Грамадства2525

«У нас татальнае падзенне». Прадстаўніца дырэктарата Bysol пракаментавала скандал са Стрыжаком

Фонд Bysol выпусціў заяву адносна скандалу вакол сузаснавальніка арганізацыі Андрэя Стрыжака, які дасылаў дыкпікі жанчынам без дазволу з іх боку. Арганізацыя пачала ўнутранае разбіральніцтва, на час яго Стрыжака адхілілі ад выканання прадстаўніцкіх і кіраўнічых функцый. Як фонд ставіцца да яго ўчынку? Ці магчыма яго звальненне ў будучыні? Ці атрымаецца працягнуць працу без яго? І якія наступствы скандалу каманда ўжо адчула? Пра гэта выданне «Люстэрка» пагаварыла з прадстаўніцай дырэктарата Bysol, імя якой не называецца.

Андрэй Стрыжак

«Ніхто не хацеў бы апынуцца ў гэтай сітуацыі»

— Якая афіцыйная пазіцыя Bysol па сітуацыі з пікантнымі фотаздымкамі, адпраўленымі Андрэем Стрыжаком староннім жанчынам?

— Па-першае, у нас у арганізацыі ёсць унутраная антыдыскрымінацыйная палітыка, якой мы стараемся прытрымлівацца ў сваёй працы. І, вядома ж, яна ні ў якім разе не прымае праявы харасменту, у тым ліку якой-небудзь дыскрымінацыі. І як грамадская арганізацыя, якая працуе ў сферы аказання гуманітарнай дапамогі, мы, вядома ж, такія паводзіны асуджаем.

Па-другое, мы пачынаем сваё ўнутранае расследаванне, якое зойме нейкі час. Па яго выніках мы будзем прымаць рашэнне аб працягу або спыненні супрацоўніцтва з Андрэем. Цяпер Стрыжак адхіляецца ад кіраўнічай пасады, спыняе свае прадстаўнічыя паўнамоцтвы ад імя арганізацыі. Зразумела, што гэта часовая мера на [перыяд] правядзення расследавання. Па выніках мы вырашым: [альбо] у нейкім выглядзе вяртаем супрацоўніцтва, [альбо] мы яго цалкам спыняем.

Гэта для нас пакуль цяжкае і незакрытае пытанне. Ніхто не хацеў бы апынуцца ў гэтай сітуацыі. І [ёсць] не тое каб шмат людзей, якіх мы можам проста з вуліцы прывесці ў каманду.

— Гэта значыць, магчымы і варыянт звальнення, поўнага спынення супрацоўніцтва?

— Так. Мы будзем гатовыя падзяліцца рашэннем тады, калі яно будзе [прынята]. Я не скажу пра тэрміны, таму што мы не ведаем, як шмат часу гэта можа заняць. Нам трэба ацаніць даволі шмат унутраных працэсаў і нейкіх рэчаў, якія паўплываюць на гэтае рашэнне.

— Цяпер Андрэй адхілены ад кіраўнічай пазіцыі, прадстаўнічых абавязкаў. Ці будзе ён працягваць працаваць у Bysol? Чым менавіта ён будзе займацца падчас расследавання?

— Проста цяпер — няма зразумелага адказу, на жаль, на гэтае пытанне. Цяпер у Андрэя няма адкрытых працоўных задач.

«На жаль, мы цяпер застаемся ў сітуацыі, калі ўсё вельмі моцна змешваюць і здаецца, што толькі Андрэй працуе»

— Хто менавіта будзе прымаць рашэнне пра яго будучыню?

— Я б хацела расказаць крыху падрабязней пра тое, як уладкаваная структура фонду знутры. Тут ёсць важны дысклеймер. Я, на жаль, з меркаванняў бяспекі не магу даць для публікацыі нейкія ўнутраныя дакументы і рэгламенты, якія апісваюць нашу працу. Дакладную колькасць супрацоўнікаў я таксама не назаву.

Для нас важна, каб каманда заставалася па-за зонай рызыкі, мы клапоцімся пра гэта даволі моцна. Таму што зразумела, у якой сферы мы працуем, з якой тэмай, з якой аўдыторыяй.

Што я магу расказаць? Структура фонду такая, што ў працэсе прыняцця рашэнняў не заняты толькі адзін чалавек. У нас ёсць дырэктарат, які ажыццяўляе агульную каардынацыю дзейнасці. Гэта тычыцца стратэгічнай і аперацыйнай працы, фінансавага планавання, агульных рэчаў, ад якіх залежыць існаванне ўсяго фонду.

І далей у нас ёсць напрамкі працы. Напрыклад, аказанне прамой падтрымкі палітычным зняволеным, арганізацыя персанальных збораў, узаемадзеянне з грамадскімі ініцыятывамі, праца з беларускімі добраахвотнікамі ва Украіне, гарачая лінія. Гэта ўсё асобныя вектары, у якіх ёсць свае каардынатары. Увогуле то ўсё гэта існуе даволі аўтаномна.

Зразумела, што ўсё працуе ў звязцы і мы ўвесь час у камунікацыі адзін з адным. Але наша структура такая, што рашэнні, якія тычацца Bysol у цэлым, прымаюцца дырэктаратам пры вельмі шчыльнай кансультацыі з усёй камандай, асабліва з каардынатарамі кірункаў.

Ёсць Андрэй у гэтым працэсе ці не — рашэнне ўсё адно прымаецца, праца ўсё адно робіцца. І вось гэта важны момант, які вельмі хацелася б пазначыць для ўсіх.

Я разумею, што мы пра гэта вельмі мала гаворым, таму што стараемся даволі сакрэтна весці ўсе гэтыя працэсы, каб паменш было магчымасці на іх паўплываць збоку. Рашэнні і далей будуць прымацца дырэктаратам, каардынатарамі напрамкаў і гэтак далей. І на момант, пакуль Андрэй адхілены ад кіраўнічай пасады, і на момант, калі будзе прынята якое-небудзь з рашэнняў. Застанецца ён працаваць у фондзе ці не — у гэтым месцы нічога асабліва не зменіцца.

— Я бачыла некалькі каментароў людзей, якія ўпэўненыя, што калі Андрэй Стрыжак пойдзе, то Bysol знікне. Ці так гэта?

— Я разумею, адкуль гэта бярэцца. Зноў жа, у нас даволі вялікая каманда. Колькасць нашых супрацоўнікаў — гэта двухзначны лік. Яны прафесіяналы, некаторыя з намі працуюць з самага старту Bysol. Усе вельмі добра разумеюць спецыфіку, ёсць ужо нейкі ўнікальны вопыт, які немагчыма было б набраць аднекуль яшчэ, акрамя як з працы ў фондзе. Але зразумела, што ананімныя практычна ўсе. У нас публічных супрацоўнікаў — літаральна пара чалавек. Па вельмі зразумелых прычынах.

Наша канцэпцыя працы са знешнім светам заўсёды была выбудаваная так, што ёсць Андрэй як публічны спікер фонду, які ад яго імя прысутнічае ўсюды. Гэта, уласна, адзін з асноўных яго службовых абавязкаў — быць публічным спікерам.

І так, на жаль, мы цяпер застаемся ў сітуацыі, калі ўсе вельмі моцна змешваюць [Стрыжака і Bysol] і здаецца, што толькі Андрэй робіць працу. Але гэта не зусім так. Вядома, ён быў уключаны і ў нейкія іншыя працэсы да ўчарашняга дня. Цяпер яго ўключэнне мінімізаванае. Ну, увогуле, будзе працаваць Bysol [без Стрыжака], так.

— Якая была яго роля? Мы ў публікацыях падпісвалі яго як «кіраўнік Bysol». Ён уваходзіў у дырэктарат?

— Так, ён частка дырэктарата. Кіраўнік, сузаснавальнік. Калі гістарычна глядзець на тое, як Bysol ствараўся і развіваўся, былі розныя этапы, у тым ліку змены арганізацыйных структур. […] І зноў жа, мы ніколі не выходзілі ў паблік з тым, што ў нас вось так усё ўладкавана, ёсць вось такія працэсы, правільна гаварыць вось так. Магчыма, гэта нейкая наша памылка ў пазіцыянаванні ў тым ліку.

— Рашэнне пра будучыню Андрэя будзе прымаць дырэктарат?

— Так. І мы гэта робім у шчыльнай звязцы з камандай.

Хацелася б дадаць, чаму мы ў вачах грамадскасці выглядаем так, як быццам позна выходзім з заявай. Спачатку мы хацелі гэта ўсё абмеркаваць і ўзгадніць у нейкім выглядзе з камандай. Нам не хацелася, каб супрацоўнікі з навін даведваліся пра нейкія рашэнні. Гэта тычыцца ўсяго фонду і ўсёй каманды, таму нам важна спачатку пагаварыць усім разам. Паколькі нас шмат, гэта займае час, на жаль.

«Цяпер у нас татальнае падзенне»

— Вы асабіста як даведаліся пра пікантныя фота?

— З навін.

— Да гэтай публікацыі былі нейкія скаргі [на Андрэя] ад супрацоўнікаў або ад іншых людзей?

— Я пра гэта не ведаю, таму я б не каментавала, каб не нагнятаць усю гэтую сітуацыю яшчэ больш. Як арганізацыя, як каманда, мы даведаліся пра гэта ўсё хутчэй з навін, чым не. І сапраўды гэтак жа гэта ўсё перажываем, як і ўся шырокая грамадскасць.

— А ўнутры каманды раней была нейкая інфармацыя пра некарэктныя паводзіны з боку Андрэя?

— Я не працавала ў фондзе ў той момант, калі там працавала [Аляксандра] Зверава, і не ведаю нічога пра гэта, на жаль. Я так разумею, гэта пытанне з адсылкай да яе. Нічога тут, на жаль, не растлумачу. За час маёй працы такія гісторыі не ўсплывалі.

Былая супрацоўніца фонду Bysol Аляксандра Зверава раней заявіла, што некалькі дзяўчат казалі ёй пра дамаганні з боку Андрэя Стрыжака. «Гэтае пытанне я ўздымала ў асабістай гутарцы з Андрэем, пасля чаго фонд у асобе Андрэя са мной развітаўся. Андрэй як звычайна чырванеў, сінеў і казаў (цытата) што «ўсе беды з-за бабак і баб» (нібыта як сваё жыццё апісаў)», — напісала Зверава. Пра сыход Зверавай з фонду стала вядома ў лістападзе 2022 года. Паводле яе слоў, тэма з дамаганнямі тады «замялася», бо ніхто з ахвяр не адважыўся пра гэта заявіць колькі-небудзь публічна.

Магу дадаць, што ў рамках нашага разбору мы збярэм усё, што цяпер у пабліку ляціць з рознымі абвінавачваннямі і [ў сувязі] з пастом Зверавай у тым ліку. Просім слаць нам на пошту дадатковую інфармацыю, калі ёсць, па сітуацыі — і па гэтых абвінавачваннях. Наколькі ў нас рэсурсу хопіць — пастараемся разабрацца ў сітуацыі і даць нейкую ацэнку. У прамежкавым выніку разбору, думаю, нешта пра гэта зможам дадаць, калі будзе што.

— Арганізацыя сутыкнулася з нейкімі праблемамі праз гэтую сітуацыю?

— Безумоўна. Гэта ўсё вельмі моцна б'е па нашай рэпутацыі, безумоўна. Першыя рызыкі і выдаткі, якія мы нясём, — рэпутацыйныя. У нас цяпер статыстыка ўсёй нашай працы мае вельмі дзіўны выгляд, назавем гэта так.

Я б сказала, што пакуль рана рабіць высновы пра тое, як менавіта на нас паўплывае гэта ўсё з пункту гледжання аказання падтрымкі нашай аўдыторыі і з пункту гледжання збораў. Напэўна, праз месяц плюс-мінус можна будзе адсачыць нейкую дынаміку і зрабіць высновы.

Зразумела, што цяпер у нас татальнае падзенне. Тут няма чаго хаваць.

Каментары25

  • Дземакрацiя
    23.07.2025
    "...прадстаўніцай дырэктарата Bysol, імя якой не называецца. "
    Ну-ну
  • Zbigniew Krzaklewski
    23.07.2025
    польская пракуратура анямела ?
  • Xorvin
    23.07.2025
    Стрижак, конечно, поступил крайне плохо с моральной точки зрения. Но больше всего меня удивляет, как человек, возглавляющий оппозиционный фонд, мог не ожидать провокаций и попыток дискредитации. Уже порядком надоело наблюдать, как спецслужбы успешно обыгрывают, ломают и опускают оппозиционные инициативы.
    Единственным положительным моментом в этой истории я вижу то, что Стрижак уже публично признал свою ошибку и не стал усугублять ситуацию.

Цяпер чытаюць

Сусветная зорка Джэйсан Дэрула заехаў у Беларусь. Прэм’ер Турчын вадзіў яго па Доме ўрада8

Сусветная зорка Джэйсан Дэрула заехаў у Беларусь. Прэм’ер Турчын вадзіў яго па Доме ўрада

Усе навіны →
Усе навіны

Навальнічны фронт дабраўся да Мінска

Змерайце сваю талію і рост — гэтыя дзве лічбы шмат скажуць пра ваша здароўе

Урад вызначыўся з пераносам працоўных дзён у наступным годзе

Учора ў Мінску прапаў хлопчык, які не размаўляў

«Чаму ты адключыў рухавікі?» Папярэдні даклад аб катастрофе самалёта Air India выклікаў яшчэ больш спрэчак4

«Разам адкрывалі кантынент беларушчыны». Вінцук Вячорка згадаў пра Эдварда Зайкоўскага3

На Валыні разбіўся французскі знішчальнік Mirage4

Прэм'еру і спікеру Сейма Літвы прыпомнілі, што яны 17 гадоў таму ездзілі ў Беларусь6

Падчас урагану ў Магілёве вецер знёс сабачую будку разам з сабакам1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сусветная зорка Джэйсан Дэрула заехаў у Беларусь. Прэм’ер Турчын вадзіў яго па Доме ўрада8

Сусветная зорка Джэйсан Дэрула заехаў у Беларусь. Прэм’ер Турчын вадзіў яго па Доме ўрада

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць