БЕЛ Ł РУС

Ёсць просты сакрэт, каб бананы захоўваліся даўжэй

22.05.2026 / 07:00

Ідаля Салавей

Яшчэ ўчора бананы былі роўна-жоўтыя, а сёння ўжо пакрыліся цёмнымі плямамі і змяклі. Аднак просты кухонны трук можа падоўжыць ім жыццё яшчэ на некалькі дзён.

Фота: Rene Johnston / Toronto Star via Getty Image

Спецыялісты сцвярджаюць: бананы псуюцца праз этылен — газ-гармон, які яны самі ж і выпрацоўваюць падчас паспявання. Менавіта таму банан часта падкладаюць у пакет да цвёрдай хурмы, авакада ці манга, каб тыя хутчэй даспелі. Але для саміх бананаў гэта стварае замкнёнае кола: чым больш яны спеюць, тым больш этылену выдзяляюць, а чым больш газу вакол — тым хутчэй ідзе далейшае паспяванне. Як толькі адзін плод у звязцы пачынае цямнець, астатнія імгненна «падцягваюцца» за ім.

Пра ролю этылену добра ведаюць пастаўшчыкі. Яны закупляюць гэту садавіну ў краінах-вытворцах, дзе яе зрываюць яшчэ зусім зялёнай і цвёрдай, як камень. Перад тым, як завезці бананы ў крамы, іх змяшчаюць у спецыяльныя камеры і апрацоўваюць этыленам, каб «абудзіць» банан і запусціць працэс паспявання.

Чаму варта выкарыстоўваць кручок?

Галоўнае правіла доўгага захавання — бананы павінны добра праветрывацца. Як распавёў The New York Times Дэніэл Барабіна, кіраўнік буйной амерыканскай кампаніі Top Banana, этылен крыху лягчэйшы за паветра. Калі бананы ляжаць у місцы або шчыльна прыціснутыя адзін да аднаго, газ канцэнтруецца вакол іх і паскарае працэс гніення.

Таму лепш за ўсё падвешваць бананы на спецыяльны трымальнік або звычайны кухонны кручок. Калі звязка вісіць у паветры, этылен хутчэй рассейваецца, і садавіна застаецца свежай на некалькі дзён даўжэй.

Падвешванне мае яшчэ адзін плюс: бананы менш мнуцца. Нават калі на лупіне няма відавочных плям, мякаць унутры можа быць пашкоджана ад ціску ўласнай вагі. А любое пашкоджанне запускае «рэакцыю на рану», і банан пачынае выпрацоўваць яшчэ больш газу. Таму старайцеся не кідаць іх і не прыціскаць іншымі прадуктамі ў сумцы.

Але небяспечныя не толькі ўдары. Калі звязку адразаюць ад асноўнага сцябла, на «кароне» (месцы злучэння пладоў) утвараецца сур’ёзная рана, якая таксама выпускае этылен. Спецыялісты раяць: каб падоўжыць «тэрмін прыдатнасці» хвосцік гронкі варта шчыльна заматаць харчовай плёнкай. Гэта дапамагае запаволіць распаўсюджванне газу.

І апошняе: ніколі не кладзіце бананы ў халадзільнік. Гэта трапічная садавіна, яна баіцца холаду. Нізкая тэмпература прыводзіць да хуткага акіслення: лупіна чарнее, а мякаць стане друзлай. Ідэальныя ўмовы для бананаў — звычайная пакаёвая тэмпература (ад +14 да +24 °C).

Чытайце таксама:

Не выкідайце лупіны бананаў — для іх ёсць добрае прымяненне

Просты лайфхак, каб бананы доўга не цямнелі

У Беларусь завезлі чырвоныя бананы. Што за яны?

Каментары да артыкула