Аліеў абвінаваціў Крэмль у свядомых ударах па азербайджанскім пасольстве ў Кіеве
Пра тое, што Расія біла па азербайджанскім пасольстве ў Кіеве наўмысна, прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў заявіў падчас панэльнай дыскусіі на Мюнхенскай канферэнцыі аб бяспецы.
Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў. Фота: azertag.az
Са слоў Аліева, дыпламатычнае прадстаўніцтва Азербайджана ва ўкраінскай сталіцы трапляла пад абстрэл тройчы. Праўда, пасля першага выпадку ў Баку дапускалі, што гэта магла быць выпадковасць.
Азербайджан тады нават перадаў расійскаму боку каардынаты сваіх аб’ектаў у Кіеве — пасольства, консульскага аддзела і культурнага цэнтра. Аднак пасля гэтага адбыліся яшчэ два ўдары. Аліеў назваў гэта мэтанакіраванай атакай і недружалюбным крокам з боку Расіі.
Ён таксама паведаміў, што МЗС Азербайджана выклікала расійскага пасла і ўручыла ноту пратэсту пасля падзення ракеты на тэрыторыю пасольства. Са слоў Аліева, Баку дзейнічае выключна ў дыпламатычным фармаце.
14 лютага ў Мюнхене Ільхам Аліеў сустрэўся з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. Зяленскі паведаміў пра наступствы расійскіх удараў па энергетычнай інфраструктуры і падзякаваў Азербайджану за энергетычную дапамогу.
Расійскія ўлады раней неаднаразова заяўлялі, што наносяць удары толькі па вайсковых і звязаных з імі аб’ектах. Пасля інцыдэнту з азербайджанскім пасольствам у лістападзе 2025 года расійскі МЗС выказаў шкадаванне і паведаміў папярэднюю версію, паводле якой ракета магла ўпасці ў выніку некарэктнай працы ўкраінскай сістэмы супрацьпаветранай абароны. У Маскве падкрэслілі, што сцвярджэнні пра наўмысныя ўдары не адпавядаюць рэчаіснасці.
Чытайце таксама:
Прэм’ерка Даніі: Трэба дазволіць наносіць удары ўглыб Расіі, бо ў Расіі разумеюць толькі сілу
Ціханоўская: Беларускую апазіцыю хацелі б трансфармаваць у расійскую
Зяленскі: Ва Украіне пасля расійскіх удараў не засталося ніводнай цалкам ацалелай электрастанцыі
ЗША і Азербайджан падпісалі хартыю аб стратэгічным партнёрстве