Ціханоўская паедзе на Мюнхенскую канферэнцыю па бяспецы
Лідарка дэмакратычных сілаў Беларусі Святлана Ціханоўская сёлета ўжо традыцыйна возьме ўдзел у Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы 2026 года, якая адбудзецца 13—15 лютага. Пра гэта паведамілі арганізатары форуму ў сацсетцы X.
Святлана Ціханоўская. Фота: LookByMedia
«Для нас вялікі гонар, што лідарка беларускай апазіцыі Святлана Ціханоўская зноў далучыцца да нас у рамках MSC2026», — гаворыцца ў паведамленні арганізатараў форуму.
Прэс-служба Ціханоўскай паведаміла, што дэмакратычная лідарка возьме ўдзел у асноўнай праграме, сайд-івэнтах і правядзе шэраг палітычных сустрэч. У межах праграмы таксама пройдзе панэльная дыскусія «Фокус на Беларусі» з удзелам Святланы Ціханоўскай, міністра замежных спраў Літвы Кястуціса Будрыса і сенатара ЗША Пітэра Уэлча. Таксама ў Ціханоўскай запланаваны шэраг інтэрв’ю з міжнароднымі СМІ у Мюнхене.
Тэмы, якія плануе абмеркаваць Ціханоўская: падзеі ва ўзаемадзеянні з адміністрацыяй прэзідэнта Трампа, гуманітарны кірунак, звязаны з палітычнымі зняволенымі, працу з ЕС у межах санкцыйнай палітыкі, а таксама стратэгіі ў дачыненні да Беларусі і Украіны — асабліва ў кантэксце першай афіцыйнай сустрэчы Ціханоўскай з прэзідэнтам Зяленскім, якая адбылася 25 студзеня.
Сёлета ўдзел у мерапрыемстве, якое ўжо 62‑е па ліку, пацвердзілі каля 50 кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў з розных краін свету. Сярод іх — лідары большасці еўрапейскіх краін, а таксама шырокая дэлегацыя федэральнага ўрада Германіі на чале з федэральным канцлерам Фрыдрыхам Мерцам. Ціханоўская запрошаная на канферэнцыю пяты год запар.
Падчас сёлетняга мерапрыемства плануецца абмеркаваць пытанні еўрапейскай бяспекі і абароны, будучыню трансатлантычных адносін, ролю шматбаковага супрацоўніцтва, рэгіянальныя канфлікты, а таксама ўплыў тэхналагічнага развіцця на бяспеку ў свеце.
Чытайце таксама:
Джэй Дзі Вэнс не прыедзе на Мюнхенскую канферэнцыю па бяспецы
Як Украіну шантажавалі ў Мюнхене і чаму сарвалася здзелка з ЗША
Пяць высноў з Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы, якая ўвойдзе ў гісторыю
Ціханоўская сустрэлася з Келагам у кулуарах канферэнцыі ў Мюнхене