«Не спяшайцеся, са мной усё добра». Як з-пад завалаў разбуранага дома пад Кіевам выратавалі 7‑гадовага Давіда і 79‑гадовую Валянціну
З першага па пяты паверх — руіны. Гэта ўсё, што засталося ад аднаго з пад’ездаў жылога пяціпавярховіка ў Дымеры Кіеўскай вобласці. У выніку расійскага ўдару ў нядзелю тут загінулі 11 чалавек, піша Бі-бі-сі — Украіна.

Дваіх цудам удалося выратаваць. Гэта сямігадовы Давід, які правёў пад заваламі 13,5 гадзіны, і 79‑гадовая Валянціна, якую знайшлі праз 22 гадзіны пасля пачатку пошукаў.
«Дактары аказваюць неабходную дапамогу Давіду — хлопчыку, якога выратавалі з-пад завалаў дома ў Дымеры. Бацькі знаходзяцца побач з ім. Яшчэ чацвёра пацярпелых таксама застаюцца ў бальніцы. Сярод іх і жанчына, якую ўдалося выратаваць уначы. Яна правяла пад заваламі амаль 22 гадзіны», — паведаміў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.
Яшчэ дзевяць жыхароў дома эвакуявалі.
А пятай гадзіне раніцы расійскі ўдарны беспілотнік пацэліў у жылы дом, калі людзі спалі ў сваіх кватэрах.
Гэта павінна была быць звычайная нядзеля — са сваімі планамі і штодзённымі справамі. Але ў адно імгненне ўсё ператварылася ў груды бетону.
Пад заваламі апынуліся каля 13 чалавек. Выратавальнікі бесперапынна шукалі іх увесь дзень і ўсю ноч, разбіраючы бетонныя канструкцыі і металічныя абломкі ўручную і з дапамогай тэхнікі.
Працу ўскладняла пагроза паўторных расійскіх атак. Расійская армія працягвае наносіць удары па выратавальніках і паліцыянтах, якія прыбываюць на месцы абстрэлаў, каб дапамагчы пацярпелым.
На месцы разбуранага дома працавалі 130 чалавек — супрацоўнікі Дзяржаўнай службы па надзвычайных сітуацыях і Нацыянальнай паліцыі, кінолагі, псіхолагі, следчыя і выбухатэхнікі. Яны рэгулярна абвяшчалі хвіліны цішыні ў надзеі пачуць галасы з-пад завалаў.
І ў адзін з такіх момантаў, ужо ўвечары ў нядзелю, выратавальнікі пачулі пад абломкамі рух і голас хлопчыка.
Выратаванне Давіда
«Калі хлопцы разбіралі завалы, ён пачуў галасы выратавальнікаў і пачаў рухацца», — распавяла Украінскай службе Бі-бі-сі прэс-сакратарка Дзяржаўнай службы па надзвычайных сітуацыях Кіеўскай вобласці Вікторыя Рубан.
Спачатку выратавальнікі знайшлі рэчы, якія апазналі сваякі, кажа кіраўнік МУС Іван Выгоўскі. Пазней яны знайшлі і самога Давіда.
Пачуўшы рух пад абломкамі, выратавальнікі пачалі размаўляць з хлопчыкам і спыталі, як яго завуць. Ён адказаў: «Давід».
Разуменне, што хлопчык жывы, дадало супрацоўнікам ДСНС сіл і прымусіла каманду працаваць яшчэ хутчэй, кажа Рубан.
«Ва ўсіх нашых хлопцаў нібы адкрылася другое дыханне. Яны пачалі капаць яшчэ больш заўзята, крычаць, каб хутчэй прынеслі насілкі. Але хлопчык спакойна сказаў: «Не спяшайцеся, са мной усё добра».
Зварушлівы дыялог паміж выратавальнікамі і Давідам абляцеў украінскія СМІ.
Хлопчык правёў пад заваламі амаль 14 гадзін, але практычна не пацярпеў. Выратавальнікі адразу перадалі яго медыкам.
Усе гэтыя страшныя 14 гадзін бацькі Давіда чакалі вестак пра сына, стоячы каля разбуранага дома.
Бацькі і хлопчык спалі ў розных пакоях, і пасля ўдару «Шахеда» іх падзяліла сцяна, патлумачыла прэс-сакратарка ДСНС.
Пакоі іх кватэры на трэцім паверсе выходзілі на розныя бакі дома. Бацькі знаходзіліся ў пакоі, вокны якога выходзілі на дарогу. Адтуль іх амаль адразу эвакуявалі выратавальнікі з дапамогай аўталесвіцы.
А пакой Давіда выходзіў у двор, і гэтая частка дома цалкам абрынулася. Але хлопчыку цудам удалося выжыць пад бетоннымі плітамі.
Валянціна
Звычайна праз 22 гадзіны з пачатку пошукаў надзеі знайсці кагосьці жывым амаль не застаецца. Але 79‑гадовая Валянціна здолела дачакацца выратавання.
Амаль праз суткі пасля пачатку разбору завалаў выратавальнікам удалося дабрацца да ўчастка паміж першым і другім паверхамі. Там яны пачулі ціхі голас з-пад бетонных пліт, распавяла прэс-сакратарка ДСНС.
«Пачалі клікаць, зноў пачулі голас, сталі гукаць, спыталі, як завуць. Жанчына адказала: «Валянціна».
Выратавальнікі працягнулі працаваць, пашыраючы адтуліну паміж бетоннымі плітамі. Унутр пралез медык і зрабіў жанчыне ін'екцыю прэпарата для падтрымання арганізма. Затым да яе дабраўся яшчэ адзін выратавальнік.
Пасля гэтага Валянціну ўдалося выняць з-пад завалаў.
«Ёй 79 гадоў, яна правяла пад заваламі 22 гадзіны. Яна знаходзілася на першым паверсе і ўвесь гэты час так і ляжала ў ложку, накрытая тонкай коўдрай», — кажа Рубан.
Валянціну вынеслі з разбуранага дома і перадалі дактарам. «Яна гаварыла вельмі ціха, але была ў яснай свядомасці», — дадала прэс-сакратарка ДСНС.
Валянціну выратаваў цуд.
«Пліты перакрыцця склаліся ў канструкцыю, якая нагадвае юрту. Паміж імі засталася невялікая прастора — ад першага паверха да ўзроўню столі другога. Менавіта ў гэтым прамежку і аказаклася Валянціна», — патлумачыла Вікторыя Рубан.
Што вядома пра загінулых
Раніцай у панядзелак выратавальнікі працягвалі разбіраць завалы пяціпавярховіка ў Дымеры, але людзей пад імі ўжо не заставалася, распавяла прэс-сакратарка ДСНС Кіеўскай вобласці.
Канчатковая колькасць загінулых — 11 чалавек.
Сярод загінулых — 12‑гадовая дзяўчынка Кіра. Раней журналісты паведамлялі, што яе шукаюць разам з 7‑гадовым Давідам. Але выратаваць Кіру і яе маму не ўдалося — іх знайшлі разам пад абломкамі.

