Удары Украіны па расійскіх нафтазаводах азалацілі беларускія НПЗ
У студзені-верасні сукупны прыбытак прадпрыемстваў Наваполацка вырас на 0,84 мільярда рублёў, прадпрыемстваў Мазырскага раёна — на 2,11 мільярда. Усё дзякуючы спрыяльнай нафтавай каньюнктуры і патрэбы Расіі ў беларускіх нафтапрадуктах.

За 9 месяцаў арганізацыі Наваполацка атрымалі 0,97 млрд рублёў чыстага прыбытку. Гэта ў 7,4 раза больш, чым год таму. Прычым цяпер Наваполацк забяспечвае 54% усяго прыбытку Віцебскай вобласці. Пры гэтым у горадзе працуе толькі 9% занятых у эканоміцы рэгіёна. (Тут і далей — лічбы Белстата.)
Менавіта ў Наваполацку знаходзіцца нафтаперапрацоўчы завод «Нафтан».
Аналагічная сітуацыя і ў Мазыры, дзе працуе іншы беларускі нафтаперапрацоўчы завод.
За студзень-жнівень прадпрыемствы і арганізацыі Мазырскага раёна атрымалі 1,39 млрд чыстага прыбытку. Тады як год таму было 0,72 млрд рублёў страты. Рэнтабельнасць продажаў на Мазыршчыне вырасла з 0,1% да 17,6%.
Вынікі МНПЗ пацягнулі ўверх і паказчыкі па Гомельскай вобласці. Агулам там атрымалі 1,94 млрд рублёў чыстага прыбытку супраць 0,34 млрд годам раней. Але гэта таксама азначае, што прыбыткі ўсіх іншых прадпрыемстваў і арганізацый вобласці за год скараціліся на паўмільярда і цяпер, па-за нафтазаводам, працавалі ў мінус.
Гэты фантастычны рост тлумачыцца выгаднай замежнагандлёвай каньюнктурай. Цэны на нафту і нафтапрадукты скокнулі пасля нападу ЗША і Ізраіля на Іран, які адказаў блакадай Армузскай пратокі. А Расія перайшла да імпарту нафтапрадуктаў, пасля таго як Украіна дронавымі ўдарамі вывела з ладу добрую частку яе нафтаперапрацоўчых магутнасцей. Па стане на сёння, не працуюць 45% іх аб'ёму.
«Ну, мы даём рады. Даём рады за кошт паставак дадатковых, пераносаў рамонту ўправа. Так, ёсць дэфіцыт, але ён пакуль не адчуваецца. Мы плануем у тым ліку нарошчваць паступленні на ўнутраны рынак за кошт блізкага замежжа, далёкага замежжа і дадатковай вытворчасці», — заявіў 29 лістапада віцэ-прэм'ер Расіі Аляксандр Новак у каментарыі для ІС «Вести».
Паводле звестак СМІ, за студзень-кастрычнік Беларусь паставіла ў Расію каля 1,25 млн тон нафтапрадуктаў — гістарычны рэкорд. Пастаўкі дызпаліва перавысілі 0,6 мільёна тон. Беларускія нафтазаводы працуюць на максімуме сваіх магчымасцей.
Эканамічная сітуацыя ў многіх іншых галін беларускай эканомікі крытычная.
Жлобінскі раён, дзе размешчаны Беларускі металургічны завод, ужо доўгі час застаецца адным з найбольш праблемных прамысловых цэнтраў. За студзень—жнівень 2026 года агульныя страты прадпрыемстваў раёна склалі 132,1 млн рублёў. За год яны выраслі амаль на 70 мільёнаў.
Прадпрыемствы Светлагорскага раёна яшчэ летась спрацавалі з прыбыткам, а за першыя дзевяць месяцаў 2026 года атрымалі амаль 70 мільёнаў чыстай страты.
І ў Наваполацку тое самае: па-за нафтаперапрацоўкай справы ў горада горшыя, чым раней. Стратных арганізацый стала 12 замест 5 — амаль кожная чацвёртая. Новых працоўных месцаў створана на чвэрць менш: 189 супраць 255.
-
Пілотам і праваднікам airBaltic прапанавалі звальняцца або пераводзіцца ў Папуа — Новую Гвінею
-
«Раніцай ён ужо нічога не памятае». Супрацоўніца польскай кампаніі паскардзілася на п'янства беларускіх дальнабойшчыкаў — тыя адказалі
-
Змяніліся патрабаванні да праектавання жылых дамоў. Дазволілі большыя кватэры-студыі і памянялі нормы для санвузлоў і тамбураў
Каментары