БЕЛ Ł РУС

«Каманда разбітая». Былая супрацоўніца «Байсола» расказала, як адбіваецца на фондзе рашэнне па Стрыжаку

24.09.2025 / 18:50

Nashaniva.com

24 верасня стала вядома, што Андрэй Стрыжак застанецца працаваць у фондзе «Байсол» пасля скандалу з дыкпікамі, якія ён высылаў беларускім актывісткам. Пасля гэтага рашэння арганізацыю пакінула трое супрацоўнікаў. «Еўрарадыё» паразмаўляла на гэту тэму з Аняй Дапшэвічуце, былой аперацыйнай дырэктаркай «Байсола» і ўдзельніцай камісіі па разглядзе кейса Стрыжака.

Андрэй Стрыжак

«Мне здаецца гэта непрымальным»

— Чаму вы вырашылі пакінуць Bysol?

— Я вырашыла пайсці з каманды, таму што на сённяшні дзень унутраныя працэсы ў корані разыходзяцца з маімі ўласнымі каштоўнасцямі. Пасля ўсёй сітуацыі з кейсам харасмента і таго, як прайшоў унутры каманды працэс прыняцця фінальнага рашэння, і пасля ўсяго таго, што заявіў Андрэй.

Я сама, як аперацыйная дырэктарка, заўсёды і ўсім расказвала пра тое, як уладкаваны працэс прыняцця рашэнняў у фондзе: што рашэнні прымаюцца дырэктаратам, што няма практыкі такой, каб Андрэй нешта вырашаў аднаасобна. Гэта важныя ўнутрыкамандныя прынцыпы, на якіх многае будавалася.

Bysol публічна прытрымліваецца прынцыпу празрыстасці. Але ў выніку ўсе прынцыпы і працэсы былі проста выключаныя ў аднабаковым парадку. Не кажучы ўжо пра тое, пра якую сітуацыю ідзе гаворка, якая сітуацыя прывяла нас да гэтага ўсяго. Мне здаецца гэта непрымальным — заставацца ў арганізацыі пасля такіх вынікаў працы камісіі.

— Калі б Андрэй не заставаўся, вы б засталіся ў арганізацыі? Што менавіта было для вас вырашальным момантам?

— Так, я магла б працягнуць працу. Вырашальнай стала ўся гэтая сітуацыя, на самай справе: пачынаючы ад кейсаў, пра якія прыйшлося даведацца, і заканчваючы катэгарычным адмаўленнем дамоўленасцяў аб працэсах прыняцця рашэнняў, відавочнае аднаасобнае панаванне.

«Працэс пайшоў» не туды «ў момант, калі рашэнне было агучана Андрэю»

— У які момант працэс разгляду «пайшоў не туды»?

— З самім разглядам было ўсё ў парадку. Камісія разам з даверанымі асобамі прарабіла вялікую працу, мы размаўлялі з вялікай колькасцю знешніх экспертаў, не толькі з беларускага сектара, і планавалі яшчэ працягнуць з імі працу па адбудове ўнутраных працэсаў.

Рашэнне ўнутры камісіі прымалася ў цалкам «здаровым» фармаце. Працэс пайшоў «не туды» ў момант, калі рашэнне было агучана Андрэю. Ён не змог прыняць яго, хоць і публічна заяўляў пра тое, што «рашэнне камісіі будзе для яго абавязковым да выканання». Гэта не мае фантазіі, ён сам пісаў пра гэта ў сябе ў фэйсбуку.

— Калі ўсё гэта адбылося летам, здавалася, што ён прымае сітуацыю, былі нават чуткі пра яго новую працу. Чаму, калі было агучана рашэнне, ён вырашыў усё перагледзець?

— Калі шчыра, у мяне ў галаве такія ж пытанні. Так, летам усё было моцна спакайней, Андрэй праяўляў прыкметы дамоваздольнасці адназначна. Але ў моманце, пасля агучвання вынікаў працы камісіі, падчас розных камандных сустрэч мы сутыкнуліся з цалкам процілеглай сітуацыяй. Я не чакала такой колькасці маніпуляцый, калі шчыра.

— Як ён маніпуляваў?

— Андрэй ініцыяваў працэс каманднага галасавання і штучна стварыў сітуацыю, у якой выбар па факце стаяў не ў плоскасці «ці працягваць з ім супрацоўніцтва», а ў плоскасці «каму вы давяраеце: мне (Андрэю) або камісіі». А яна, дарэчы, складалася з каманды фонду. Гэта выклікала сапраўдны ўнутраны канфлікт.

Мне вельмі балюча за каманду і я не ўяўляю, што цяпер унутры перажываецца.

У выніку зараз пайшло тры чалавекі з фонду. Было і шмат іншага, але я б не хацела б гэта агучваць, трохі сорамна, калі можна так сказаць. 

«Я любіла сваю працу»

— У якім стане заставаўся Bysol на момант, калі вы пайшлі, і што думаеце, як будуць развівацца справы ў будучыні?

— Агульны стан Bysol няпросты — каманда разбітая ад усіх падзей, з нямым пытаннем пра тое, як жа прымаюцца рашэнні ў фондзе. Партнёры, якія ўважліва сачылі за сітуацыяй, пойдуць прымаць свае рашэнні адносна далейшага супрацоўніцтва. Вялікае пытанне, як гэта ўсё адаб'ецца на ўзаемадзеянні з прыватнымі донарамі. Усё гэта моцна ўскладняе будучыню.

Мне праўда хацелася б, каб ідэя і місія фонду рэалізоўваліся, усё ж гэта вельмі вялікая справа. Але не ўяўляю, як гэта цяпер будзе магчыма ў поўным аб'ёме.

Я любіла сваю працу і заставалася ў працэсах да апошняга, нават нягледзячы на абмежавальныя асабістыя абставіны.

Чытайце таксама:

Столькі праблем, а тут Стрыжак з яго падлеткавымі гульнямі

«Я хачу справядлівасці — і для жанчын, і для сябе». Шчырая гутарка з Андрэем Стрыжаком пра скандал з дыкпікамі, залежнасці і будучыню

Ціханоўская пра справу Стрыжака: Тое, што зрабіў кіраўнік — не падстава разбураць фундамент

Споведзь Стрыжака: Я маю праблему з сэксуальнай залежнасцю

«У нас татальнае падзенне». Прадстаўніца дырэктарата Bysol пракаментавала скандал са Стрыжаком

Каментары да артыкула