Папа Леў XIV заклікаў Еўропу абараняць парадак, заснаваны на вяршэнстве права і дыялогу
Папа Леў XIV падчас выступлення ў французскім Мецы заклікаў Еўропу падтрымліваць шматбаковы падыход у міжнародных адносінах і абараняць парадак, заснаваны на вяршэнстве права і дыялогу. Паводле яго слоў, шматбаковыя механізмы з'яўляюцца «найлепшай абаронай ад імкнення да дамінавання», піша Euronews.

Пантыфік гаварыў пра сучасны свет, у якім становіцца ўсё больш канфліктаў — ад войнаў і голаду да пагаршэння адносін паміж людзьмі. Сітуацыю ён ахарактарызаваў як «усё менш цывілізаваную». Леў XIV таксама раскрытыкаваў хлусню і падман, якія, на яго думку, спрыяюць росту недаверу паміж грамадзянамі і ўладамі.
Выступаючы ў родным горадзе Рабэра Шумана, аднаго з заснавальнікаў еўрапейскай інтэграцыі, папа заявіў, што Еўропа здольная разарваць гэта заганнае кола, калі будзе прытрымлівацца прынцыпу павагі да іншых, вяршэнства права і дыялогу.
«Еўропа можа разарваць гэта кола, захоўваючы прынцып павагі да іншых, які яна паспяхова развівала і падтрымлівала, наглядна паказаўшы за апошнія восемдзесят гадоў, што розныя меркаванні, патрабаванні і інтарэсы можна выказваць праз дыялог, а не праз супрацьстаянне», — сказаў ён.
Леў XIV непасрэдна не згадваў вайну Расіі супраць Украіны, але асудзіў тое, што назваў новай «бессэнсоўнай разнёй» на еўрапейскай зямлі. Ён заклікаў да цярплівага дыялогу, смеласці на перамовах і гатоўнасці саступаць у асобных пытаннях дзеля найпершай мэты — міру.
Папа таксама заклікаў еўрапейцаў памятаць пра хрысціянскія карані кантынента. Ён падкрэсліў, што Еўропа — гэта не толькі геаграфічная тэрыторыя, але і «культурная і гістарычная рэальнасць».
«Мы не можам гаварыць пра Еўропу, не згадваючы хрысціянства», — заявіў Леў XIV.
Паводле яго слоў, хрысціянскія традыцыі могуць суіснаваць з намаганнямі па фармаванні будучыні Еўропы. Ён адзначыў, што кантынент развіваўся тады, калі ўмеў абапірацца на найлепшыя бакі свайго мінулага і па-новаму, творча асэнсоўваць іх праз сустрэчу з іншымі культурамі і народамі.
Выбар Меца для выступлення меў выразны еўрапейскі сімвалізм. Горад знаходзіцца на паўночным усходзе Францыі, у Латарынгіі, недалёка ад мяжы з Германіяй, і з'яўляецца радзімай Рабэра Шумана.
Пры гэтым гісторыя Меца адлюстроўвае і шматлікія канфлікты, якія фармавалі сучасную Еўропу. Горад некалькі разоў пераходзіў ад Францыі да Германіі, а ў 1940 годзе быў анексаваны нацысцкай Германіяй пасля паразы і акупацыі Францыі.
У Елісейскім палацы заявілі, што праграма візіту павінна была падкрэсліць «еўрапейскае і трансгранічнае вымярэнне» Латарынгіі — рэгіёна, які знаходзіцца на скрыжаванні некалькіх краін з агульнай, але нярэдка трагічнай гісторыяй войнаў.
На мерапрыемства запрасілі кіраўнікоў ЕС і еўрапейскіх інстытутаў, аднак да прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона далучыліся толькі нешматлікія з іх, у тым ліку прадстаўнікі Манака, Андоры і Люксембурга.
У сустрэчы таксама ўдзельнічалі прадстаўнікі розных рэлігійных супольнасцяў, сярод іх галоўны рабін Францыі Аім Корсія і рэктар Вялікай парыжскай мячэці Шэмс-Эдзін Хафіз.
Папа Леў XIV прызначыў новага кіраўніка для беларускіх грэка-каталікоў. Ім стаў беларус
Папа Леў XIV трапіў у спіс самых стыльных людзей свету па версіі вядомага амерыканскага часопіса
Папа Леў асвяціў вежу Ісуса Хрыста ў барселонскім храме Святога Сямейства роўна праз 100 гадоў пасля смерці Гаўдзі
На фасадзе Ватыканскай бібліятэкі з'явілася гіганцкая хваля. Што гэта азначае?
Каментары
Асабліва, што да вайны ўражвае...