Свет

Кірыл Дзмітрыеў: хто гэты банкір, які стаў нечаканым пасланнікам Пуціна ў Вашынгтоне і суаўтарам мірнага плана Трампа

Ён нарадзіўся ў Кіеве, атрымаў адукацыю ў Стэнфардзе і ведае, як прыцягнуць увагу СМІ. Апошнім часам Дзмітрыеў стаў галоўным каналам сувязі паміж Крамлём і адміністрацыяй Дональда Трампа ў пытаннях міру ва Украіне. Аднак ці мае ён рэальную ўладу? Ці з'яўляецца ўсяго толькі зручным інструментам у руках Пуціна? Пра гэта піша Foreign Policy.

Кірыл Дзмітрыеў на сустрэчы ў Крамлі. 7 жніўня 2025 года. Фота: Alexander Nemenov / Pool Photo via AP

Прадукт заходняй бізнэс-школы

Кірыл Дзмітрыеў нарадзіўся ў 1975 годзе ў Кіеве. У 1996 годзе ён атрымаў ступень бакалаўра ў Стэнфардскім універсітэце, а ў 2000‑м — ступень магістра ў Гарвардскай школе бізнесу, паспеўшы папрацаваць у кансалтынгавай кампаніі McKinsey.

У 2011 годзе Дзмітрыеў узначаліў Расійскі фонд прамых інвестыцый (РФПІ) — дзяржаўную арганізацыю, створаную для прыцягнення інвестыцый. Да ўварвання ва Украіну ў 2022 годзе фонд прыцягнуў у краіну больш за 40 мільярдаў даляраў.

Узначальваючы РФПІ, Дзмітрыеў часта выступаў важным пасрэднікам паміж Расіяй і дзяржавамі Персідскага заліва, а дзелавыя сувязі, якія ён выбудаваў на Блізкім Усходзе, сталі ключавымі для яго спроб наладзіць кантакты з людзьмі з атачэння Трампа.

Як адзначаюць эксперты, Кірыл Дзмітрыеў — прадукт заходняй бізнес-школы. У адрозненне ад большасці людзей у атачэнні Пуціна ягоны шлях да ўлады не пралягаў праз кабінеты ФСБ ці МЗС. Ягоным капіталам сталі не пагоны, а ўменне наладжваць кантакты і прыцягваць грошы.

Падчас нядаўняга візіту ў ЗША банкір прадэманстраваў свае моцныя бакі: даў інтэрв'ю Fox News і CNN, падарыў амерыканскаму заканадаўцу шакаладныя цукеркі з выявай Пуціна і актыўна вёў свой профіль у твітары.

Здаецца, намаганні Дзмітрыева прынеслі пэўны плён: выданне Axios паведаміла, што ён шчыльна кансультуе пасланца Трампа Стыва Уіткафа па распрацоўцы новага мірнага плану для Украіны.

Былы намеснік кіраўніка Цэнтрабанка Расіі Сяргей Аляксашанка мяркуе, што Пуцін абраў Дзмітрыева не ў апошнюю чаргу дзякуючы ягоным навыкам банкіра. Аляксашанка, які коратка сустракаўся з ім больш за дзесяць гадоў таму, апісвае Дзмітрыева як абаяльнага чалавека, які ўмее будаваць адносіны і даказаў Пуціну, што можа даваць вынік, паспяхова прыцягваючы грошы для Расіі з Блізкага Усходу.

Аднак Аляксашанка перасцерагае ад перабольшвання статусу Дзмітрыева. Паводле яго слоў, мець давер Пуціна не азначае мець магчымасць уплываць на яго погляды.

Хоць заходнія СМІ часам называюць Дзмітрыева «заклінальнікам Трампа» (Trump whisperer), Алексашэнка лічыць гэта відавочным перабольшаннем. На яго думку, Дзмітрыева варта разглядаць хутчэй як пасланца Пуціна, а не як галоўнага перамоўшчыка.

Аляксашанка лічыць, што мэта Дзмітрыева — паспрабаваць змякчыць пазіцыю Вашынгтона, дэманструючы, што Расія мае што прапанаваць у фінансавым плане ЗША і людзям з атачэння Дональда Трампа. Яго біяграфія тлумачыць, чаму менавіта ён пасуе для гэтай задачы.

