«Скончыце ўжо гэту бойню». Рэжысёр Звягінцаў атрымаў Гран-пры Канскага фестывалю і звярнуўся са сцэны да Пуціна
Расійскі рэжысёр Андрэй Звягінцаў атрымаў Гран-пры 79‑га Канскага фестывалю за фільм «Мінатаўр». Падчас уручэння ўзнагароды ён звярнуўся са сцэны да Уладзіміра Пуціна.
Андрэй Звягінцаў на ўручэнні прэміі ў Канах. Фота: AP Photo/Andreea Alexandru
«Я б хацеў звярнуцца да аднаго чалавека ад свайго ўласнага імя. Ён не карыстаецца VPN, каб убачыць гэтую цырымонію ў жывым эфіры. Упэўнены, значна больш важныя пытанні яму зараз даводзіцца вырашаць. І я ведаю, што ў яго атачэнні ёсць людзі, якія ведаюць, як перадаць яму гэтыя словы.
Мільёны людзей па абодва бакі лініі сутыкнення зараз мараць толькі пра адно — каб нарэшце спыніліся незлічоныя забойствы людзей. І адзіны чалавек, які можа спыніць гэтую мясарубку, — вы, спадар прэзідэнт Расійскай Федэрацыі. Скончыце ўжо гэтую бойню. Увесь свет чакае гэтага», — сказаў Звягінцаў.
Зала сустрэла гэтыя словы апладысментамі.
Для Звягінцава сёлетняе Гран-пры — ужо чацвёртая ўзнагарода ў Канах. У 2011 годзе яго фільм «Алена» быў удастоены прыза журы конкурснай праграмы «Асаблівы погляд». У 2014‑м «Левіяфан» быў адзначаны прызам за найлепшы сцэнарый. Стужка «Нелюбоў» у 2017 годзе атрымала прыз журы Канскага фестывалю.
Што да іншых лаўрэатаў сёлетняга фестывалю, то найлепшымі рэжысёрамі названыя іспанцы Хаўер Кальва і Хаўер Амбросі, якія знялі фільм «Чорны шар» па матывах п'есы Гарсія Лоркі. А таксама — польска-брытанскі рэжысёр Павел Паўлікоўскі за вытанчаную карціну «Айчына» пра наведванне пісьменнікам Томасам Манам пасляваеннай Германіі.
Прыз журы атрымаў фільм «Прыгода мары» нямецкай рэжысёркі Валескі Грызебах.
Карціна «Раптам» японскага рэжысёра Русукэ Хамагуці была адзначаная ўзнагародай «За найлепшую жаночую ролю». Узнагароды быў удастоены акцёрскі тандэм Віржыні Эфіра і Тао Акамота.
«Залатую пальмавую галіну» за кар'еру атрымала амерыканскага актрыса Барбра Стрэйзанд, якая з-за траўмы не змагла наведаць цырымонію, але запісала ўдзячную прамову.
Чытайце таксама:
«Мінатаўр» Андрэя Звягінцава — антываенная драма, якую стоячы віталі ў Канах
Джон Траволта ўразіў у Канах сваім выглядам ФОТЫ
Джон Траволта нечакана атрымаў ганаровую ўзнагароду ў Канах
Галоўная рэдактарка «Белсата» знялася ў фільме-фаварыце Канскага кінафестываля