Парэчкі, вінаград і нават персікі. Мінскі пенсіянер высадзіў міні-сад каля свайго пад’езда
Уладзіміру Катляру ў ліпені споўніцца 90 гадоў. Аднак дома пенсіянер не заседжваецца. Шмат часу праводзіць каля пад’езда свайго дома на вуліцы Янкі Маўра, дзе ўпарадкаваў міні-сад. Вырошчвае парэчкі, вінаград і нават персікі, паведамляе агенцтва «Мінск-Навіны».
Аазіс пасярод асфальту
Шосты пад’езд дома № 23 на вуліцы Янкі Маўра відаць здалёк: ганак хаваецца ў густой зеляніне, на заднім плане — возера. Прыгледзеўшыся, разумееш: гэта па-майстэрску выкананае па-над элементамі ўваходнай групы атмасфернае пано, якое ўмомант пераносіць цябе на ўлонне прыроды.
Абвыкшыся, заўважае вока і іншыя цуды: гарманічным працягам насценнага шматколер’я выступае зялёны гаёк. Гэты ўжо сапраўдны: яго не намалявалі, а высадзілі. Каля пад’езда, тарцовай сцяны дома і адразу ж за ім — 20 кусцікаў парэчак, малінаў, ажынаў, два — вінаграду, сем — ружаў.
А вось і садоўнік. Уладзіміра Катляра часцей застанеш тут: то тут, то там трэба штосьці падкапаць, абрэзаць, паліць. Апошнім часам, кажа, з гэтым усё цяжэй: ці ж жарты, у ліпені споўніцца 90! Пра ўзрост, зрэшты, імкнецца не думаць: на свеце, кажа, мноства куды больш цікавых і важных рэчаў.
«Сёлетняя зіма выдалася суровай: замерзлі лаза і чатыры ружавыя кусты, — дзеліцца суразмоўца. — А саджанцы, закупленыя апошнімі, выстаялі. У ранейшыя зімы страт не было, хоць уцяпленнем не займаюся зусім. Вось, напрыклад, «ізабела»: не глядзі, што панна, холадам не напалохаеш».
Проста персік!
Па саджанцы Уладзімір Іванавіч ездзіць на рынак. Шмат што выпісвае з іншых гарадоў і вёсак. Не так даўно з паўдзясятка яблынь і груш загінулі па неасцярожнасці памочніка — побач з імі дбайны садоўнік укараніў новыя.
Аднак і са старымі развітвацца не спяшаецца: у прыродзе цуды сустракаюцца часта — могуць і ўваскрэснуць. Так ужо бывала: мінулай вясной нехта парэзаў яблыньку каля тратуара. Здавалася, загінула, але ўдалося выхадзіць — цвіце, як і раней.
Галоўныя экзоты — грэцкі арэх і персік. Кампанію ім склаў абрыкос — апошняе папаўненне сада.
Ураджай — не самамэта: куды важней, кажа Катляр, эстэтычная і выхаваўчая функцыі. Аднак утылітарнага падыходу ніхто не адмяняў. На дэкаратыўных пяньках паміж кустоў растуць вешанкі: у тым годзе ласаваўся далікатэсам, і ў гэтым збіраецца. Тое ж і з вінаградам.
Зялёная паэзія
Уладзімір Іванавіч і сам здзіўляецца, адкуль у яго такія памкненні. Па адукацыі энергетык, шмат гадоў прысвяціў электрыфікацыі сельскай мясцовасці, працаваў у трэстах, на прамысловых прадпрыемствах, нават на Крайняй Поўначы.
У вёсцы на Навагрудчыне, дзе ён нарадзіўся, свайго сада не было: заўсёды па-добраму зайздросціў тым, хто мог так вось проста абняць яблыньку. У дзяцінстве, падобна, і хаваюцца карані падсвядомага жадання нагнаць страчанае.
«Паэтаў жа не вучаць пісаць вершы: яны самі ў сабе адкрываюць паэзію. Вось і я адкрыў, толькі зялёную, — усміхаецца суразмоўца і дадае: — У 1970 годзе прачытаў у «Праўдзе», што ў Падмаскоўі прышчэпліваюць сібірскі кедр на хвою, каб дабіцца больш хуткага ўраджаю арэшкаў. Прывой прывозілі з Сібіры, быў пазначаны нават лясгас, і я туды напісаў. Даслалі мне паўсотні чаранкоў. Аддаў у Маладзечанскі лясгас, дзе іх таксама прышчапілі на хвою. Мы потым доўга падтрымлівалі сувязь».
Вялікую ўвагу ўдзяляе энтузіяст і пытанням здароўя.
«Вось ужо 35 гадоў жыву без прастуды і грыпу, а раней цярпеў ад хранічнага фарынгіту. Адзін з сакрэтаў — унты: калі па нагах прабег халадок, заўважаю першыя дрэнныя сімптомы, абуваю іх увечары — і раніцай ніякіх прыкмет недамагання», — кажа ён.
Усё гэта, нібы часткі пазла, складаецца ў вялікі жыццёвы праект.
«Сэнс маёй актыўнасці — змяняць да лепшага не толькі навакольнае асяроддзе, але і, калі атрымаецца, людзей. Арыенцір — словы Францыска Скарыны: «Не толькі для сябе нараджаемся мы на свет, але найбольш для служэння агульнаму дабру». Шкада, каля помніка пры Нацыянальнай бібліятэцы няма гэтай добрай цытаты», — акцэнтуе суразмоўца.
Далёка ідучых планаў наконт сада ў Уладзіміра Іванавіча няма. Можа, хіба што, пасябраваць з ажынамі некалючымі.
«Для двара гэта сапраўдная знаходка, бо яны без шыпоў. Ды і ягады ўдвая буйнейшыя і саладзейшыя. Знайшоў саджанцы ў Маладзечне і Пінску, шукаем спосаб перадаць», — адзначае ён.
Цікавіць энтузіяста і гінкга — рэліктавае дрэва-даўгавечнік: вось ужо падарунак быў бы двару, не на адну сотню гадоў!
Вучыцца ўсё жыццё
За гэты час каля пад’езда вырас трох’ярусны кветнік-клумба з петуніямі і аксаміткамі. Побач на высокай жардзіне пасялілася чапля, крыху далей — сям'я буслоў. Для аб’яў — цыліндр, які круціцца. Што можа быць больш нудным за звычайную дошку?
«Адзначаўся дыпломамі рознай ступені ў гарадскіх конкурсах на найлепшы пад’езд і кветкавае афармленне», — канстатуе энтузіяст.
За прызнаннем, зрэшты, Уладзімір Іванавіч не спяшаецца. Для яго важна вучыцца самому: вялікай праблемай цяперашняга стагоддзя ён лічыць недахоп звычайнай дапытлівасці ў людзях.
«Мяне самога ўся гэтая справа навучыла шмат чаму. Напрыклад, чорныя парэчкі: часта пішуць, з імі шмат складанасцяў. А я зразаю галінку ды ў зямлю — і яна расце: якія складанасці? Многія рэчы вельмі простыя, але пры адсутнасці вопыту могуць палохаць, таму важна пераадолець страх. Вось і абрыкос мой не замерз — прыжыўся, хоць і казалі, што будзе цяжка».
Сваімі рукамі
Усе работы ў пад’ездзе і побач Уладзімір Катляр аплачвае сам. Выдаткі рупліва фіксуе ў сшытку. Сума за ўсе гэтыя гады набегла салідная, але, кажа, для карыснай справы не шкада. А такіх за ім мноства, прычым самых розных.
«У сярэдзіне 1980‑х было няпроста купіць цыліндравы замок з наборам ключоў. Даведаўшыся, што вырабляюць іх у Латвіі, напісаў ліст у тамтэйшы Дзяржплан. Адтуль прыйшоў адказ з запэўненнем, што выпуск патрэбнай прадукцыі павялічаны ўдвая. Ліст гэты захоўваю дагэтуль», — расказвае суразмоўца.
Калі ў 2006‑м Уладзімір Катляр перабраўся ў Мінск, каля пад’езда дрэў не было: кажа, пашанцавала, а былі б таполі з каштанамі, дзе ўжо там сады садзіць.
Пакуль працаваў, часу на грамадскую актыўнасць не заставалася, але пайшоў на заслужаны адпачынак — і закруцілася. У двары дома на вуліцы Караля, дзе жыла ўнучка, упрыгожыў яркім пейзажам сцены трансфарматарнай падстанцыі, на наступны год зрабіў такі ж аб’ект у сваім двары.
Тады ж змяніўся ганак пад’езда, а за ім і сцены на першым і трэцім паверхах.
Чытайце таксама:
Ці праўда, што за кветнікі каля пад'езда цяпер будуць штрафаваць?
У Беларусі вывелі першы ўласны сорт вінаграду для сухога віна
Раздзяляльныя палосы галоўных магістраляў Мінска ўпрыгожылі восем тысяч скрыняў з віёламі