У Цнянцы пад Мінскам плануюць пабудаваць новы жылы квартал
Пад Мінскам можа з'явіцца новы жылы комплекс пад назвай «Мост». Яго плануюць пабудаваць у вёсцы Цнянка на беразе ракі, якая, паводле праекта, будзе праходзіць праз тэрыторыю квартала, піша Office Life.
Фота: kvartalmost.by
Раён для забудовы знаходзіцца побач з комплексам «Паўночны бераг», дзе ўжо развіваецца сучасная гарадская інфраструктура. Побач размешчаны прыватны сектар, без шматпавярховай забудовы.
Для рэалізацыі праекта створаная кампанія-забудоўшчык «Буд-АнДзі», якая ўжо адкрыла папярэдні запіс для патэнцыйных купцоў, каб ацаніць попыт.
Праект прадугледжвае будаўніцтва 11‑ці чатырохпавярховых урбан-віл і 36 таўнхаусаў вышынёй два-тры паверхі. Прадугледжаныя панарамныя вокны і столі вышынёй тры метры. Плошча кватэр складзе ад 55 да 172 квадратных метраў, а таўнхаусаў — ад 117 да 146 квадратных метраў.
Таксама плануецца ўпарадкаваць тэрыторыю ўздоўж ракі: стварыць пешаходную зону, абсталяваць спартыўныя пляцоўкі, пірс, пясчаны пляж і лазню.
Паводле задумы, новы квартал павінен стаць жылым комплексам павышанага ўзроўню камфорту. Аднак рэалізацыя праекта пакуль знаходзіцца на стадыі падрыхтоўкі.
Чытайце таксама:
У Мінску плануюць пабудаваць новы магістральны дажджавы калектар
Падземны пераход са шклянымі кубамі на Арлоўскай амаль гатовы
Упершыню з 2000 года: у Мінску будуюць новую трамвайную канцавую
Пусты ўчастак у прыгарадзе Мінска прадалі за 192 тысячы даляраў
У Мінску пачалі прадаваць катэджы ў новым закрытым пасёлку. Дзе ён знаходзіцца?