Нерухомасць33

У Мінску пачалі прадаваць катэджы ў новым закрытым пасёлку. Дзе ён знаходзіцца?

За самыя танныя дамы ў новым закрытым пасёлку «Утульны» просяць больш за $930 тысяч. Гэта за двухпавярховыя катэджы плошчай да 271 квадратнага метра з чатырма спальнямі, вялікай кухняй-гасцёўняй, тэрасамі і ўласнай лазняй або саўнай.

Фота: Realt.by

Лясны масіў паміж Парніковай, Падлеснай і Анаева яшчэ ў савецкія часы быў своеасаблівым закрытым светам. Тут знаходзіўся комплекс дач Савета міністраў БССР, а пасля распаду СССР працавалі рэстаран і прыватны дзіцячы садок. Сёння тэрыторыя паступова ператвараецца ў адзін з самых дарагіх кварталаў катэджнай забудовы Мінска. Нягледзячы на блізкасць да праспекта Незалежнасці, Нацыянальнай бібліятэкі і станцыі метро «Усход», квартал, адведзены пад жылы комплекс «Утульны», фактычна схаваны ў лесе каля Сцяпянкі

Улетку 2024 года пры будаўніцтве квартала былі знойдзены касцяныя чалавечыя парэшткі 75 мужчын і жанчын, а таксама гільзы і асабістыя рэчы забітых. Яны былі перапахаваны на Чыжоўскіх могілках як «ахвяры генацыду беларускага народа ў Вялікай Айчыннай вайне». Пры гэтым ніякіх сведчанняў пра расстрэлы мірных жыхароў у гэтым месцы пракуратура так і не выявіла. У той жа час менавіта гэтае месца мясцовыя жыхары называлі адным з месцаў расстрэлаў у часы савецкіх рэпрэсій 1930‑х гадоў.

Рэч у тым, што менавіта ў гэтым раёне знаходзілася дача Лаўрэнція Цанавы — кіраўніка НКВД і органаў дзяржаўнай бяспекі БССР у 1938—1941 і 1943—1951 гадах, аднаго з ключавых арганізатараў сталінскага тэрору ў Беларусі.

Так што месца злавеснае.

Фота: uyutnyi.by

Як паведамляе Realt.by, праект «Мінскбуда» прадугледжвае будаўніцтва на тэрыторыі комплекса каля сотні асобных катэджаў. Цяпер у продаж паступілі 33 катэджы двух тыпаў. Дваццаць дамоў тыпу П250 маюць плошчу каля 259 квадратных метраў, яшчэ трынаццаць дамоў тыпу П270 — каля 271 квадратнага метра.

Фота: minskstroy.by

Будаўніцтва ўжо набліжаецца да завяршэння. Паводле інфармацыі забудоўшчыка, гатоўнасць некаторых аб'ектаў дасягае 80%. Адначасова працягваецца ўпарадкаванне тэрыторыі: пракладваюцца пешаходныя дарожкі, уладкоўваюцца праезды і разваротныя пляцоўкі.

Усе катэджы двухпавярховыя. Яны пабудаваныя па маналітна-каркаснай схеме з жалезабетоннымі калонамі і сценамі з керамзітабетонных блокаў. Фасады ўцепленыя і атынкаваныя, дах — скатны.

Фота: Realt.by

Першы паверх адведзены пад агульную зону. Тут размяшчаюцца пярэдні пакой, міні-кацельня, гаспадарчае памяшканне, гасцявы санвузел, а таксама адкрытая прастора, якая аб'ядноўвае кухню, сталовую і гасціную. Да дома прымыкаюць тэрасы і навес для аўтамабіля.

Асноўнае адрозненне паміж двума тыпамі катэджаў — зона адпачынку на першым паверсе. У дамах тыпу П250 прадугледжана лазня з парылкай, душам, зонай для адпачынку і выхадам на тэрасу. У большых дамах тыпу П270 замест лазні размесцяць саўну з асобным санвузлом і зонай адпачынку.

Фота: Realt.by

На другім паверсе знаходзяцца чатыры жылыя пакоі. Адна спальня мае ўласны санвузел, яшчэ адзін агульны санвузел прызначаны для астатніх жыхароў дома. Таксама прадугледжаныя гардэробная і тэраса.

Катэджы будуць здавацца без чыставога абраблення. Унутры забудоўшчык выканае тынкоўку сцен, падрыхтоўку паверхняў і сцяжку падлогі. Усталююць драўляныя вокны з двухкамернымі шклопакетамі, падвядуць усе інжынерныя камунікацыі і падключаць газавае ацяпленне.

Фота: Realt.by

Кошт залежыць ад спосабу аплаты. Пры стопрацэнтнай аднаразовай аплаце квадратны метр каштуе 10 тысяч рублёў. Калі выкарыстоўваецца растэрміноўка або банкаўскі крэдыт, цана ўзрастае да 10 416 рублёў за квадратны метр.

У выніку самы даступны катэдж тыпу П250 абыдзецца ў 2,59 мільёна рублёў, або прыкладна ў $933 тысячы. За дом тыпу П270 давядзецца заплаціць каля 2,76 мільёна рублёў — амаль $995 тысяч. Заявы на заключэнне дамоваў прымаюцца з 19 чэрвеня.

Дарэчы, гэта ўжо не першы этап продажаў у «Утульным». Яшчэ ў сакавіку гэтага года забудоўшчык выставіў на рынак таўнхаусы. Тады за двухпавярховыя секцыі плошчай каля 206 квадратных метраў прасілі ў эквіваленце каля 420 тысяч даляраў. Пабудаваць першыя абяцалі да снежня гэтага года. 

Праўда, цалкам катэджным гэты квартал не будзе. Праект прадугледжвае будаўніцтва не толькі асобных дамоў і таўнхаусаў, але двух шматкватэрных дамоў пераменнай павярховасці на 354 кватэры. Ужо ў ліпені адбудзецца аўкцыён па продажу гатовых кватэр у доме нумар 2. У планах — дзіцячы садок на 60 месцаў і гандлёвы цэнтр. Таму з часам тэрыторыя былых урадавых дач ператворыцца ў паўнавартасны жылы мікрараёнчык.

Каментары3

  • абы
    19.06.2026
    абы што нейкае
  • Ёсік
    19.06.2026
    А навошта падводзіць расейскі газ, які аднойчы могуць адключыць, калі ёсьць танная электрычнасьць з Астраўца?
  • Хрыч
    19.06.2026
    Местная Ылитка и расеянцы будут довольны

Цяпер чытаюць

Зяленскі: Даю Лукашэнку тыдзень79

Зяленскі: Даю Лукашэнку тыдзень

Усе навіны →
Усе навіны

У 29 гадоў памёр прадзюсар Дрэйка і Беёнсе Тэй Кіт

У Бярозе вярнуліся да аднаўлення знакамітага кляштара картэзіянцаў7

Канада дэкласавала Катар, а Мексіка першай выйшла ў плэй-оф2

Чаму асобныя аб’екты са спіса Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА змагаюцца за выключэнне з яго?2

Рэшткі старадаўняга будынка і артэфакты XVII стагоддзя знайшлі ў цэнтры Пінска камунальнікі

Памёр гісторык Карла Гінзбург, які пісаў пра жыццё тых, каго звыклі не заўважаць

Сваімі ж рукамі. Крышку рэзервуара Маскоўскага НПЗ магла падарваць расійская ракета СПА14

Стан пацярпелага ў Бранскай вобласці дзіцяці застаецца цяжкім: ён падключаны да ШВЛ, дактары рыхтуюцца да аперацыі

У Францыі затрымалі беларуса за шпіянаж і спробу падпалу завода, які вырабляе баявыя дроны1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Зяленскі: Даю Лукашэнку тыдзень79

Зяленскі: Даю Лукашэнку тыдзень

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць