БЕЛ Ł РУС

Недалёка ад гары Арарат знайшлі рэшткі старажытнай драўніны. Там шукаюць Ноеў каўчэг

23.11.2026 / 18:32

Nashaniva.com

На ўсходзе Турцыі, у раёне пошукаў Ноева каўчэга, знайшлі ўзоры драўніны, узрост якіх ацэньваецца прыкладна ў 4300 гадоў. Радыевугляродны аналіз паказаў, што яны датуюцца перыядам паміж 2400 і 2200 гадамі да нашай эры. Пра гэта паведаміла выданне Arkeonews.

Фота: Noahs Ark Scans

Узоры знайшлі каля геалагічнага ўтварэння Дурупынар у правінцыі Агры. У гэтай правінцыі знаходзіцца і знакамітая гара Арарат. Даследчыя працы працягваліся з 28 чэрвеня да 30 верасня. У экспедыцыі ўдзельнічалі 20 спецыялістаў з розных краін. Фрагменты драўніны зацікавілі археолагаў, бо сваімі абрысамі нагадваюць корпус карабля.

Прафесар універсітэта Джумхурыет у горадзе Сівас Джэнкер Атыла паведаміў, што амерыканская лабараторыя вызначыла ўзрост узораў у межах 2400—2200 гадоў да нашай эры. Намеснік кіраўніка экспедыцыі Эндру Джонс адзначыў, што гэтыя даты супадаюць з некаторымі ацэнкамі часу сусветнага патопу, якія сустракаюцца ў біблейскіх храналогіях.

Фота: Noahs Ark Scans

Цяпер даследчыкі чакаюць вынікаў аналізаў са Швейцарыі і Турцыі, каб параўнаць іх з амерыканскімі данымі. Пакуль знаходка не пацвярджае, што драўніна належыць Ноеваму каўчэгу.

Раней у тым жа раёне археолагі знайшлі старажытны гліняны посуд. Навукоўцы мяркуюць, што ён таксама можа належаць да перыяду сусветнага патопу, аднак дакладных вынікаў даследаванняў пакуль няма.

Чытайце таксама:

Навукоўцы аднавілі твар чалавека, які жыў 315 тысяч гадоў таму

Ледзяныя муміі і перавал вікінгаў. Як з-пад лёду з'яўляюцца таямніцы, якія змяняюць уяўленні пра свет

Калі насамрэч людзі адкрылі Амерыку? Адказ знайшлі ў старажытнай ДНК

Пампеі знішчыла не лава. Сем міфаў пра знакамітую катастрофу

Каментары да артыкула