БЕЛ Ł РУС

Андрэй Стрыжак застанецца ў «Байсоле», але не кіраўніком

24.09.2025 / 10:11

Nashaniva.com

Кіраўніка фонду «Байсол» Андрэя Стрыжака абвінавацілі ў харасменце. Ён прызнаў, што адпраўляў дыкпікі жанчынам без згоды з іх боку. Пасля гэтага ў фондзе пачалі разбіральніцтва. Цяпер агучылі рашэнне.

Камісія, сфарміраваная «Байсолам», разгледзела сітуацыю і зафіксавала 12 выпадкаў харасменту, уключаючы адпраўку непажаданых паведамленняў і злоўжыванне службовым становішчам з боку Андрэя Стрыжака. Камісія рэкамендавала поўнае спыненне супрацоўніцтва з Андрэем і перадачу заснавальніцтва Фонду.

Андрэй Стрыжак, як заснавальнік, прадставіў камандзе водгук на рашэнне камісіі, у якім заявіў, што не прымае яго і лічыць несправядлівым, празмерным і непрапарцыйным — як па сутнасці, так і па працэдуры. Акрамя таго, Андрэй агучыў асабістыя абавязанні, накіраваныя на ліквідацыю нанесенай шкоды.

Далей было праведзена тайнае галасаванне ў камандзе «Байсола» (без удзелу Андрэя Стрыжака), па выніках якога большасць выказалася за працяг супрацоўніцтва з Андрэем, але ў абмежаваным фармаце.

Пасля галасавання каманды і шэрагу абмеркаванняў прынята кампраміснае рашэнне:

— супрацоўніцтва са Стрыжакам працягваецца на часовай аснове да 19 сакавіка 2026 года,

— ён цалкам адхілены ад любых кіраўнічых, прадстаўнічых і заснавальніцкіх функцый у «Байсоле» — як фармальна, так і нефармальна,

— заснавальніцтва перадаецца дырэктару Віталіюсу Моцкусу, працэс перадачы павінен быць ініцыяваны да 25 верасня 2025 года,

— усе публічныя заявы Стрыжака не з’яўляюцца афіцыйнай пазіцыяй Фонду,

— па заканчэнні шасцімесячнага тэрміну будзе праведзена ацэнка супрацоўніцтва і прынята рашэнне аб далейшым фармаце ўдзелу,

— фонд пачынае ўнутраную рэформу кіравання арганізацыяй і працягвае сваю дзейнасць.

Па стане на 23 верасня аб сваім рашэнні пакінуць каманду заявілі трое супрацоўнікаў.

Чытайце таксама:

«Я хачу справядлівасці — і для жанчын, і для сябе». Шчырая гутарка з Андрэем Стрыжаком пра скандал з дыкпікамі, залежнасці і будучыню

Столькі праблем, а тут Стрыжак з яго падлеткавымі гульнямі

Споведзь Стрыжака: Я маю праблему з сэксуальнай залежнасцю

Некалькі актывістак абвінавацілі Стрыжака: высылаў ім дыкпікі

Каментары да артыкула