БЕЛ Ł РУС

Кліматолагі абмяркоўваюць магчымасць перакрыцця дамбай Берынгава праліва. Навошта?

13.05.2026 / 12:17

Антось Жупран

Пакуль глабальнае пацяпленне пагражае планеце перагрэвам, Еўропа рызыкуе сутыкнуцца з адваротнай праблемай — экстрэмальным пахаладаннем з-за спынення ключавых акіянскіх плыняў. Каб прадухіліць кліматычную катастрофу, нідэрландскія навукоўцы прапануюць радыкальны і амаль фантастычны праект: перакрыць Берынгаў праліў гіганцкай дамбай, якая зможа штучна рэгуляваць «канвеер» сусветнага акіяна.

Берынгаў праліў з візуалізацыяй магчымага размяшчэння дамбы. Фота: Wikimedia Commons

Сёння ўвага кліматолагаў прыкавана да Атлантычнай мерыдыянальнай цыркуляцыі (AMOC), якая з’яўляецца адной з ключавых сістэм клімату Зямлі. АМОС працуе як гіганцкая сістэма вадзянога ацяплення: яна пераносіць цёплую ваду з тропікаў праз Атлантыку да берагоў Еўропы. Менавіта дзякуючы гэтай сістэме клімат у многіх частках Заходняй і Паўночнай Еўропы значна мякчэйшы, чым мог бы быць на такіх шыротах.

Механізм працы АМОС грунтуецца на розніцы тэмпературы і салёнасці вады. Цёплая паверхневая вада рухаецца на поўнач, паступова астывае, частка яе выпараецца, а частка замярзае ў выглядзе марскога лёду. Пры гэтым соль застаецца ў вадзе, робячы яе больш шчыльнай і цяжкай. Каля Грэнландыі такая вада апускаецца ўглыб акіяна і ўжо ў выглядзе халоднай глыбіннай плыні вяртаецца на поўдзень.

Але цяпер гэтая сістэма слабее. Навукоўцы звязваюць гэта перадусім з глабальным пацяпленнем і паступленнем вялікай колькасці прэснай вады ў Паўночную Атлантыку — у тым ліку праз раставанне лёду ў Арктыцы і Грэнландыі. Прэсная вада паніжае салёнасць, а значыць — перашкаджае апусканню халодных мас у глыбіню. Калі гэты працэс будзе працягвацца, АМОС можа дасягнуць крытычнай кропкі і рэзка аслабнуць або нават абрынуцца.

Для Еўропы гэта пагражае сур’ёзнымі наступствамі. Нягледзячы на глабальнае пацяпленне, паўночныя і заходнія рэгіёны кантынента могуць сутыкнуцца з рэзкім пахаладаннем, больш жорсткімі зімамі і моцнымі штормамі. Некаторыя даследчыкі называюць магчымы калапс АМОС адной з найбуйнейшых пагроз чалавецтву нароўні з ядзернай вайной.

Атлантычная мерыдыянальная цыркуляцыя. Фота: oceanservice.noaa.gov

Урокі мінулага і мадэль будучыні

Як піша Süddeutsche Zeitung, цяпер нідэрландскія навукоўцы ўсур’ёз абмяркоўваюць ідэю, рэалізацыя якой, на іх думку, можа ўратаваць АМОС. Яна ўзнікла не на пустым месцы — навукоўцы знайшлі падказку ў гісторыі Зямлі. Тры мільёны гадоў таму, у эпоху сярэдняга пліяцэну, узровень CO₂ у атмасферы быў блізкі да сучаснага, а тэмпература — крыху вышэйшай.

Аднак ёсць і істотныя адрозненні. Даследчыца з Утрэхцкага ўніверсітэта Юліяна Вайфенбах (Juliane Weiffenbach) высветліла, што ў той час АМОС была значна мацнейшай, і прычынай гэтага былі тэктанічныя зрухі, у выніку якіх закрыўся Берынгаў праліў. У выніку паміж Азіяй і Паўночнай Амерыкай утварыўся сухаземны мост, і Ціхі акіян быў ізаляваным з поўначы.

Гэта натхніла яе калегу Еле Сонса (Jelle Soons) на смелую думку: калі прырода зрабіла гэта аднойчы, чалавек можа паўтарыць гэта сёння. Разам з прафесарам Хенкам Дэйкстрам (Henk Dijkstra) яны правялі камп’ютарнае мадэляванне, каб праверыць, як штучнае закрыццё праліва паміж Азіяй і Паўночнай Амерыкай паўплывае на атлантычныя плыні.

Вынікі, апублікаваныя ў навуковым часопісе Science Advances, пацвердзілі гіпотэзу: калі пабудаваць дамбу даўжынёй 80 кіламетраў і глыбінёй каля 50 метраў, яна спыніць паток прэснай вады з Ціхага акіяна ў Арктыку. Гэта прывядзе да павышэння салёнасці ў Паўночнай Атлантыцы, што «перазапусціць» механізм апускання вады і верне АМОС ранейшую моц.

Але ўсё залежыць ад часу: калі прапусціць патрэбны момант, закрыццё праліва можа нават пагоршыць сітуацыю. Калі ў паверхневых пластах Паўночнай Атлантыкі ўжо назапасіцца занадта шмат прэснай вады, яна з-за бар’ера не зможа адыходзіць у зваротным кірунку ў Ціхі акіян. Акрамя таго, адталая вада з арктычных ільдоў пасля такога ўмяшання будзе яшчэ больш актыўна зацякаць у Паўночную Атлантыку. Каб прадухіліць калапс АМОС, закрыццё павінна адбыцца заўчасна. Дзе менавіта знаходзіцца гэты парог, павінны паказаць больш складаныя мадэлі.

Навукоўцы нават апісалі, як магла б выглядаць такая канструкцыя: дзве выспы пасярэдзіне будуць служыць апорамі, паміж якімі можна ўзвесці тры асобныя дамбы. Гэта была б самая вялікая дамба ў свеце, але яе маштабы супастаўныя з ужо існуючымі збудаваннямі. Напрыклад, у 2006 годзе ў Паўднёвай Карэі завяршылі будаўніцтва дамбы Сэмангым даўжынёй амаль 34 кіламетры і глыбінёй да 54 метраў.

Паміж рызыкай і апошнім шанцам

Нягледзячы на аптымістычныя вынікі сімуляцый, навуковая супольнасць успрымае ідэю з вялікай доляй скепсісу. Марскія фізікі папярэджваюць, што акіянская цыркуляцыя значна складанейшая за любыя матэматычныя мадэлі.

Акрамя таго, закрыццё Берынгава праліва магло б даць АМОС перадышку, але гэта не спыніць іншыя кліматычныя наступствы, такія як раставанне льдоў Грэнландыі, якія таксама змяняюць умовы надвор’я ў Еўропе. Больш за тое, умяшанне такога маштабу непазбежна парушыць шляхі міграцыі марскіх жывёл і знішчыць важныя суднаходныя маршруты.

Самі Сонс і Дэйкстра падкрэсліваюць: галоўным спосабам стабілізацыі АМОС застаецца хуткае скарачэнне выкідаў парніковых газаў. Ідэю з дамбай яны разглядаюць толькі як крайні сцэнар — на выпадак, калі ўсе іншыя меры не спрацуюць, а калапс сістэмы стане непазбежным. Сонс параўноўвае гэта з аперацыяй па памяншэнні страўніка: гэтага лепш не рабіць з-за рызыкі ўскладненняў, але калі гэта адзінае выйсце, варыянт варта разгледзець.

Сёння навукоўцы працуюць над больш складанымі і дэталізаванымі мадэлямі, каб дакладна вызначыць, ці маюць такія ўмяшанні сэнс і якімі яны могуць быць. Кліматычныя мадэлі апошняга пакалення здольныя больш дакладна аналізаваць працэсы ў акіяне і больш рэалістычна адлюстроўваць стан АМОС.

Чытайце таксама:

Пацяпленне клімату можа кардынальна замарозіць Ісландыю

Гальфстрым спыняецца? Поўнач Еўропы, у тым ліку і Беларусь, можа ператварыцца ў тундру

Навукоўцы б'юць трывогу: ледзяны шчыт Грэнландыі паскорана расколваецца

Афрыка патрабуе стварыць новую карту свету

Каментары да артыкула