Расійскія кампаніі па кібербяспецы кантралююць ужо больш за палову рынку Беларусі
Офіс у Мінску адкрыла расійская кампанія «Кіберпратэкт» — распрацоўшчык сістэм рэзервовага капіравання, абароны ад уцечкі даных і інфраструктурнага ПЗ. Гэта першае замежнае прадстаўніцтва кампаніі, піша Devby.io.
«Адкрыццё прадстаўніцтва ў Мінску адпавядае стратэгіі развіцця нашай кампаніі і накіраванае на ўмацаванне дзелавых сувязяў у галіне інфармацыйных тэхналогій у межах Саюзнай дзяржавы», — адзначылі ў «Кіберпратэктц». Там дадалі, што бачаць вялікую зацікаўленасць да тэхналогій, на якіх спецыялізуецца кампанія, з боку беларускіх замоўцаў і партнёраў.
«Кіберпратэкт Бел» увайшоў у лік рэзідэнтаў ПВТ. Ключавы кірунак працы кампаніі — развіццё тэхналогій рэзервовага капіравання.
Як адзначае выданне «Белорусы и рынок», расійскія кампаніі ў галіне кібербяспекі ўжо кантралююць звыш 50% рынку Беларусі. Іх доля вырасла пасля таго, як летась з яго пайшоў ізраільскі канкурэнт Check Point.
Check Point прысутнічаў у Беларусі з 2004 года, уваходзіў у ПВТ, паведамляў Office Life. Гэта адзін з сусветных лідараў у сферы інтэрнэт-бяспекі, у якога больш за 100 тысяч кліентаў. У канцы мінулага кастрычніка ўладальнікі вырашылі ліквідаваць мінскі офіс, які налічваў 45 супрацоўнікаў. Пры гэтым інфармацыя пра яго дагэтуль ёсць на сайце кампаніі.
Чытайце таксама:
«Польшча для хлопца — квіток у адзін канец на 10+ гадоў». Куды паступаюць дзеці айцішнікаў
«Заўсёды купляем даляры. Мы ж беларусы». Айцішнік распавядае, як выглядае ягоны бюджэт