На конкурсе ў Італіі перамог малюнак крэйдай у гонар абраза ў беларускім Будславе. Аўтарка — мексіканка
У італьянскім мястэчку Грацые-дзі-Куртатонэ ў правінцыі Мантуя на традыцыйным конкурсе малюнкаў крэйдай на асфальце ў 2025 годзе прызёрам стала праца, прысвечаная Будслаўскай іконе Божай Маці, піша сайт «Беларусь и мир».
Мексіканка Альба Роса Амерскуа са сваёй працай. Фота: арганізатары
У спаборніцтвах прынялі ўдзел 118 вулічных мастакоў, у асноўным італьянцаў, але 28 з іх былі гасцямі з іншых краін — ЗША, Мексікі, Канады, Японіі, Эквадора, Парагвая, Сербіі, Германіі, Нідэрландаў і іншых.
Яны павінны былі за паўтара дня, з 07.00 чацвярга 14 жніўня да 16.00 пятніцы 15 жніўня стварыць каляровымі крэйдамі на асфальтавым пакрыцці двара мясцовай базілікі Найсвяцейшай Панны Марыі малюнкі на тэму «Мадонны з усяго свету».
У той жа вечар пятніцы, улічваючы ў тым ліку недаўгавечнасць работ, журы — мастацтвазнаўцы, святары, журналісты і іншыя эксперты на чале з гісторыкам Джардана Бруна Гуэры — выбралі пераможцаў у трох катэгорыях.
На цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў конкурсу. Фота: арганізатары
У катэгорыі Maestri Madonnari найлепшай прызналі крэйдавую карціну «Мадонна Аахаки (Мексіка)» італьянкі Джуліі Мандзані, у катэгорыі Madonnari Qualificati — «Мадонна з базілікі ў Тындары (Італія)» яе сястры Алічэ Мандзані.
І нарэшце, у катэгорыі Madonnari Semplici першае месца прысудзілі працы пад назвай «Укаранаваная Мадонна з Будслаўскага касцёла (Беларусь)». Яе аўтаркай стала мексіканка Альба Роса Амерскуа.
Як растлумачылі ў журы, «малюнак, прысвечаны абразу, шанаванаму ў славянскіх краінах, паспяхова спалучае пяшчоту Боскага мацярынства з пачуццёвасцю, характэрнай для лацінаамерыканскай мастацкай традыцыі».
Пры гэтым праца мексіканкі не з'яўляецца копіяй вядомай беларускай святыні — адной з найбольш важных для каталікоў нашай краіны вобразаў Багародзіцы. Яна хутчэй створаная па матывах Будслаўскага абраза.
Работа, якая перамагла ў катэгорыі Maestri Madonnari. Фота: арганізатары
Выявы Панны Марыі і Ісуса аздобленыя радкамі са славянскіх літар, якія не складваюцца ў словы і якія маюць асаблівасці, характэрныя для твораў штучнага інтэлекту. Магчыма, мастачка звярталася да яго дапамогі.
Што за конкурс
У Грацые-дзі-Куртатонэ штогод адзначаецца старадаўняе свята Fiera delle Grazie, назву якога можна перакласці як «Кірмаш у Грацые» ці як «Кірмаш Божай ласкі». Часам яго заснавання лічыцца 1425 год. Гэта значыць, сёлета адзначалася 600-годдзе.
Неад'емнай часткай кірмашу ў наш час стаў Нацыянальны форум маданары, які праходзіў цяпер ужо ў 51-ы раз. Маданары — так называюцца мастакі, якія малююць на асфальце. Гэты від народнага стрыт-арта ў Італіі мае глыбокую гісторыю
.
Работа, якая перамагла ў катэгорыі Madonnari Qualificati. Фота: арганізатары
З XVI стагоддзя падчас святаў жывапісцы стваралі на вуліцах малюнкі на рэлігійныя матывы, у асноўным — Мадонну з маленькім Ісусам на руках. Малявалі пілавіннем, рознакаляровым пяском і пялёсткамі кветак. Цяпер гэта робяць у асноўным крэйдай.
На форуме маданары ў Грацые-дзі-Куртатонэ мастакам кожны раз звычайна даецца нейкая тэма, і за суткі з лішкам яны ператвараюць двор мясцовай царквы Найсвяцейшай Панны Марыі ў дзівосную выставу пад адкрытым небам.
Напрыклад, у 2024 годзе майстры вулічнага жывапісу стваралі галерэю работ, прысвечаную «Боскай камедыі» Дантэ Аліг'еры. А ў 2023 годзе асноўнай тэмай быў рух да міру і сяброўства паміж народамі.
Так выглядае двор царквы ў Грацые-дзі-Куртатонэ падчас конкурсу. Фота: арганізатары
Усё адбываецца вельмі сур'ёзна. Напрыклад, мерапрыемства пачынаецца з абраду асвячэння крэйдаў і блаславення удзельнікаў біскупам Мантуі. А паглядзець на творчасць з'язджаюцца тысячы турыстаў і паломнікаў.
Карціны, што зразумела, пражываюць вельмі нядоўгае жыццё — бачыць іх можна фактычна толькі да першага вялікага дажджу. Аднак творы фатаграфуюць, захоўваючы для нашчадкаў. Рэпрадукцыі захоўваюць у мясцовым музеі маданары і часта выстаўляюць на вуліцах.
Чытайце таксама:
Вялікая віленская сага выходзіць па-беларуску
У самым паўночным горадзе Швецыі перавозяць на іншае месца больш чым стогадовую царкву
У Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі праходзіць самая цёплая выстаўка года