«Астатнія загінулыя — дарослыя людзі рознага веку, мужчыны і жанчыны. Целы некаторых з іх былі ў вельмі дрэнным стане, — распавяла прэс-сакратарка ДСНС. — Усё залежала ад таго, дзе яны знаходзіліся».
Адным з першых у нядзелю з-пад завалаў дасталі цела 18‑гадовага Рамана.
Пра гібель юнака паведаміла яго стрыечная сястра Юлія Юркоўская. Яна апублікавала ў сацсетках сямейную фатаграфію з Раманам.
«Гэта мой стрыечны брат Рома. Яму было ўсяго 18 гадоў. У яго наперадзе павінна было быць цэлае жыццё, мары, планы, шчаслівая будучыня», — напісала дзяўчына.

Юнак зусім нядаўна адзначыў паўналецце і нават паспеў памяняць пашпарт, распавёў журналістам «Суспільного» айчым Рамана Аркадзь.
У тую ноч яго маці і айчым знаходзіліся ў вёсцы, а Раман вырашыў застацца начаваць у кватэры ў Дымеры. Родныя прасілі яго паехаць з імі, але юнак адмовіўся.
«Яму 18 гадоў, учора мы там пашпарт мянялі. І ён паехаў дадому, не захацеў ехаць у вёску, паехаў дадому», — распавёў айчым Рамана.
Увечары ў нядзелю Расія таксама нанесла ўдар беспілотнікам па прадуктовай краме NOVUS у Вішнёвым Кіеўскай вобласці. Загінулі тры чалавекі, яшчэ 15 атрымалі раненні.
Сярод загінулых — 36‑гадовая настаўніца пачатковых класаў Марына Мойчанка, паведамілі ў Вішнёўскім ліцэі «Аснова», дзе яна працавала.
«Яна была светлым, спагадлівым чалавекам і педагогам, які ўкладаў душу ў кожнага вучня. Для малечы яна стала першай настаўніцай, якая вучыла дабрыні, адкрытасці і любові да ведаў, а для нас — надзейнай калегай і шчырым сябрам», — напісалі калегі.

У Марыны Мойчанкі засталіся дзве дачкі.
23 лістапада ў Дымеры і Кіеўскай вобласці быў абвешчаны дзень жалобы па загінулых у выніку расійскай атакі беспілотнікаў.
Сёння раніцай украінскія СМІ паведамілі, што ў бальніцы памерла 79‑гадовая жанчына, якую ў ноч на 23 лістапада ратавальнікі дасталі з-пад завалаў пяціпавярховага дома ў Дымеры на Кіеўшчыне.
Імаверна, размова пра згаданую вышэй Валянціну.
«У бальніцы памерла 79‑гадовая жанчына, якую выратавалі з-пад завалаў разбуранага варожым дронам дома ў Дымеры. Медыкі да апошняга змагаліся за яе жыццё, але, на жаль, выратаваць яе не ўдалося», — расказаў кіраўнік Кіеўскай абласной ваеннай адміністрацыі Цімур Ткачэнка.
Жанчына стала дванаццатай ахвярай расійскага ўдару па доме. Самай малодшай з загінулых было 11 гадоў.
-
Войска Расіі атакавала Запарожжа: загінулі два чалавекі, яшчэ 22 — параненыя, сярод іх ёсць дзеці
-
Беларус з Кобрына, які ваяваў за Расію, скончыў на фронце жыццё самагубствам
-
Больш за 700 тысяч. Узламаная «Кіберпартызанамі» база Расстата дазволіла ўдакладніць колькасць забітых і зніклых без вестак на вайне расіян
Каментары