«Кірыл вельмі добра падрыхтаваны. Ён ведае краіну, ведае адміністрацыю і мае шмат асабістых сяброў, якія ведаюць людзей ва ўладзе», — тлумачыць Аляксашанка.

Аднак давер узмацняецца і асабістымі сувязямі. Як паведамляла расійскае выданне The Insider, жонка Дзмітрыева, Наталля Папова, з'яўляецца сяброўкай дачкі Пуціна, Кацярыны Ціханавай. Гэтая блізкасць да сям'і з'яўляецца ключавым фактарам у сістэме, пабудаванай Пуціным.

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін (у цэнтры) паціскае руку Кірылу Дзмітрыеву (другі справа) перад пачаткам сустрэчы з спецыяльным пасланнікам прэзідэнта ЗША Дональда Трампа Стывам Уіткафам (крайні злева). Санкт-Пецярбург. 11 красавіка 2025 года. Фота: Vyacheslav Prokofyev, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP

Дэбют у вялікай палітыцы

Упершыню Дзмітрыеў выйшаў на амерыканскую палітычную арэну адразу пасля перамогі Трампа ў 2016 годзе. Выкарыстоўваючы свае бізнэс-сувязі на Блізкім Усходзе, ён ініцыяваў кантакт з зяцем Трампа Джарэдам Кушнерам. Пасрэднікам выступіў Джордж Надэр, дарадца кіраўніка ААЭ Мухамеда бен Зайда, які пазнаёміў Дзмітрыева з сябрам Кушнера, кіраўніком хэдж-фонду Рыкам Герсанам.

Надэр таксама дапамог арганізаваць сустрэчу Дзмітрыева на Сейшэльскіх астравах у студзені 2017 года з Эрыкам Прынсам — заснавальнікам скандальнай прыватнай ваеннай кампаніі Blackwater і ўплывовым прыхільнікам Трампа.

У выніку гэтых кантактаў Кушнер атрымаў план прымірэння паміж ЗША і Расіяй, які пазней трапіў да дарадцаў Трампа Стыва Бэнана і будучага дзяржсакратара Рэкса Тылерсана.

Гэтая бурная дзейнасць не засталася незаўважанай. Імя Дзмітрыева згадвалася больш за 100 разоў у дакладзе спецпракурора Роберта Мюлера пра расійскае ўмяшанне ў выбары. Сам Дзмітрыеў пазней пракаментаваў гэта так:

«У дакладзе Мюлера мне было прысвечана 13 старонак — ніякіх парушэнняў не выяўлена. Я працаваў над пабудовай дыялогу паміж ЗША і Расіяй».

Рэальная ўлада ці зручная шырма?

З вяртаннем Трампа ў Белы дом Дзмітрыеў зноў актывізаваўся. Ён удзельнічаў у перамовах у Саудаўскай Аравіі, наведаў Вашынгтон (для чаго ЗША часова знялі з яго санкцыі) і прысутнічаў на саміце Трампа і Пуціна на Алясцы.

Аднак, нягледзячы на публічную актыўнасць, аналітыкі сумняваюцца ў рэальным уплыве Дзмітрыева на прыняцце рашэнняў у Крамлі.

«Я б не назвала Дзмітрыева ўплывовай фігурай», — адзначае ў інтэрв'ю выданню эксперт па Расіі і навуковы супрацоўнік Цэнтра Карнегі па вывучэнні Расіі і Еўразіі (Carnegie Russia Eurasia Center) Аляксандра Пракапенка.

Кірыл Дзмітрыеў і спецыяльны пасланнік прэзідэнта ЗША Дональда Трампа Стыў Уіткаф. Санкт-Пецярбург. 11 красавіка 2025 года. Фота: Vyacheslav Prokofyev, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP

На думку эксперткі, цяперашні статус Дзмітрыева як спецпрадстаўніка прэзідэнта быў дадзены яму хутчэй для таго, каб пасадзіць яго за стол перамоваў, а не для таго, каб надзяліць яго рэальным уплывам на працэс.

Заснавальніца расійскага сайта палітычнага аналізу R.Politik і навуковы супрацоўнік Цэнтра Карнегі Таццяна Станавая падкрэслівае, што Дзмітрыеў знаходзіцца па-за традыцыйнай сістэмай прыняцця рашэнняў, якая ўключае самога Пуціна, МЗС, ФСБ і Міністэрства абароны. «У гэтай сістэме для Дзмітрыева няма месца», — сцвярджае яна.

Ягоная роля выклікае раздражненне ў кар'ерных дыпламатаў. Паводле паведамленняў расійскага выдання «Агентство», падчас сустрэчы расійскіх і амерыканскіх перамоўшчыкаў у лютым гэтага года міністр замежных спраў Сяргей Лаўроў спрабаваў не дапусціць Дзмітрыева за стол перамоваў.

Амерыканскі бок таксама настроены скептычна. Міністр фінансаў ЗША Скот Бесент публічна назваў Дзмітрыева расійскім прапагандыстам, а эканамічныя прапановы, якія ён прасоўвае, пакуль не выклікалі цікавасці ў Вашынгтоне.

Спецыяльны пасланнік прэзідэнта Расіі па замежных інвестыцыях і эканамічным супрацоўніцтве Кірыл Дзмітрыеў у Пекіне. 2 верасня 2025 года. Фота: Maxim Shemetov / Pool Photo via AP

Па сутнасці, каштоўнасць Дзмітрыева для Пуціна заключаецца не ў ягоных дыпламатычных талентах, а ў ягоных даўніх кантактах з камандай Трампа.

«Людзям Трампа быў патрэбны нехта знаёмы, хто не быў заплямлены сувязямі з папярэдняй адміністрацыяй, і Дзмітрыеў падышоў на гэтую ролю», — сцвярджае Пракапенка.

Тым не менш, на нясталым полі крамлёўскай эліты Дзмітрыеў тэарэтычна можа яшчэ больш узвысіцца. З'явіліся чуткі пра незадаволенасць Пуціна Лаўровым, бо той прапусціў ключавую сустрэчу па ядзерных выпрабаваннях у пачатку лістапада і адсутнічае ў спісах удзельнікаў саміта G20.

Аднак Крэмль гэта абвяргае, а эксперты сумняваюцца ў такой версіі. У любым выпадку, нават калі пазіцыі Дзмітрыева ўмацуюцца, канчатковае слова застаецца за адным чалавекам. Як падкрэслівае аналітык Таццяна Станавая: «Вырашае толькі Пуцін».

Каментары

Цяпер чытаюць

З'явіўся план Еўропы па заканчэнні вайны ва Украіне — поўны тэкст69

З'явіўся план Еўропы па заканчэнні вайны ва Украіне — поўны тэкст

Усе навіны →
Усе навіны

«Яшчэ адзін пазітыўны крок Лукашэнкі». Джон Коўл пракаментаваў вызваленне 31 украінца10

Выйшаў на свабоду палітвязень Міхаіл Сталярчук

Трамп сустрэўся ў Белым доме з Зохранам Мамдані. Яны паводзілі сябе як найлепшыя сябры7

Спявак Аляксей Хлястоў цяпер працуе ў таксі34

У ГУР падзякавалі амерыканцам за вызваленне зняволеных украінцаў і адзначылі «канструктыўную пазіцыю кіраўніцтва Беларусі»2

Украінскі дрон падбіў расійскі верталёт у небе над Растоўскай вобласцю3

Орбан пагражае заблакаваць еўрапейскую дапамогу Украіне, калі не будзе безумоўна прыняты план Трампа11

З Беларусі дазваляюць выязджаць толькі тым літоўскім фурам, якія заехалі ў краіну пасля адкрыцця мяжы4

У супермаркеце ў Новай Баравой гадамі жывуць вераб'і3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

З'явіўся план Еўропы па заканчэнні вайны ва Украіне — поўны тэкст69

З'явіўся план Еўропы па заканчэнні вайны ва Украіне — поўны тэкст

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць