Грамадства

Пачобут плануе вярнуцца ў Беларусь пасля паездкі ў ЗША, але не ведае, як павядуць сябе ўлады

Былы палітзняволены журналіст Андрэй Пачобут пасля паездкі ў Злучаныя Штаты плануе вярнуцца ў Беларусь, дзе хоча засяродзіцца на напісанні кнігі пра ўласную гісторыю. Пры гэтым ён не ведае, як на яго вяртанне адрэагуюць беларускія ўлады і ці дазволяць яму ўехаць у краіну, піша «Белсат».

Андрэй Пачобут у Гродне падчас апошняй паездкі

Пачобут у інтэрв'ю TVP растлумачыў, што раней выехаў у Варшаву праз арганізацыйныя пытанні, звязаныя з паездкай у ЗША. Пасля вяртання з Амерыкі ён збіраецца працягнуць працу над кнігай. Паводле яго, нават самае доўгае інтэрв’ю не дазваляе расказаць пра ўсе падзеі пяці гадоў зняволення, а кніга дасць магчымасць выкласці гэту гісторыю ад пачатку да канца.

Журналіст прызнаў, што ягоная ідэя вярнуцца ў Беларусь не выклікала энтузіязму ў сям’і. Аднак блізкія ў выніку прынялі яго рашэнне. Пачобут адзначыў, што ніхто не хоча, каб родны чалавек апынуўся пад пагрозай, але ў падобнай сітуацыі ў Беларусі працягваюць знаходзіцца сотні тысяч палякаў і актывісты Саюза палякаў.

Ён лічыць, што нават беларускія ўлады да канца не ведаюць, як будуць дзейнічаць, паколькі сітуацыя ў рэгіёне змяняецца. На яе ўплываюць вайна ва Украіне і перамовы адміністрацыі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі, у выніку якіх 16 верасня былі вызваленыя чарговыя 25 палітычных зняволеных. Пачобут падкрэсліў, што існуюць розныя сігналы і версіі адносна далейшага развіцця падзей у Беларусі.

Па словах журналіста, колькасць палітычных зняволеных у Беларусі значна большая за 800—900 чалавек, якія трапляюць у праваабарончыя спісы. Ён расказаў, што падчас знаходжання ў лагеры бачыў дзясяткі людзей, пра якіх не было інфармацыі ў спісах праваабаронцаў. Некаторыя сем’і баяліся публічнасці, бо лічылі, што гэта можа пагоршыць становішча зняволеных або стварыць дадатковыя праблемы для іх родных.

Пачобут станоўча ацаніў вызваленне палітвязняў у выніку амерыканскіх намаганняў, але звярнуў увагу, што адначасова з вызваленнямі ў Беларусі працягваюцца арышты. Па яго словах, адных людзей выпускаюць, а іншых саджаюць, падтрымліваючы ў грамадстве атмасферу страху. Ён лічыць, што для дыпламатаў, якія вядуць дыялог з Лукашэнкам, важна дамагацца паляпшэння сітуацыі не толькі ў пытанні вызвалення асобных зняволеных, але і ўнутры Беларусі.

Былы палітвязень не выключае магчымасці новага зняволення пасля вяртання, бо наступствы турэмнага досведу па-ранейшаму застаюцца ў ім. Аднак ён адзначае, што не абавязкова ўсё павінна развівацца паводле сцэнару новых рэпрэсій.

Пачобут заявіў, што рэжым Лукашэнкі раней дэманстраваў цыклічнасць: калі ўлады адчувалі пагрозу, рэпрэсіі ўзмацняліся, людзей часцей адпраўлялі ў турмы, а меркаванне Захаду не мела для іх істотнага значэння. Цяпер жа, на яго думку, важную ролю адыгрывае эканоміка, паколькі беларускія ўлады зацікаўленыя ў эканамічным супрацоўніцтве з Захадам.

Ён таксама расказаў пра свае адчуванні пасля нядаўняга ўезду ў Беларусь. Калі пасля перасячэння мяжы ён апынуўся ў пакоі з трыма супрацоўнікамі, яму на імгненне падалося, што больш за 130 дзён на волі былі толькі сном і ён па-ранейшаму знаходзіцца ў месцы зняволення. Пачобут падкрэсліў, што ўнутраны стан вязня, у якім ён жыў на працягу некалькіх гадоў, усё яшчэ застаецца ў ім.

Асобна Пачобут закрануў пытанне правядзення з’езда незарэгістраванага Саюза палякаў у Беларусі. Паводле яго, арганізацыя была перакананая, што праводзіць з’езд у цяперашніх умовах небяспечна. Пры гэтым беларускія ўлады, як лічыць Пачобут, убачылі, што ягоны прыезд не ўяўляе пагрозы для існай сістэмы ўлады.

Ён падкрэсліў, што дзейнасць Саюза палякаў не звязаная з палітычнай барацьбой. Арганізацыя займаецца захаваннем польскай ідэнтычнасці, вывучэннем польскай мовы, развіццём культуры і апекай над месцамі нацыянальнай памяці. Паводле Пачобута, прастора свабоды, якую Саюз палякаў змог захаваць прыкладна з 2022—2023 гадоў, пакуль застаецца стабільнай і не звужаецца.

Палякі ў Беларусі ўспрынялі ягоны прыезд як станоўчы сігнал, які можа сведчыць пра магчымасць паляпшэння сітуацыі. Пачобут назваў настрой польскай меншасці ўмерана аптымістычным. Ён лічыць, што ягоны прыезд не адбыўся б, калі б беларускія ўлады рыхтавалі рэзкія дзеянні супраць польскай меншасці.

Разам з тым сітуацыя можа змяніцца пад уплывам новых фактараў, сярод якіх Пачобут назваў мабілізацыю ў Расіі, магчымае выкарыстанне беларускай тэрыторыі ў вайне супраць Украіны або для правакацый у дачыненні да суседніх краін. Ён падкрэсліў, што невядомых застаецца шмат, але польская меншасць не ігнаруе станоўчыя сігналы.

Новых дат правядзення з’езду Саюзу палякаў Пачобут не назваў. Раней кіраўніца СПБ Анжаліка Борыс атрымала паўнамоцтвы весці перамовы з беларускімі ўладамі аб легалізацыі арганізацыі пры ўмове ўдзелу Польшчы. 8 верасня стала вядома, што беларускія ўлады прапанавалі легалізаваць дзейнасць Саюза палякаў. Аднак для гэтага цяперашнюю арганізацыю, магчыма, давядзецца распусціць і стварыць новую, у тым ліку пад іншай назвай. З’езд пакуль адкладзены і павінен адбыцца на працягу шасці месяцаў.

Каментары

Цяпер чытаюць

Масавыя арышты афіцэраў прайшлі на авіябазе ў Мачулішчах — абвінавачваюць у сувязях з апазіцыяй43

Масавыя арышты афіцэраў прайшлі на авіябазе ў Мачулішчах — абвінавачваюць у сувязях з апазіцыяй

Усе навіны →
Усе навіны

Кадыраў набраў 99,85% на выбарах кіраўніка Чачні7

Трамп падчас тэлефоннай размовы з Зяленскім настойліва патрабаваў спыніць удары па расійскіх НПЗ31

Хто такі Сяргей Алісеенка, які стварыў ШІ-чат-бот, што трапіў у топ-10 свету разам з ChatGPT і Claude10

Удар па Запарожжы: гарэлі дамы, гандлёвы цэнтр і найстарэйшы корпус універсітэта1

«Шторанку тазік памідораў». Што за беларускі сорт «Зорка», які так хваляць4

«Катастрофа». Партыя Мерца не прайшла ў парламент у Пярэдняй Памераніі21

Колькі рыс нашага характару абумоўлены генамі? Новае даследаванне кажа, што не так і шмат1

Якое малако лепшае: каровіна, соевае, аўсянае, міндальнае, рысавае? А можа, какосавае?1

Сімулятар беларуса. Хутка выйдзе гульня, у якой трэба чысціць бульбу3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Масавыя арышты афіцэраў прайшлі на авіябазе ў Мачулішчах — абвінавачваюць у сувязях з апазіцыяй43

Масавыя арышты афіцэраў прайшлі на авіябазе ў Мачулішчах — абвінавачваюць у сувязях з апазіцыяй

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць