Здароўе11

Два дні дыеты на аўсянцы. І што, які вынік?

Навукоўцы правялі новае даследаванне ўплыву аўсянкі на арганізм. Яно мела вельмі строгія крытэрыі і грунтавалася на сур'ёзных замерах.

Oatmeal
Фота: Getty Images

Тое, што авёс карысны для абмену рэчываў, — не навіна. Яшчэ напачатку XX стагоддзя з дапамогай гэтай крупы паспяхова лячылі дыябетыкаў. Сёння для тэрапіі дыябету існуюць эфектыўныя медыкаменты, таму за апошнія дзесяцігоддзі гэты метад амаль цалкам выпаў з поля зроку дактароў.

Тым не менш нядаўняе даследаванне навукоўцаў з Бонскага ўніверсітэта паказала, што патэнцыял аўсянкі рана спісваць з рахункаў. У кароткатэрміновым эксперыменце прынялі ўдзел мужчыны і жанчыны ва ўзросце ад 45 да 70 гадоў. Яны яшчэ не мелі дыябету, але знаходзіліся ў групе рызыкі праз метабалічны сіндром — стан, які суправаджаецца залішняй вагой, павышаным артэрыяльным ціскам, інсулінарэзістэнтнасцю і анамальным узроўнем тлушчаў у крыві. 

З вынікамі даследавання знаёміць выданне Bild.

Выявілася, аўсяныя шматкі здольныя на большае, чым проста задаволіць голад. Новае даследаванне паказала: усяго два дні на строгай аўсянай дыеце могуць істотна знізіць узровень халестэрыну. Прычым станоўчы эфект захоўваецца на працягу наступных шасці тыдняў.

300 грамаў аўсянкі ў дзень

Група з 34 чалавек была падзелена на дзве роўныя часткі. Першая два дні запар тройчы на дзень з’ядала па 100 грамаў аўсяных шматкоў у выглядзе кашы. Дазвалялася дадаваць толькі невялікую колькасць садавіны ці гародніны. Дыета была нізкакаларыйнай. Кантрольная група атрымлівала аналагічнае па пажыўных рэчывах харчаванне, але без аўсяных шматкоў.

Вынікі аказаліся ўражвальнымі. Ужо праз 48 гадзін агульны халестэрын знізіўся ў сярэднім на 15,61 мг/дл. Узровень «дрэннага» халестэрыну (ЛПНП) знізіўся на 16,26 мг/дл, або прыкладна на 10%. Па словах аўтараў, гэта істотны паказчык, хоць ён і не зусім супастаўны з эфектам сучасных лекаў.

Адначасова ў крыві значна вырасла канцэнтрацыя пэўных метабалітаў, у тым ліку дыгідраферулавай кіслаты. Гэтае злучэнне ўтвараецца кішачнымі бактэрыямі падчас перапрацоўкі кампанентаў аўса і, верагодна, звязана са зніжэннем узроўню халестэрыну. Акрамя таго, вядома, што авёс багаты на растваральныя харчовыя валокны (β-глюканы), якія таксама спрыяюць зніжэнню халестэрыну ў крыві.

Нечаканасцю стала тое, што эфект быў прыкметны нават праз шэсць тыдняў, хоць удзельнікі ўжо даўно вярнуліся да звычайнага харчавання.

Інтэнсіўны курс больш эфектыўны

У другім, незалежным даследаванні (таксама з удзелам 34 чалавек) палова ўдзельнікаў на працягу шасці тыдняў замяняла аўсянкай (80 г) толькі адзін прыём ежы ў дзень. Астатні рацыён заставаўся нязменным і не абмяжоўваўся па калорыях. У гэтым выпадку не было зафіксавана ніякага значнага ўплыву на ўзровень халестэрыну.

Розніца відавочная: у першым выпадку порцыя аўса была значна большай, і на два дні ён фактычна цалкам замяніў звыклую ежу. У другім жа эксперыменце авёс проста дадалі ў звычайны рацыён. Вынікі сведчаць: ключавым фактарам можа быць менавіта інтэнсіўнасць такога кароткатэрміновага харчовага курсу.

Па словах аўтараў, у далейшым яны паспрабуюць высветліць, ці будзе інтэнсіўны курс ужывання аўсянкі, які паўтараецца кожныя шэсць тыдняў, мець стабільны прафілактычны эфект у доўгатэрміновай перспектыве.

Каментары1

  • аўсянка сэр
    08.03.2026
    ангельскую кухню асабліва здаровай не назавеш... але можа іх ратуе... аўсянка ?

Цяпер чытаюць

Трамп гатовы дазволіць Украіне вырабляць у сябе ракеты для Patriot

Трамп гатовы дазволіць Украіне вырабляць у сябе ракеты для Patriot

Усе навіны →
Усе навіны

У Слоніме амапаўцы вучылі мясцовых сілавікоў разганяць пратэсты6

Памёр Мікалай Чаргінец57

МАК зняў рэкамендацыі аб адхіленні Расіі ад міжнародных спартыўных спаборніцтваў4

Каб не сядзець у Расіі за наркотыкі, малады даносчык з Ашмянаў запісаўся на фронт. Дый згінуў16

Новы ўкраінска-брытанскі рэактыўны дрон Griffen упершыню знішчыў расійскі «Шахед»1

У Цнянцы пад Мінскам плануюць пабудаваць новы жылы квартал1

У Жлобіне раскрылі забойства немаўляці, учыненае больш за 20 гадоў таму3

Зяленскі ў Анкары: Вы сапраўды лічыце правільным, каб краіна з такім досведам заставалася па-за НАТА?2

НАТА заменіць амерыканскія самалёты AWACS на шведскія Saab GlobalEye1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Трамп гатовы дазволіць Украіне вырабляць у сябе ракеты для Patriot

Трамп гатовы дазволіць Украіне вырабляць у сябе ракеты для Patriot

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць