Многія добраахвотнікі абурыліся тым, каму далі ўзнагароды ад Ціханоўскай у Кіеве. Баркоўскі адказаў
Падчас візіту ў Кіеў Святлана Ціханоўская ўручыла медалі некаторым беларусам і ўкраінцам. Вось толькі з выбарам пагадзіліся не ўсе — кажуць, можна было адзначыць больш дастойных. «Наша Ніва» выслухала абодва бакі.
«Пашкадаваў, што маю адзін і той жа медаль з некаторымі»
27 мая Святлана Ціханоўская ўручала ўзнагароды ва Украіне. Медаль Францыска Скарыны атрымала оперная спявачка Маргарыта Ляўчук, медалямі «Гонар і годнасць» узнагародзілі добраахвотнікаў і валанцёраў, якія дапамагаюць фронту: у спіс трапілі «Немец», «Шміт», «Бланш», «Соня», «Север», «Ляснік», «Марцін», «Аксон», «Гамлет», «Кіпіш», Дзяніс Герасімчык. Яшчэ адзін медаль, «За плённую працу на карысць Беларусі», уручылі беларускаму паэту і добраахвотніку УСУ Сяргею Прылуцкаму і шэрагу ўкраінскіх палітыкаў, актывістаў і грамадскіх дзеячаў.
Але ж са спісам пагадзіліся не ўсе. Напрыклад, былы беларускі добраахвотнік Аляксандр Клачко напісаў у сацсетках:
«Прагледзеўшы спіс, я зразумеў негатыўную рэакцыю часткі знаёмых мне беларусаў і нават трошкі пашкадаваў, што маю адзін і той жа самы медаль з некаторымі, хто атрымаў яго ў Кіеве падчас візіту Святланы Ціханоўскай.
Магчыма, гэта частка ўзнагароджаных і мае на яго права — я магу гэтага і не ведаць. Але я дакладна ведаю, што ёсць тыя беларускія валанцёры, якія заслугоўваюць мець узнагароду ў першую чаргу».
Каментуючы падзею «НН», Клачко называе імёны, на яго думку, самых заўважных беларускіх валанцёраў ва Украіне — гэта Юрась Дзегцяроў, Таццяна Гацура-Яворская, Алена Жаркевіч, Аляксей Францкевіч, Марыя Анімія, Хелен Мінская. Што да дастойных ваяроў, Аляксандр прапануе такі падыход:
«Багата тых, хто на фронце з 2022 года, шмат каго з іх я не магу называць. Шмат і тых, пра каго ўжо і не ведаю асабіста, але ведаюць іхнія камандзіры і пабрацімы. Тут кожнае падраздзяленне мусіць назваць найлепшых сярод сваіх, каго варта ўзнагародзіць у першую чаргу. Шмат каго можна было б ушанаваць і пасмяротна».
Аляксандр падкрэслівае, што не адмаўляе гэтым людзям ва ўзнагародах. Тая ж «Север» — былая камандзірка медычнай роты Палка Каліноўскага Настасся Махамет — заслугоўвае, на думку Клачко, не тое што медаль, а то і ордэн.
«Я бачу іншых украінскіх валанцёраў, якія вартыя ўзнагароды ў першую чаргу. Але іх чамусьці не заўважылі», — кажа Клачко.
«Дастаткова людзей, хто дастойны вялікай удзячнасці за свой унёсак, але іх нават не назвалі»
Прадстаўніца «Байсола» ва Украіне Марыя Анімія, якую адзначыў Клачко, таксама мае шмат пытанняў да тых узнагародаў. Дзяўчына прысутнічала на цырымоніі і, як піша ў фэйсбуку, чакала пабачыць сярод узнагароджаных добрых актывістаў, але атрымалася не так.
У каментары для «Нашай Нівы» Марыя заўважае, што нельга недаацэньваць працу беларускіх валанцёраў і добраахвотнікаў, якія дзейнічаюць усе гады поўнамаштабнай вайны ва Украіне:
«На ўзнагароджанні былі адзначаныя журналісты, перакладчыкі, пісьменнікі, кропкава добраахвотнікі і ніводнага валанцёра, ні ніводнага актывіста! Мікіта Забуга ў форме неіснуючай арміі і пагонах падпалкоўніка (якой структуры і краіны?) атрымліваў медаль як добраахвотнік Палка Каліноўскага і прадстаўляў усіх добраахвотнікаў. На якой падставе?»
Чытайце таксама: Мікіта Забуга атрымліваў узнагароду ад Ціханоўскай у пагонах падпалкоўніка. Ён расказаў, як так
Мікіта Забуга (пазыўны «Аксон») быў сярод добраахвотнікаў, якія атрымалі медаль «Гонар і годнасць». На думку Марыі, спіс узнагароджаных, у які ён трапіў, варта было складаць больш старанна:
«Няўжо чалавек, які правёў на кантракце 6 месяцаў і прыдумаў сабе армію, варты ўвагі больш, чым тыя, хто працаваў у полі, хто атрымліваў раненні і вяртаўся ў строй, не вылазіў з баявых задач, хто служыць не ў палку, а ў іншых падраздзяленнях? Хто вазіў машыны, хадзіў зноў і зноў у міграцыёнку, закупляў рыштунак і ладзіў багата асветніцкай працы?»
Вядома, усё робіцца не для медалёў, кажа Марыя, але яна не бачыць сэнсу ва ўзнагародах, калі іх не ўручаць дастойным людзям. Дзяўчына прыводзіць прыклады вартых ініцыятываў: цэнтр «Ланка» праваабаронцы Таццяны Гацуры-Яворскай, дзе праходзілі рэабілітацыю ваяры, ініцыятыва «Дзея», хаб «Сустрэча» ў Кіеве, фонд «Вільна Білорусь».
Фота: LookByMedia
«Ёсць дастаткова людзей, хто персанальна дастойны вялікай удзячнасці за свой унёсак і працу, але іх нават не назвалі. Цяпер я атрымала ўмоўна апраўдальныя паведамленні пра тое, што не ведаюць людзей, што нехта не прыйшоў на ўзнагароджанне. Дык перад тым, каб нешта арганізоўваць, трэба было даведацца, спытаць, і нават калі чалавека няма на месцы, падзякаваць яму ўслых», — мяркуе дзяўчына.
Як узнагародзіць тых, хто гэтага не хоча?
Кіраўнік прадстаўніцтва Аб'яднанага пераходнага кабінета (АПК) па нацыянальным адраджэнні Павел Баркоўскі быў сярод адказных за складанне спісу. Ён патлумачыў «Нашай Ніве» механізм выбару ўзнагароджаных.
Паводле слоў Паўла, звычайна спісы на ўзнагароды складае адмысловая камісія. Але ў гэты раз яна не магла працаваць, бо камісія знаходзіцца на ратацыі і пакуль яшчэ не зацверджаны яе новы склад:
«Таму ў гэты раз давялося рабіць па спрошчанай працэдуры. Быў шырокі спіс кандыдатаў, каго маглі ўзнагародзіць, яго накідвалі розныя асобы і арганізацыі, з якімі мы кансультаваліся. З гэтага спісу рабіўся канчатковы адбор.
[Кандыдатуры] вайсковых перадусім курыраваў Вадзім Кабанчук, паколькі ён профільны спецыяліст і разумее гэта. Ён ведае непублічную інфармацыю па тэме, якую не ведаюць цалкам прадстаўнікі АПК. Што датычыць цывільных асобаў, тут былі кансультацыі перадусім паміж прадстаўнікамі АПК».
Баркоўскі расказвае, што ў выбары другой катэгорыі ўзнагароджаных стараліся трымацца балансу паміж прадстаўнікамі культуры, медыя, паміж дыпламатамі і дэпутатамі Рады. Чаму ж у спісе амаль не аказалася валанцёраў і актывістаў?
Павел Баркоўскі. Фота: прэс-служба офіса Святланы Ціханоўскай
З актывістамі складана дамовіцца, кажа Павел:
«Адны хочуць прымаць узнагароду ад Кабінета, іншыя не хочуць, выстаўляюцца нейкія ўмовы. Усяму гэтаму вельмі цяжка даць рады ў кароткі перыяд падрыхтоўкі, калі ўсё гэта вырашаецца. Калі ўзнагародзіць адных і не ўзнагародзіць іншых, таксама пачынаецца хэйт.
З улікам гэтых абставінаў і таго, што частка актывістаў увогуле не захацела, каб іх узнагароджвалі, мы вырашылі пакуль гэтае пытанне пакінуць для далейшых кансультацый».
Павел звяртае ўвагу, што любога беларуса можна прапанаваць для ўзнагароджвання камісіі аб узнагародах Кабінета. На сайце прадстаўніцтва Кабінета па нацыянальным адраджэнні ёсць старонка, дзе можна падаць такую заяўку. Кожную такую заяўку разгледзяць на камісіі і адкажуць заяўніку.
Баркоўскі ўпэўнівае, што цяперашняя цырымонія не была апошнім узнагароджваннем па Украіне — яны ўручаюць узнагароды некалькі разоў на год. Так што шансы ў тых, каго цяпер не адзначылі, ёсць:
«Мы чамусьці вельмі раўніва ставімся да поспехаў іншых людзей. Нам здаецца, што нашу працу больш абясцэньваюць, а кагосьці больш узвялічваюць. Але я хацеў бы падкрэсліць, што тут няма больш ці менш таленавітых ці вартых узнагароджвання.
Думаю, што кожны, хто плённа працуе на карысць Беларусі і нашу справу, рана ці позна зможа атрымаць тую пачэсную ўзнагароду, на якую напрацаваў. І тут не трэба пераймацца, хто быў раней ці пазней. Трэба рабіць сваё, рабіць пільна, і хтосьці вас прапануе на ўзнагароджванне, а астатнія абавязкова падтрымаюць гэтае вылучэнне».
Марыя кажа, што ў будучым актывістаў сапраўды могуць адзначыць — праўда, па-свойму:
«У асабістай камунікацыі мне сказалі, што могуць у будучым выпісаць дыпломы валанцёрам, але «ўзнагароды звычайна даюць больш заслужаным асобам». Тут без каментароў проста, захаваю дыпламатычны тон».
Чытайце таксама:
Жанчыны ў ахове і браняваны картэж. Як Украіна арганізавала бяспеку візіту Ціханоўскай у Кіеў
Як рыхтаваўся візіт Ціханоўскай у Кіеў і чаму ён некалькі разоў пераносіўся
Дзяніс «Рэдзіс» Пракапенка патлумачыў, чаму Расія прайграе вайну