Здароўе33

Ад супертрыперу нарэшце знайшоўся лек

Новае выпрабаванне прэпарату заліфладацын (zoliflodacin) паказала, што ён можа эфектыўна лячыць бактэрыяльную інфекцыю, якая на сённяшні дзень стала ўстойлівай амаль да ўсіх даступных лекаў.

Ілюстрацыйнае фота: Наша Ніва

Ганарэя, выкліканая бактэрыяй Neisseria gonorrhoeae, адна з найбольш распаўсюджаных інфекцый, што перадаюцца палавым шляхам (ІППШ) ва ўсім свеце.

Сімптомы могуць быць вельмі трывожнымі і ўключаюць вылучэнні жаўтаватага колеру з палавых органаў, крывацёк пры мачавыпусканні, апухлыя яечкі ў мужчын і крывацёк паміж менструацыямі ў жанчын. Калі захворванне не лячыць, яно можа выклікаць бясплоддзе, павялічыць рызыку заражэння іншымі ІППШ і нават прывесці да такіх ускладненняў, як слепата ў нованароджаных, якія заразіліся ад маці.

Хвароба калісьці лёгка паддавалася лячэнню пеніцылінам. Але за апошнія дзесяцігоддзі ганарэя папрацавала над сабою і стала ўстойлівая да амаль усіх антыбіётыкаў, якія выкарыстоўвалі супраць яе мінулыя пакаленні.

Нядаўна дактары пачалі сутыкацца з выпадкамі ганарэі, якія выяўляюць устойлівасць нават да найноўшых лекаў. Існуе і шмат іншых мікробаў, устойлівых да сённяшніх прэпаратаў, але ганарэя сапраўды можа стаць адной з першых супербактэрый, якія шырока распаўсюдзяцца сярод грамадства ў не вельмі аддаленай будучыні.

Працяглы крызіс антыбіётыкаў, выкліканы ўстойлівасцю бактэрый, прымусіў многіх навукоўцаў і даследчыя арганізацыі шукаць новыя сродкі лекавання. У ідэале новыя прэпараты маюць не толькі працаваць па прызначэнні, але змагацца з інфекцыямі прынцыпова новым спосабам у адрозненне ад існуючых антыбіётыкаў, падаўжаючы тым самым час, неабходны бактэрыям для выпрацоўкі ўстойлівасці. І здаецца, што прэпарат заліфладацын адпавядае абодвум гэтым крытэрам.

Прэпарат распрацоўваецца некамерцыйнай арганізацыяй Global Antibiotic Research & Development Partnership (GARDP) у супрацоўніцтве з Entasis Therapeutics, філіялам фармацэўтычнай кампаніі Innoviva. У пачатку лістапада GARDP абвясціла аб выніках апошняга і найбуйнейшага даследавання заліфладацыну — III фазы клінічнага выпрабавання.

У выпрабаванні ўзялі ўдзел больш за 900 чалавек у пяці краінах з дыягнаставанай няўскладненай ганарэяй або інфекцыяй без іншых фактараў рызыкі, такіх, як цяжарнасць. Гэтыя пацыенты былі выпадковым чынам размеркаваны на прыём аднаразовай пераральнай дозы заліфладацыну або камбінацыі двух іншых антыбіётыкаў (цэфтрыаксону і азітраміцыну, якія выкарыстоўваюцца для звычайнага лячэння ганарэі). Дарэчы, як паведамляе Gizmodo, некаторыя краіны (напрыклад, ЗША) пачалі рэкамендаваць толькі цэфтрыаксон у якасці лячэння ганарэі, бо рэзістэнтнасць да азітраміцыну вырасла).

Выпрабаванне дасягнула сваёй асноўнай мэты: заліфладацын, здаецца, забіваў інфекцыю гэтак жа добра, як цэфтрыаксон і азітраміцын. Прэпарат таксама добра пераносіўся, і не было зарэгістравана ніякіх сур'ёзных пабочных эфектаў або смерцяў, звязаных з яго выкарыстаннем. Іншыя даследаванні паказалі, што заліфладацын выкарыстоўвае новы механізм для знішчэння бактэрый ганарэі і што ён можа супрацьстаяць устойлівым да лекаў штамам. Такім чынам, вынікі атрымаліся нават лепшымі, чым можа здацца на першы погляд.

Высновы павінны быць яшчэ правераныя навукоўцамі з іншых інстытутаў і рэгулюючымі органамі. Калі праверка пройдзе паспяхова, заліфладацын выйдзе на шлях да зацвярджэння. Такім чынам, ён можа стаць першым новым лекам ад ганарэі, паспяхова распрацаваным за апошнія дзесяцігоддзі. Таксама сродак вывучаецца ў якасці лячэння іншых ІППШ, такіх як хламідыёз.

GARDP тым часам ужо атрымала правы на камерцыялізацыю прэпарату ў трох чвэрцях краін свету, уключаючы большасць краін з нізкім і сярэднім узроўнем даходу. Entasis будзе валодаць правамі на асноўных рынках астатніх краін, уключаючы ЗША. У ідэале гэта будзе азначаць, што заліфладацын будзе адносна даступным у тых месцах, дзе гэта найбольш неабходна. Іншым важным фактарам будзе неабходнасць дазаваць прэпарат і выкарыстоўваць яго толькі тады, калі іншыя метады лячэння не працуюць, каб устойлівасць да яго заставалася нізкай як мага даўжэй.

Каментары3

  • Влад
    10.11.2023
    Почему в странах где мужчины не берут в жёны Б/У ситуация с ЗППП гораздо лучше, кто-нибудь задумывался? Может дело не в лекарствах?
  • дочка Максима Дизайнера
    12.11.2023
    почему на НН, як падаецца, амаль 100% жанчынаненавіснікаў?
  • нявеста Азаронка
    12.11.2023
    Влад, а вы святы? адналюб? жаніліся нявіннікам? сэкс толькі пасля шлюбу? і ніякіх палюбоўніц? 

Цяпер чытаюць

Беларускім топ-чыноўнікам у Валгаградзе раздалі каларадскія стужкі. Марзалюк застаўся з яблыневай ФОТЫ8

Беларускім топ-чыноўнікам у Валгаградзе раздалі каларадскія стужкі. Марзалюк застаўся з яблыневай ФОТЫ

Усе навіны →
Усе навіны

«Не пашпарт мяне робіць беларусам». Пагутарылі з эмігрантамі з розных краін, у якіх скончыліся пашпарты6

Якія мікрараёны Мінска самыя дарагія?1

Трамп сказаў, што Зяленскі можа адмовіцца ад Крыма2

У гарадскіх маршрутках павінны з'явіцца рамяні бяспекі

Канада сёння абірае новы парламент і прэм’ер-міністра на фоне канфлікту з Трампам1

Самую дарагую кватэру ў Мінску спрабуюць здаць за 10 тысяч даляраў штомесяц9

Банк папрасіў расказаць пра паездкі за мяжу. Навошта?

Учора ў Беларусі было не больш за +13°С1

Трамп зноў заклікае Пуціна «спыніць стральбу» і заключыць «здзелку»

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларускім топ-чыноўнікам у Валгаградзе раздалі каларадскія стужкі. Марзалюк застаўся з яблыневай ФОТЫ8

Беларускім топ-чыноўнікам у Валгаградзе раздалі каларадскія стужкі. Марзалюк застаўся з яблыневай ФОТЫ

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць