціў Крэмль і яго троляў у сацыяльных сетках у спробах адвярнуць еўрапейцаў ад падтрымкі Украіны. Ён падкрэсліў, што барацьба вядзецца не толькі на полі бою, але і за свядомасць людзей.
Раней выданне The Washington Post паведаміла, што ЗША пагражалі спыніць перадачу Украіне разведвальнай інфармацыі, калі ўкраінскія вайскоўцы будуць наносіць новыя ўдары па расійскіх энергетычных аб’ектах.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі 13 кастрычніка ў інтэрв’ю радыёстанцыі NPR пацвердзіў, што ўкраінскія вайскоўцы атрымалі папярэджанні і пагрозы, звязаныя з абменам разведвальнымі звесткамі. Аднак пакуль гэтыя пагрозы не былі рэалізаваныя.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп таксама заявіў у аўторак, што абмен разведвальнай інфармацыяй працягваецца. У Еўрапейскай камісіі адзначылі, што не бачаць ніякіх прыкмет спынення перадачы разведвальных звестак паміж Украінай і ЗША.
Чытайце таксама:
Лідары краін ЕС папросяць Зяленскага змякчыць крытыку Трампа
ЗША другі вечар запар не папярэдзілі Украіну пра расійскія ракетныя ўдары па Кіеве
Ва Украіне запэўнілі, што ЗША працягваюць перадаваць разведвальныя звесткі