Каля Кангрэса ЗША паставілі статую Трампа ў абдымках Эпштэйна на носе «Тытаніка»
Каля будынка Кангрэса ЗША з’явілася незвычайная скульптура. Яе паставілі ноччу за некалькі крокаў ад Капітолія. Кампазіцыя паказвае прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і фінансіста Джэфры Эпштэйна, якія стаяць на носе карабля ў позе з вядомай сцэны фільма «Тытанік», піша Bild.
Статуя зроблена ў залацістым колеры і адсылае да эпізоду з фільма 1997 года, дзе гераіня Роўз стаіць перад Джэкам на носе карабля, разводзіць рукі і нібыта «ляціць» над морам.
Адказнасць за ўсталяванне інсталяцыі ўзяла на сябе ананімная група, якая называе сябе The Secret Handshake. Сваю работу яны назвалі «Кароль свету». Паводле слоў удзельнікаў калектыву, яны хацелі стварыць мастацкі аб’ект, які адлюстроўваў бы цяперашні момант у амерыканскай гісторыі.
На шыльдзе каля скульптуры напісана, што помнік прысвечаны сувязі паміж Дональдам Трампам і Джэфры Эпштэйнам, якая, як сцвярджаецца, уключала сумесныя паездкі, гучныя вечарынкі і іншыя формы знаёмства.
Амерыканскі мільянер Джэфры Эпштэйн быў асуджаны за ўцягванне непаўналетніх у прастытуцыю, а ў 2019 годзе скончыў жыццё самагубствам у турме. У мінулым Трамп падтрымліваў з ім знаёмства, і ягонае імя згадваецца ў некаторых дакументах, звязаных з гэтай справай. Сам факт згадвання не азначае ўдзелу ў злачынстве, аднак крытыкі сцвярджаюць, што ўлады ЗША недастаткова адкрыта публікуюць матэрыялы так званых файлаў Эпштэйна і што частка інфармацыі можа заставацца закрытай.
Чытайце таксама:
Ілюзіяніст Дэвід Каперфільд спыняе свае шоу. Раней ён засвяціўся ў файлах Эпштэйна
Апублікавалі дакументы па справе Эпштэйна з абвінавачваннямі супраць Трампа
Дачка Умара Джабраілава не верыць у самазабойства бацькі. Яна звязвае яго смерць са справай Эпштэйна
«Нічога не бачыў і нічога дрэннага не рабіў». Біл Клінтан расказаў пра свае сувязі з Эпштэйнам