Гісторыя

Ледзяныя муміі і перавал вікінгаў. Як з-пад лёду з'яўляюцца таямніцы, якія змяняюць уяўленні пра свет

У выніку раставання снегу і лёду, выкліканага зменамі клімату, археолагі знаходзяць старажытныя прадметы, якія тысячагоддзямі захоўваліся ў ледзяным палоне. Гэтыя адкрыцці дапамагаюць па-новаму зразумець жыццё людзей у мінулым — ад знешнасці і здароўя да гандлю, падарожжаў і штодзённага побыту, піша Бі-бі-сі.

Цела дагістарычнага чалавека знайшлі ў 1991 годзе. South Tyrol Museum of Archaeology / EURAC / Samadelli / Staschitz

У верасні 1991 года двое нямецкіх турыстаў падчас шпацыру ў гарах даліны Валь-Сеналес каля мяжы Італіі і Аўстрыі заўважылі чалавечае цела, якое выступала з-пад лёду, які раставаў. Спачатку яны вырашылі, што гэта ахвяра нядаўняга няшчаснага выпадку ў гарах, і паведамілі пра знаходку паліцыі.

Аднак праз некалькі дзён высветлілася, што цела нашмат старэйшае. Радыевугляродны аналіз паказаў, што чалавек памёр каля 5300 гадоў таму. Яго назвалі Этцы, або Ледзяным чалавекам.

Этцы жыў яшчэ да будаўніцтва егіпецкіх пірамід, калі большасць людзей займалася земляробствам і жыла невялікімі супольнасцямі, а металічныя прылады толькі пачыналі распаўсюджвацца. Дзякуючы выключна добрай захаванасці цела навукоўцы змаглі разгледзець нават татуіроўкі на яго скуры, вызначыць, што ён еў перад смерцю, і знайсці наканечнік стралы, якая яго забіла. Ён застаўся ў целе мужчыны ў правай лапатцы.

Тату на скуры Этцы ўсё яшчэ бачныя, хоць прайшло 5 тысяч гадоў. Фота: South Tyrol Museum of Archaeology / EURAC / Samadelli / Staschitz

Лёд як гістарычная капсула часу

З-за змяненняў клімату снег і лёд у свеце растаюць усё хутчэй. Паводле даследавання, апублікаванага ў 2025 годзе, з 2000‑га да 2023 года ледавікі па-за межамі ледавіковых шчытоў Грэнландыі і Антарктыды страчвалі ў сярэднім каля 270 мільярдаў тон лёду штогод. Найбольш інтэнсіўным раставанне было ў апошняе дзесяцігоддзе гэтага перыяду.

Растуць і плошчы адкрытай паверхні на шматгадовых ледзяных палях. У адрозненне ад ледавікоў, такія ледзяныя ўчасткі звычайна не настолькі масіўныя, каб рухацца ўніз па схіле. Нерухомы лёд асабліва добра захоўвае старажытныя прадметы.

Кіраўнік нарвежскай археалагічнай праграмы «Таямніцы лёду» Эспен Фінстад адзначае, што асабліва шмат артэфактаў пачало з'яўляцца з-пад лёду за апошнія 20 гадоў. Паводле яго, лёд быў своеасаблівай гістарычнай маразільняй, якая цяпер перастае працаваць. Многія рэчы выходзяць на паверхню амаль у тым самым стане, у якім апынуліся там тысячы гадоў таму.

Што расказаў пра мінулае Ледзяны чалавек

Археалагічныя знаходкі часта паходзяць са старажытных пахаванняў, але Этцы асабліва важны для навукоўцаў, бо дазваляе ўбачыць не толькі абрады і звычаі, але і штодзённае жыццё звычайнага чалавека.

Разам з ім захаваліся адзенне, зброя і прылады працы. Археолаг Андрэас Путцэр з Паўднёвацірольскага археалагічнага музея ў італьянскім Бальцана, дзе цяпер захоўваецца цела Этцы, адзначае, што гэта дало магчымасць упершыню атрымаць падрабязнае ўяўленне пра тое, як людзі апраналіся ў той перыяд.

Этцы знайшлі разам з адзеннем, зброяй і інструментамі, і гэта дае нам уяўленне пра тое, як жылі людзі ў медным веку. Фота: South Tyrol Museum of Archaeology / Harald Wisthaler

Паходжанне яго меднай сякеры таксама расказала пра сувязі паміж старажытнымі супольнасцямі. Сякера была вырабленая з медзі з Тасканы — рэгіёна ў цэнтральнай Італіі, які знаходзіцца за сотні кіламетраў ад месца знаходкі. Гэта сведчыць, што ўжо тады людзі гандлявалі і перамяшчалі рэчы на значныя адлегласці.

Наканечнік стралы, якой забілі Этцы, дагэтуль уваткнуты ў ягонае плячо. Фота: South Tyrol Museum of Archaeology / Regional Hospital Bolzano, Italy

Добрая захаванасць цела дазволіла зрабіць і важныя біялагічныя адкрыцці. Генетычныя даследаванні выявілі ў Этцы бактэрыю Helicobacter pylori, якая можа выклікаць язву страўніка. Пасля расшыфроўкі яго геному ў 2012 годзе навукоўцы прыйшлі да высновы, што ў яго, верагодна, былі карыя вочы, нулявая група крыві і непераноснасць лактозы. Ён таксама цярпеў ад боляў, звязаных з артрытам, і меў павышаную рызыку сардэчна-судзінных захворванняў.

Нідэрландскія мастакі Альфонс і Адры Кеніс стварылі двайніка Этцы. Фота: Andrea Solero/AFP via Getty Imsges

Даследаванне 2023 года дазволіла ўдакладніць уяўленні пра яго знешнасць. Паводле новых даных, скура Этцы магла быць цямнейшай, чым лічылася раней, а генетычныя асаблівасці сведчаць пра схільнасць да мужчынскага аблысення. Вывучэнне Ледзянога чалавека працягваецца.

Старажытны лес у Скалістых гарах

За тысячы кіламетраў ад месца, дзе знайшлі Этцы, раставанне лёду адкрыла іншыя сляды мінулага. У Скалістых гарах ЗША даследчыкі знайшлі лес белакорай сасны, узрост якога, паводле радыевугляроднага датавання, перавышае 5000 гадоў.

Даследчыкі стабілізуюць захаваную сасну, каб дастаць сегмент для аналізу. Фота: Craig Lee

Археолаг Крэйг Лі з Універсітэта штата Мантана расказаў, што дрэвы захаваліся настолькі добра, што іх драўніна заставалася жоўтай і ўсё яшчэ моцна пахла хвояй. Некаторыя ствалы ляжалі гарызантальна побач з пнямі, ад якіх адламаліся.

Дрэвы тысячагоддзямі знаходзіліся ў замарожаным стане, таму іх драўніна выглядае амаль свежай. Асабліва цікава, што сёння ў гэтым раёне такіх дрэў ужо няма. Іх рост на такой вышыні сведчыць пра тое, што ў мінулым клімат там быў значна цяплейшы, чым цяпер.

Перавал вікінгаў і рэчы са штодзённага жыцця

Яшчэ адно значнае адкрыццё зрабілі ў гарах Нарвегіі, дзе раставанне лёду адкрыла старажытны горны перавал, якім карысталіся вікінгі. Археолаг Джуліян Пост-Мелбі з Музея гісторыі культуры пры Універсітэце Осла называе яго своеасаблівай старажытнай шашой: гэты маршрут дазваляў хутка і адносна лёгка пераадольваць горы.

Паводле слоў Эспена Фінстада, на перавале знайшлі мноства прадметаў, некаторым з якіх не менш за 2000 гадоў. Частка знаходак звязаная з транспартам: гэта конскі рыштунак, фрагменты лыжаў, падковы, косці коней і нават конскі гной. Усё гэта сведчыць, што для перамяшчэння па перавале выкарыстоўвалі коней з паклажай.

Фота: James H. Barrett, University of Cambrige / Secretsoftheice.com

Падковы, косці і гной з'яўляюцца паказчыкамі таго, што калісьці на перавале выкарыстоўвалі ўючных коней

Аднак даследчыкі знайшлі не толькі прадметы, звязаныя з падарожжамі. Сярод артэфактаў былі адзенне, у тым ліку рукавіцы і абутак, дзіцячыя цацкі, ёмістасці з пчаліным воскам для вырабу свечак, а таксама зброя. Некаторыя рэчы захаваліся амаль гэтак жа сама добра, як цела Этцы.

Пост-Мелбі жартам называе гэтыя знаходкі «якасным смеццем дагістарычных часоў». Але іх значэнне значна большае за саму незвычайнасць. Яшчэ 20 гадоў таму гісторыя высокіх гор Нарвегіі магла б быць найперш гісторыяй горных экспедыцый. Цяпер археолагі могуць расказаць пра шырокае кола людзей, якія жылі і працавалі ў гэтых мясцінах: рамеснікаў, фермераў, дзяцей і цэлыя сем'і.

Перавал вікінгаў даследуюць з 2011 года, калі яго адкрыццё прыцягнула ўвагу археолагаў. Праца каманды «Таямніцы лёду» дазваляе паступова аднаўляць гісторыю гэтага маршруту і людзей, якія ім карысталіся.

Часу на выратаванне знаходак усё менш

Аднак раставанне лёду не толькі адкрывае новыя магчымасці для археалогіі, але і стварае сур'ёзную праблему. Пасля з'яўлення на паверхні старажытныя прадметы могуць вельмі хутка знікнуць.

Фінстад тлумачыць, што талая вада можа вынесці артэфакт ужо на працягу аднаго дня. Адзенне пасля высыхання можа стаць настолькі лёгкім, што яго разнясе вецер. Таму даследчыкам даводзіцца працаваць хутка, каб паспець знайсці і захаваць каштоўныя рэчы.

Археолагі маюць зусім мала часу, каб знайсці артэфакты. Фота: Johan Wildhagen, Palookaville

Пост-Мелбі папярэджвае, што ў будучыні, магчыма, ужо не застанецца ледавікоў і ледзяных палёў у гарах, дзе цяпер знаходзяць артэфакты. Паводле яго, тыя, хто штогод працуе ў гэтых мясцінах, асабліва выразна ўсведамляюць, што гэтыя прыродныя ўмовы могуць знікнуць яшчэ пры жыцці цяперашняга пакалення.

«Таямніцы лёду» шукаюць артэфакты з моманту адкрыцця перавалу Вікінгаў у 2011 годзе. Фота: Johan Wildhagen, Palookaville

Крэйг Лі падкрэслівае, што даследчыкі маюць абавязак перад будучымі пакаленнямі вывучыць і захаваць тое, што адкрываецца з-пад лёду. Фінстад таксама лічыць, што часу можа заставацца вельмі мала: праз 20 гадоў для некаторых знаходак будзе ўжо позна.

Паводле яго, задача археолагаў — паспець знайсці гэтыя сведчанні мінулага і захаваць іх, бо ў адваротным выпадку яны могуць знікнуць назаўсёды.

Каментары

Цяпер чытаюць

Вучыч сумленна прызнаў паразу на выбарах у Сербіі2

Вучыч сумленна прызнаў паразу на выбарах у Сербіі

Усе навіны →
Усе навіны

NASA паабяцала вярнуць чалавека на Месяц ужо ў 2028 годзе2

У Францыі сотні тысяч зноў выйшлі на вуліцы, паліцыя прымяняла слёзатачывы газ15

Крышціяну Раналду першым з футбалістаў зарабіў 2 мільярды даляраў

«У Беларусі ёсць грошы, але людзям усё адно чагосьці не хапае». Ланкіец расказаў, чым яго дзівяць беларусы23

YouTube збіраецца схаваць падалей кнопку дызлайка3

Якіх імпартных тавараў у беларускіх крамах найбольш, а якіх няма зусім?1

Вірусіцца гульня, дзе можна нарадзіцца ў любой краіне на свеце3

Украінскія дроны атакавалі Омск, гараць «Омскі каўчук» і склад Ozon2

Стала вядома, што Расія таемна фінансавала газавы праект на Алясцы4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Вучыч сумленна прызнаў паразу на выбарах у Сербіі2

Вучыч сумленна прызнаў паразу на выбарах у Сербіі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць