Ірына Абельская адкрыла лабараторыю на факультэце Колі
У Беларускім дзяржаўным універсітэце на біялагічным факультэце пачала працаваць новая лабараторыя структурнай і функцыянальнай біялогіі бялку. Ва ўрачыстым адкрыцці ўзялі ўдзел прадстаўнікі дзяржаўных органаў, навуковай супольнасці і кіраўніцтва ўніверсітэта. Была і кіраўніца Рэспубліканскага клінічнага медыцынскага цэнтра, сенатарка Ірына Абельская — маці Колі Лукашэнкі, які акурат на гэтым факультэце і вучыцца.
Фота: bsu.by
Выступаючы на адкрыцці, Ірына Абельская адзначыла, што лабараторыя з’яўляецца сучасным высокатэхналагічным цэнтрам, які будзе карысны для развіцця медыцыны, аховы здароўя, сельскай гаспадаркі і экалогіі. Яна падкрэсліла, што важна актыўна выкарыстоўваць яе магчымасці ў практычнай рабоце.
Фота: bsu.by
Гэта лабараторыя заяўляецца як адзіная ў Беларусі комплексная пляцоўка, дзе можна рабіць поўны цыкл даследаванняў бялку: ад яго атрымання да дэталёвага вывучэння структуры, уласцівасцяў і функцыянальнага ўзаемадзеяння. Падчас адкрыцця студэнты біяфака прадставілі першыя вынікі сваёй работы на новым абсталяванні.
Стварэнне лабараторыі звязана з неабходнасцю сучаснай падрыхтоўкі студэнтаў у межах сумеснай адукацыйнай праграмы БДУ і Пекінскага ўніверсітэта ў сферы біятэхналогій. Студэнты будуць працаваць з унікальным абсталяваннем, вывучаць бялковыя малекулы з высокай дакладнасцю, культываваць клеткі, сінтэзаваць бялок у стэрыльных умовах і кланаваць гены. Лабараторыя мае міждысцыплінарны характар: тут змогуць займацца мікрабіёлагі, біятэхнолагі, біяінжынеры і біяхімікі.
Чытайце таксама:
Былы дырэктар Ліцэя БДУ расказаў, як Коля Лукашэнка нечакана яму дапамог
Гімназія Ірыны Абельскай змяніла ўласніка і засакрэціла яго імя