За сцяной грабніцы Тутанхамона можа хавацца яшчэ адна грабніца. Магчыма, Неферціці
Больш за сто гадоў пасля адкрыцця грабніцы Тутанхамона археолагі ўсё яшчэ не ведаюць, што хаваецца за некаторымі яе сценамі. Новыя даследаванні паказалі, што там могуць знаходзіцца калідор і як мінімум дзве камеры. Адна з гіпотэз звязвае іх з Неферціці, месца пахавання якой дагэтуль не знойдзена.

Адкрыццё грабніцы Тутанхамона ў Даліне Цароў у 1922 годзе стала адной з найбуйнейшых археалагічных сенсацый XX стагоддзя. Унутры знайшлі мумію маладога фараона, знакамітую залатую маску і тысячы пахавальных прадметаў.
Аднак сама грабніца, вядомая пад пазначэннем KV62, даўно выклікае ў даследчыкаў пытанні. Для царскага пахавання яна незвычайна малая. Акрамя таго, ёсць прыкметы, што некаторыя картушы з імем Тутанхамона першапачаткова маглі ўтрымліваць іншае імя.
У 2015 годзе археолаг Нікалас Рыўз выказаў гіпотэзу, што грабніцу першапачаткова будавалі не для Тутанхамона. На яго думку, яна магла прызначацца для царыцы Неферціці, якая была яго цешчай. Калі малады фараон нечакана памёр, частку комплексу маглі перарабіць для яго пахавання.
Гэтая версія асабліва цікавая таму, што месца пахавання Неферціці дагэтуль невядома. Рыўз і некаторыя яго калегі дапускаюць, што яе грабніца можа знаходзіцца за сценамі ўжо вядомых памяшканняў KV62.
Яшчэ ў 2016 годзе сканаванне сцен і даследаванні з дапамогай геарадара далі магчымыя прыкметы замураваных праходаў і дадатковых камер. Аднак вынікі аказаліся неадназначнымі і выклікалі спрэчкі.
Што паказала новае даследаванне
Як піша нямецкі навукова-папулярны партал Wissenschaft.de, у 2023‑2024 гадах каманда пад кіраўніцтвам Рыўза і былога міністра па справах старажытнасцяў Егіпта Мамдуха Эльдаматы правяла новыя даследаванні грабніцы.

Навукоўцы зноў выкарысталі геарадар, але гэтым разам дапоўнілі яго мікрагравітацыйнымі вымярэннямі. Гэты метад дазваляе заўважаць невялікія адрозненні ў шчыльнасці парод і такім чынам шукаць магчымыя пустоты пад зямлёй. Даследчыкі таксама нанова прааналізавалі вынікі папярэдніх абследаванняў.
Новыя даныя паказалі магчымы калідор шырынёй каля двух метраў за адной з задніх сцен грабніцы. На думку даследчыкаў, ён у значнай ступені запоўнены абломкамі. Менавіта таму ранейшыя спробы знайсці там пустоты маглі не даць адназначнага выніку.
Дадатковыя сведчанні далі мікрагравітацыйныя вымярэнні. Даследчыкі выявілі ў грунце ўчасткі паніжанай шчыльнасці з абрысамі, якія нагадваюць прамыя вуглы.

Іх размяшчэнне і памеры супадаюць з анамаліямі, якія раней выявілі іншым метадам. На думку Рыўза і яго калег, сукупнасць гэтых даных можа сведчыць пра існаванне як мінімум дзвюх дадатковых камер за задняй часткай грабніцы Тутанхамона.
Гэта таксама падтрымлівае гіпотэзу, што KV62 першапачаткова была большай і існавала яшчэ да пахавання Тутанхамона.
Але даследчыкі падкрэсліваюць, што канчатковага доказу пакуль няма. Геарадар не можа пранікнуць дастаткова далёка за сцены, а на мікрагравітацыйныя вымярэнні часткова ўплываюць суседнія грабніцы.
Нават калі схаваныя памяшканні існуюць, гэта яшчэ не азначае, што ў іх знаходзіцца магіла Неферціці. Іншыя егіптолагі лічаць новыя вынікі цікавымі, але перасцерагаюць ад заўчасных высноў. Напрыклад, за сцяной могуць знаходзіцца звычайныя складскія памяшканні.
Высветліць гэта археолагі хочуць з дапамогай невялікіх робатаў. Яны прапануюць прасвідраваць у задняй сцяне грабніцы адтуліны дыяметрам у некалькі сантыметраў і праз іх запусціць камеры і датчыкі.
Для гэтага неабходны дазвол егіпецкіх органаў аховы старажытнасцяў. Даследчыкі ўжо падалі адпаведную заяўку. Калі дазвол атрымаюць, вывучэнне схаванай прасторы можа пачацца ў лістападзе 2026 года.
Тады і можа высветліцца, ці сапраўды за вядомай ужо больш за сто гадоў грабніцай Тутанхамона знаходзіцца яшчэ адна частка пахавальнага комплексу і каму яна належала.
Каментары
Ні ў якім разе ! Там можа сядзець джын, злосны.
Бацькі Тутанхамона невядомыя. Найбольш імаверна, што Эхнатон. Пра маці розныя версіі.
Эхнатон меў галоўную жонку Неферціці - значыць, яна Тутанхамону не маці, а мачаха.
Тутанхамон узяў галоўнай жонкай сваю адзінакроўную па бацьку сястру, дачку Эхнатона і Неферціці. Значыць, Неферціці адначасова яму і цешча.
А Эхнатон - і бацька, і цесць Тутанхамона.