У Новалукомлі Тадэвуш Кандрусевіч асвяціў абраз, створаны штучным інтэлектам
Такое ўпершыню адбылося ў Беларусі, а магчыма, і ў свеце.

На абразе — Карла Акуціс — італьянскі падлетак, які распаўсюджваў каталіцкую веру праз інтэрнэт і стаў першым святым міленіялам.
11 кастрычніка ў касцёле святой Марыі Магдалены ў Новалукомлі арцыбіскуп-эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч благаславіў новы абраз святога Карла Акуціса, паведамляе Katolik.life.
Пра тое, што выяву спецыяльна стварылі з дапамогай штучнага інтэлекту, падчас анлайн-трансляцыі імшы расказаў пробашч парафіі ксёндз Мікалай Ліпскі.
Абраз размясцілі ў бакавым алтары. Ён будзе служыць заслонай для абраза галоўнай апякункі парафіі — святой Марыі Магдалены.
Паводле пробашча, выявы гэтых двух святых злучаюць евангельскую гісторыю І стагоддзя з патрэбамі сучаснага лічбавага свету.
Карла Акуціс стварыў інтэрнэт-каталог эўхарыстычных цудаў і выкарыстоўваў сеціва для распаўсюджвання каталіцкай веры. Ён памёр ва ўзросце 15 гадоў, а ў 2025 годзе быў кананізаваны. Яго называюць апекуном моладзі і інтэрнэту.
Як піша Katolik.life, у сацсетках частка вернікаў раскрытыкавала ініцыятыву парафіі. Яны сцвярджаюць, што згенераваную штучным інтэлектам выяву нельга лічыць абразом і перад ёй не варта маліцца.
Каментары