Грамадства1717

Як рыхтаваўся візіт Ціханоўскай у Кіеў і чаму ён некалькі разоў пераносіўся

Чакалася, што беларуская дэлегацыя прыедзе ў Кіеў яшчэ на Дзень Волі.

Дэлегацыя Святланы Ціханоўскай у Кіеве. Злева ад Святланы — яе дарадца Дзяніс Кучынскі. Ззаду ідуць Анатоль Лябедзька, Павел Латушка і Арцём Брухан. Тут і далей фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай 

Візіт Святланы Ціханоўскай у Кіеў рыхтаваўся некалькі месяцаў. За кулісамі — узгадненні і пераносы. Але галоўнае — палітычнае рашэнне, якое, паводле ўдзельнікаў беларускай дэлегацыі, у Кіеве прынялі яшчэ восенню мінулага году: гаварыць пра Беларусь не з Аляксандрам Лукашэнкам, а з дэмакратычнымі сіламі. 

«Калі мы хочам пабачыць Беларусь, у нас ёсць Святлана Ціханоўская, яна прыедзе ў Кіеў і мы пагаворым», — так, са словаў дарадцы Ціханоўскай па дыпламатыі Дзяніса Кучынскага, ва Украіне сёння фармулююць сваю пазіцыю.

Сам візіт выглядаў як афіцыйны візіт першай асобы. І гэта адчувалася ў дэталях: ад дзяржаўнай аховы і картэжу да бел-чырвона-белых сцягоў на вакзале і пратакольнага ўзроўню прыёму. Кучынскі, які арганізоўваў дзясяткі міжнародных паездак Ціханоўскай, кажа, што падрыхтоўка з боку ўкраінскага МЗС ішла «на самым высокім узроўні». 

Візіт, які некалькі разоў пераносіўся

У публічнай прасторы апошнія месяцы хадзілі розныя даты магчымага прыезду Святланы Ціханоўскай у Кіеў, у тым ліку — 25 сакавіка. Сапраўды, дата ўзгаднялася даволі доўга, але, як сцвярджаюць у Офісе, не з-за нейкіх палітычных ваганняў украінскага боку ці канфліктаў, гаворка ішла найперш пра лагістыку і прысутнасць у Кіеве Уладзіміра Зяленскага.

Паводле Кучынскага, шчыльная падрыхтоўка пачалася пасля студзеньскай сустрэчы Святланы Ціханоўскай і Уладзіміра Зяленскага ў Вільні. Менавіта тады было атрымана запрашэнне ў Кіеў.

Першапачаткова разглядалася дата 24 лютага — да гадавіны поўнамаштабнага ўварвання Расіі. Але ў той момант у Кіеў прыязджалі дзясяткі сусветных лідараў, і беларускі візіт мог проста растварыцца ў агульным фоне. А гэтага не хацелася. 

Потым абмяркоўвалі 25 сакавіка — Дзень Волі. Гэтую дату, кажа Кучынскі, прапаноўваў ужо ўкраінскі бок як важны сімвалічны жэст. Але канчаткова яе так і не зацвердзілі.

Дарадца Святланы Ціханоўскай па парламенцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька тлумачыць проста: «Там не было палітыкі, не было нічога кулуарнага. Нам сказалі: «Мы вам цвёрда гарантуем — усё будзе». Але графік Зяленскага ва ўмовах вайны пастаянна змяняецца». 

У выніку фінальна пра даты дамовіліся ўжо вясной — пасля кантактаў з украінскім МЗС і размовы з міністрам замежных спраў Украіны. Для Кіева было прынцыпова, каб Зяленскі ў гэтыя дні знаходзіўся ва Украіне і мог асабіста сустрэцца з беларускай дэлегацыяй. 

«Можна было б прыехаць і раней без Зяленскага. Але гэта ўжо не тое. Наш маяк — гэта быў Зяленскі. Ад яго залежыць усё астатняе», — кажа Анатоль Лябедзька.

Лябедзька, які ездзіць ва Украіну яшчэ з часоў Памаранчавай рэвалюцыі, згадвае сустрэчы з Юшчанкам і Цімашэнкай яшчэ да іх прыходу да ўлады, выступы на Майдане і шматлікія кантакты з украінскай апазіцыяй мінулых гадоў. Але падкрэслівае: раней гэта былі сувязі з тымі, хто «змагаўся за Украіну», а не прадстаўляў дзяржаву.

Чым тлумачаць цяперашні прыём

У Офісе Ціханоўскай лічаць, што ў Кіеве адбылася больш глыбокая пераацэнка адносінаў да Беларусі.

Дзяніс Кучынскі фармулюе так: ва Украіне прыйшлі да разумення, што «Лукашэнка — гэта рэлікт эпохі» і «ніякіх спраў з ім мець няма сэнсу».

На думку ўкраінскіх уладаў, кажа ён, Лукашэнка цалкам залежыць ад Пуціна, дае Расіі тэрыторыю, інфраструктуру і з’яўляецца саўдзельнікам агрэсіі супраць Украіны. Таму працаваць Кіеў хоча не з рэжымам, а «з беларускім народам і яго прадстаўніцтвам».

Што далей?

Дзяніс Кучынскі кажа, што дэлегацыя ехала ў Кіеў з практычным пытаннем: чым беларусы могуць быць карысныя Украіне ўжо цяпер.

Паводле яго, у Кіеве абмяркоўваюцца дапамога Украіне з боку беларускай дыяспары ў Еўропе, падтрымка беларускіх добраахвотнікаў, сумесныя ініцыятывы і больш цесная каардынацыя паміж украінскім бокам і дэмакратычнымі сіламі Беларусі.

«Уладзімір Зяленскі падчас 30‑хвіліннай сустрэчы са Святланай Ціханоўскай выказаў захапленне беларускімі ваярамі, якія ваююць ва Украіне. Мы падымалі пытанні, звязаныя з добраахвотнікамі і іх сем'ямі, прысвяцілі гэтаму шмат часу. Перадалі прэзідэнту Украіны звароты ад людзей. Першасная рэакцыя Уладзіміра Зяленскага была пазітыўная, ён занатаваў сабе інфармацыю, таму мы спадзяемся, што атрымаецца зрушыцца ў гэтым пытанні, вырашыць складанасці і шурпатасці, якія зараз ёсць», — адзначыў Кучынскі. 

Паводле яго слоў, рашэнне пэўных пытанняў мусіць адбывацца праз стварэнне міжведамаснай групы.

Анатоль Лябедзька прывёз украінскім парламентарыям аналітычныя матэрыялы па Беларусі і прапановы па сумесных праектах. Адразу пасля візіту ў Вярхоўнай Радзе плануюць правесці асобны івэнт па еўраінтэграцыйным досведзе Украіны і тым, як яго можна выкарыстоўваць для Беларусі.

Асобна ў дэлегацыі разлічваюць і на палітычныя вынікі.

Анатоль Лябедзька адкрыта кажа: падтрымка Зяленскага можа стаць для беларускіх дэмакратычных сіл «моцнай картай» у Еўропе. У Офісе спадзяюцца, што пасля гэтага візіту пазіцыі Ціханоўскай і яе каманды ўзмоцняцца ў дыскусіях з еўрапейскімі партнёрамі — асабліва ў пытаннях санкцый, ізаляцыі рэжыму Лукашэнкі і будучых міжнародных перамоваў.

«Калі за намі поплеч Зяленскі — гэта ўжо зусім іншая вага», — фактычна так апісваюць у дэлегацыі галоўны практычны вынік візіту.

Каментары17

  • Разам
    27.05.2026
    Дзякуй вялікі нашай Прэзідэнтцы Ціханоўскай за змаганне за нашую светлую будучыню!
  • Где можно найти ее финотчетности?
    27.05.2026
    Разам, ?
  • Х
    27.05.2026
    не такі, як ёсць, адказ зразумелы - Ярмак

Цяпер чытаюць

У Хайфе забілі 31‑гадовую беларуску Яніну. У яе застаўся двухмесячны сын23

У Хайфе забілі 31‑гадовую беларуску Яніну. У яе застаўся двухмесячны сын

Усе навіны →
Усе навіны

Навукоўцы прыдумалі, як можна вырошчваць ежу на Марсе3

Брытанія датэрмінова выпускае тысячы зняволеных. Польшча гэтаму не радая8

Мерц: СПА — самае слабое месца Украіны, але мы шукаем рашэнні2

Трусікі, масткі, алені і шмат-шмат арэляў. Пад Калінкавічамі адкрылі «Сцежку лясных цудаў»1

Для Пуціна на Урале пабудавалі «бункер Суднага дня» на выпадак ядзернай вайны16

Пенсіянерка папрасіла знаёмага мужчыну насячы ёй дроў. Усё скончылася забойствам10

Беларусы згулялі са зборнай Фінляндыі ўнічыю3

Кіраўніца «Вольнага хору» Галіна Казіміроўская паведаміла, што перамагла рак4

Змяніліся ўмовы працы прыватных сацыяльных пансіянатаў1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Хайфе забілі 31‑гадовую беларуску Яніну. У яе застаўся двухмесячны сын23

У Хайфе забілі 31‑гадовую беларуску Яніну. У яе застаўся двухмесячны сын

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць