У Егіпце знайшлі фрагменты вялізных статуй фараона Рамзеса II
У дэльце Ніла ў Егіпце археолагі знайшлі фрагменты дзвюх вялізных статуй фараона Рамзеса II, якія першапачаткова маглі дасягаць 8,5 метра ў вышыню. Пра знаходкі паведаміла Міністэрства турызму і старажытнасцяў Егіпта.
Фота: facebook.com/tourismandantiq
Адкрыццё адбылося ў паселішчы Бехбейт-эль-Хагар. Мясцовы жыхар знайшоў камень са старажытным надпісам і паведаміў пра яго спецыялістам. Пасля гэтага археолагі правялі ахоўна-выратавальныя раскопкі, падчас якіх знайшлі шмат старажытных артэфактаў.
Фота: facebook.com/tourismandantiq
Сярод найбольш значных знаходак — фрагменты дзвюх манументальных статуй Рамзеса II, які кіраваў Егіптам прыблізна ў 1279—1213 гадах да нашай эры і быў трэцім фараонам XIX дынастыі.
Фота: facebook.com/tourismandantiq
Адзін з фрагментаў — масіўная каменная галава вышынёй каля 1,6 метра. На ёй фараон намаляваны ў пшэнце — падвойнай кароне, якая сімвалізавала аб’яднанне Верхняга і Ніжняга Егіпта.
На іншым буйным фрагменце даследчыкі знайшлі надпіс з так званым іменем Гора. Ён дазволіў вызначыць, што статуя таксама была прысвечаная Рамзэсу II. Захаваная частка другой статуі мае каля 2,4 метра ў вышыню. На ёй добра бачны твар фараона, які носіць царскую галаўную хустку — немес.
Фота: facebook.com/tourismandantiq
Паблізу археолагі таксама знайшлі блок з ружовага граніту, на якім захаваліся іерогліфічныя надпісы з царскімі тытуламі Рамзеса II.
Чытайце таксама:
За сцяной грабніцы Тутанхамона можа хавацца яшчэ адна грабніца. Магчыма, Неферціці
Не толькі мужчыны. Егіпецкія прынцэсы рэгулярна карысталіся зброяй
У Вялікім Егіпецкім музеі на вачах наведвальнікаў збіраюць карабель фараона Хеопса