Меркаванні4141

Столькі праблем, а тут Стрыжак з яго падлеткавымі гульнямі

Калі Стрыжак у сваіх тлумачэннях сапраўды шчыры, то можна яму пажадаць з усім справіцца. Але «Байсол» лепш перадаць у іншыя рукі, піша ў фэйсбуку гісторык Аляксандр Пашкевіч.

Андрэй Стрыжак

Знаёмства з новымі матэрыяламі па кейсе Стрыжака абудзіла ў мяне ўспаміны пра даўнюю сямейную трагедыю, якая, канешне, у цэлым сама па сабе зусім іншая, але пэўныя паралелі псіхалагічнага характару тут правесці, мне здаецца, можна. Каб разумець, чаму менавіта рэакцыя на гэты кейс у цяперашніх умовах такая, а не інакшая, аж да таго, што несумненна наяўныя, а не прыдуманыя ранейшыя асабістыя заслугі Стрыжака прынамсі часова адышлі на другі план.

Гэта было 32 гады таму, улетку 1993 года. Мая стрыечная сястра, якой было гадоў з 7 ці 8, была на вёсцы ў дзеда з бабай і гуляла з сяброўкай каля рэчкі — без нагляду дарослых. Пасля з сяброўкай яны нечага пасварыліся, сястра вырашыла ісці дахаты, а для гэтага трэба было перабрацца праз рэчку. Гаўя ж, на берагах якой гэта ўсё адбывалася — рака не вельмі шырокая і глыбокая, але вельмі хуткацечная, а таму і надзвычай падступная.

Ніхто не ведае, што там дакладна адбылося, але ў выніку малую падхапіла плынню, панесла — і больш яе ніхто не бачыў. І мала таго, што яна патанула, дык і цела знайсці па свежых слядах не маглі, хоць можа дні са тры шукалі, мабілізаваўшы ўсіх каго можна і прачасаўшы ўсю Гаўю аж да яе ўпадзення ў Нёман праз які дзясятак кіламетраў. (Знайшлі тое, што ад таго цела засталося, толькі вясной наступнага года нейкія рыбакі ў Нёмане вельмі далёка ад месца ўтаплення, нават не ў Іўеўскім ці Лідскім, а ў Шчучынскім раёне.)

І вось пасля такіх доўгіх безвыніковых пошукаў, калі ўсе былі вычарпаныя дарэшты і маральна, і фізічна (адзін з дзядзькоў нават захварэў, схапіўшы гаймарыт ад пастаяннага нырання), прыходзіць у хату іншая жалобная вестка. Адзін з дзедавых пляменнікаў, сын ягонага самага малодшага брата, які загінуў у партызанах у вайну, па нейкіх сваіх прычынах акурат у гэтыя дні вырашыў звесці рахункі з жыццём — здаецца, таксама пайшоў ды ўтапіўся.

І вестка пра гэта на фоне толькі што перажытай (дакладней, яшчэ і не перажытай) трагедыі выглядала проста як нейкае блюзнерства і выклікала ў забітых горам сваякоў замест спачування выбух абурэння.

Бо на фоне няшчаснага выпадку з дзіцём адначасовае самагубства дарослага чалавека ўспрымалася проста як здзек. Акурат у час, калі людзі як ніколі адчувалі ўсю крохкасць і адначасова каштоўнасць жыцця, выплакалі ўсе слёзы і парвалі ўсе нервы, яны даведаліся, што нехта ў той жа час гэтым самым жыццём так легкадумна распарадзіўся. І гэта ўражвала. Дзед тады, здаецца, нават на пахаванне сваяка-самагубцы адмовіўся ехаць у знак пратэсту.

Хаця, канешне, ніхто самагубствам проста так жыццё не канчае, на гэта ёсць сур'ёзныя псіхалагічныя прычыны. У якіх, аднак, не асабліва хочацца і можацца капацца ў сітуацыі ўласнага моцнага стрэсу.

І вось кейс Стрыжака таксама выплыў у сітуацыі моцнага стрэсу, але не толькі на ўзроўні асобных людзей, а на ўзроўні ўсёй супольнасці.

Не сакрэт, што за пяць гадоў многія з нас стаміліся і маральна, і фізічна, а ўся дзейнасць дэмакратычных сілаў уступіла ў перыяд моцнага крызісу — недзе па аб'ектыўных, а недзе па суб'ектыўных прычынах.

Толькі за гэты год колькі ўсяго было — правал «Гаюна» і Байхэлпа, знікненне Мельнікавай, рэзкая змена знешняй палітыкі ЗША, а колькі яшчэ іншых, больш дробных рэчаў, многія з якіх сталі вынікам гэтых асноўных працэсаў. Галоўнае — што ніякая з гэтых рэчаў нас не ўзмацняе і не натхняе.

У выніку пытанне цяпер стаіць не так пра развіццё, як пра выжыванне, перафарматаванне, прыстасаванне да сітуацыі, на само разгортванне якой ты часта аб'ектыўна не можаш ніяк паўплываць, захаванне хаця б часткі нейкіх набыткаў.

Пры гэтым ціск з боку рэжыму самымі падступнымі і бесчалавечнымі метадамі нікуды не дзеўся, і ўся ўвага нібыта на гэта павінна быць звернутая. Але ў гэты самы час прылятае дадатковая праблема з таго боку, з якога ніхто не чакаў, як удар у спіну, калі і так усё трашчыць па швах.

Адгэтуль і гнеў, і раздражненне — што ў час, калі і без таго моташна, дарослы чалавек гуляе ў нейкія падлеткавыя гульні і дадаткова ўскладняе сітуцыю, рызыкуючы патапіць карабель, які, здавалася б, быў не самым слабым звяном у агульным ланцугу.

Тым больш што гэты чалавек у супольнасці і адпаведна ў навінным парадку дня не першае дзесяцігоддзе, а таму цудоўна ведае, што публічным асобам у сучасным свеце такое рабіць далёка не бяспечна. Чаму ёсць шмат рэальных прыкладаў.

Час, несумненна, усё расставіць на свае месцы. З часам шалупінне развеецца і для гісторыі застанецца перадусім тое, што чалавек рэальна зрабіў добрага ці кепскага. Калі Стрыжак у сваіх тлумачэннях і інтэрв'ю сапраўды шчыры і ўсё, што адбылося — вынік ягоных псіхалагічных праблем і залежнасцяў, то можна яму і паспачуваць ды пажадаць з усім справіцца.

Але «Байсол» у такім выпадку, канешне, лепш перадаць у іншыя рукі. Тым больш калі, як сцвярджаюць і сам Стрыжак, і ягоныя калегі, у арганізацыі канкрэтна на ім нічога сур'ёзна не завязана. Хацелася б верыць, што гэта сапраўды так. Бо страта менавіта гэтай структуры будзе вельмі сур'ёзнай прабоінай.

Каментары41

  • Ганьба
    26.07.2025
    Хопіць адмываць вычварэнца "падлеткавымі гульнямі" і сэрвільнымі інтэрвію! Ён не ахвяра, а аб'юзер і харасер. Павінен панесці ўсю адказнасць. Павінен быць звольнены. Павінна быць судовае рашэнне па ягоным лёсе.
    Беларусы, спыняйце грэбаванне ўласным гонарам. Такіх істот трэба выкарчоўваць з нашага жыцця, а не піярыць на старонках газэтаў!
  • Indrid Cold
    26.07.2025
    Адчапіцеся ад Стрыжака
  • Чытач
    26.07.2025
    Было б цікава пачытаць тэкст, у якім Алесь адкрыта і адназначна выказаўся б на пра кэнсэлінг з боку феміністак, агульна крайнелевую ідэалогію ды дзеянні розных ферквір актывістэсс, асабліва тыя ці канкрэтна выкарыстанне імі тэрміну сексуальны гвалт у дачыненне дзікпікаў.

Цяпер чытаюць

Што стала прычынай смерці трох работнікаў «Беларуснафты» падчас рамонту на трасе

Што стала прычынай смерці трох работнікаў «Беларуснафты» падчас рамонту на трасе

Усе навіны →
Усе навіны

Цэны на шакалад здзіўляюць12

Навумчык пра незалежнасць Беларусі: Пуцін не здольны мабілізаваць ніводнага беларуса на вайну — нацыянальныя аўтаноміі Расіі не маюць і гэтага29

Музыканты выдаляюць сваю музыку са Spotify, бо ён спансаруе кампанію, якая вырабляе тысячы дронаў для Украіны26

«Гэта своеасаблівае партнёрства». Трамп заключыў здзелку, па якой краіны Еўропы абавязаны плаціць тарыф 15%8

У Германіі сышоў з рэек пасажырскі цягнік. Ёсць загінулыя1

Праз Сонечную сістэму ляціць аб'ект, паводзіны якога нагадваюць кіраваны касмічны карабель18

Расійскі дрон атакаваў рэйсавы аўтобус у Сумскай вобласці. Ёсць ахвяры3

У Беларусі сёлета няма чарніц. Калі летась нарыхтоўшчыкі прынялі дзясяткі тон ягад, то сёлета — нічога4

Фларэнцыю назвалі найлепшым горадам Еўропы для турызму2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што стала прычынай смерці трох работнікаў «Беларуснафты» падчас рамонту на трасе

Што стала прычынай смерці трох работнікаў «Беларуснафты» падчас рамонту на трасе

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць